7 траўня 2024, aўторак, 12:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам нагадалі пра дэвальвацыю

10
Беларусам нагадалі пра дэвальвацыю

Кошты ў краіне чарговы раз пайшлі ў рост.

Напярэдадні выходных у Беларусі сёмы раз сёлета падаражэў бензін. Паводле статыстыкі, тыя кошты, якія рэгулюе дзяржава, выраслі за год амаль на 10%. На фоне спадальнага беларускага рубля насельніцтва зноў прыгадала пра дэвальвацыю, піша «Незалежная газета».

Прычыны, якія вярнулі ў лексікон беларусаў ужо трохі забытае слова «дэвальвацыя», маюць зусім розную аснову, але іх аб'ядноўваюць памылкі эканамічнай палітыкі. Вынікам становіцца зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва.

Кошты бензіну дзяржава пачала падымаць з лютага сёлета. Кожнае падаражанне дадае да кошту адну капейку. У выніку паліва стала даражэйшым амаль на 6%. Канцэрн "Белнафтахім" тлумачыць падаражанне пераходам да новага механізму коштаўтварэння. Цяпер кошт паліва залежыць ад кошту нафты, курсу валютаў і фінансавага становішча беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў (НПЗ). У канцэрне абяцаюць, што кошты могуць не толькі расці, але і падаць, калі кан'юнктура складзецца адпаведным чынам.

Дарэчы, адна з задачаў, якія ставіць перад сабой канцэрн, павялічваючы кошт бензіну, – дагнаць расейскія кошты. У святле рэзкага падзення расейскага рубля, якое здарылася на мінулым тыдні, гэтую задачу ўжо можна меркаваць выкананай. З суботы 14 красавіка ў пераліку на расейскія рублі кошт 1 літра бензіну АІ -92-К5-Еўра складае 38,83, АІ-95-К5-Еўра – 41,28, АІ-98-К5-Еўра – 47,7, ДП – 41,58 расейскага рубля. У мясцовых СМІ са спасылкай на кампетэнтныя крыніцы ў канцэрне «Белнафтахім» ужо распаўсюдзілася інфармацыя, што калі расейская валюта не згуляе свае пазіцыі, то пакуль беларусам не варта чакаць чарговага падаражання.

Праўда, «пагоня» за расейскімі коштамі – не адзіная прычына падаражання бензіну. Галоўная – усё ж фінансавыя праблемы беларускіх НПЗ, якія ўлады спрабуюць развязаць за кошт насельніцтва. Дзяржава задумала іх маштабную мадэрнізацыю, каб павысіць глыбіню перапрацоўкі нафты і паспець гэта зрабіць да таго, як Расея зробіць падатковы манеўр у нафтавай сферы (павялічыць падатак на здабычу карысных выкапняў і адмовіцца ад нафтавых экспартных мытаў), а цяпер ёй не хапае грошай, каб яе скончыць. Падатковы манеўр у Расеі для Беларусі азначае тое, што ёй давядзецца набываць нафту паводле сусветных коштаў, а не танней на 20%, як гэта адбываецца цяпер. Павелічэнне глыбіні перапрацоўкі нафты дазволіла б захаваць рэнтабельнасць НПЗ на нейкім прымальным узроўні. Акрамя таго, пацерпіць бюджэт Беларусі, у які цяпер паступаюць нафтавыя экспартныя мыты. Паводле разлікаў Мінфіна, страты складуць блізу 2 млрд дал., або блізу 4% ВУП.

Незалежныя эксперты чарговы раз паўтараюць, што такія праблемы з'яўляюцца вынікам недальнабачнасці ўладаў, якія зрабілі стаўку на галіны, не забяспечаныя ўласнымі рэсурсамі. Нафтаперапрацоўка – гэта больш за 20% беларускага экспарту і блізу 25% – прамысловай вытворчасці. У той час як трэба было выбудоўваць сваю незалежную эканоміку, Лукашэнка зрабіў стаўку на аднаўленне яе структуры савецкага ўзору, усталяваўшы поўную залежнасць ад расейскага рынку, кажуць мясцовыя эканамісты.

Лагічна, што зніжэнне попыту на расейскім рынку, якое пачало прагрэсаваць у апошнія гады, аслабіла беларускую эканоміку, улады не могуць ужо забяспечваць той узровень сацыяльнай падтрымкі, які быў раней, і паступова скарачаюць датацыі галінаў, якія робяць паслугі насельніцтву. Як вынік растуць кошты жыллёва-камунальных паслуг. Паводле апошніх статыстычных звестак, за год яны дадалі ў кошце 18,9%. Каналізацыя, напрыклад, падаражэла амаль на 45%, вада – на 33,5%, электрычнасць – на 16,3%, ацяпленне – на 15,8%.

Усяго спажывецкія кошты выраслі за 3 месяцы на 2,5%. Нават калі захаваецца такі тэмп, улады не ўпішуцца ў планавыя 6% паводле вынікаў года. Пакуль жа ўсё кажа пра тое, што рост коштаў можа нават паскорыцца. Урад больш не стрымлівае попыт насельніцтва – заробак павышаецца, крэдыты таннеюць. Усе прывыклі да таго, што кошты ўвесь час растуць, таму і вытворцы, і гандаль іх таксама пастаянна павышаюць. «Высокія інфляцыйныя чаканні», – кажа з гэтай нагоды Нацбанк Беларусі і называе гэты чыннік адным з асноўных, якія ўплываюць на рост коштаў.

На беларускім рынку вельмі вялікая дзель імпарту, таму падзенне курсу беларускага рубля, які на мінулым тыдні накіраваўся за расейскім, пагражае стаць яшчэ адным чыннікам рызыкі. Па-першае, павялічыцца кошт імпартных тавараў, па-другое, вырасце попыт на замежную валюту.

На інтэрнэт-форумах, у кухнях і на старонках недзяржаўных газетаў зноў абмяркоўваецца пытанне, ці не час бегчы мяняць беларускія рублі, што таннеюць, на даляры ці еўры і ці не пагражае краіне чарговая дэвальвацыя. Эксперты, праўда, рэкамендуюць яшчэ не панікаваць. У першую чаргу таму, што ўлада пакуль не вярнулася да практыкі друкавання пустых грошай, што, уласна кажучы, у папярэднія гады і прыводзіла да дэвальвацыі. Эканамісты тлумачаць, што заробак беларусаў вырас за кошт вымывання грошай з прадпрыемстваў, а дзяржпадтрымка гэтым прадпрыемствам робіцца за кошт памяншэння сацыяльных праграмаў. У выніку, праўда, насельніцтва ўсё адно робіцца крайнім – падвышаны заробак ідзе на аплату павышаных тарыфаў і коштаў, узровень жыцця як мінімум не расце, як максімум – падае, а нестабільнасць на валютным рынку стварае нервовасць і няўпэўненасць.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках