25 красавiка 2024, Чацвер, 1:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сем недарэчных міфаў, у якія людзі вераць нават у XXI стагоддзі

18
Сем недарэчных міфаў, у якія людзі вераць нават у XXI стагоддзі

Некаторыя людзі да гэтага часу цвёрда ўпэўненыя, што Зямля плоская, а да Месяца ніхто не лётаў.

Думаеце, забабоны і антынавуковыя памылкі даўно засталіся ў мінулым? Зусім не, і мы знайшлі таму некалькі доказаў: некаторыя людзі да гэтага часу цвёрда ўпэўненыя, што Зямля плоская, да Месяца ніхто не лётаў, карычневыя каровы даюць шакаладнае малако, а дыназаўраў ніколі не існавала.

AdMe.ru прапануе вашай увазе 7 недарэчных, але даволі ўстойлівых міфаў, веру ў якія пакуль не атрымалася развеяць ніякаму навуковаму прагрэсу.

Зямля плоская, а навукоўцы нас падманваюць

Мабыць, найбольшае здзіўленне выклікае нават не сам факт наяўнасці людзей, якія шчыра вераць, што наша планета плоская, а тое, што ў іх ёсць свая арганізацыя, прычым даволі шматлікая, – Таварыства плоскай Зямлі. Чальцы гэтага таварыства мяркуюць, што гравітацыі не існуе, гэтаксама, як не існуе і Антарктыды, а фатаграфіі з космасу – падробкі.

На думку асобных прадстаўнікоў гэтай плыні, Аўстралія таксама з'яўляецца выдуманым кантынентам, а ўсе аўстралійцы і тыя, хто наведваў гэтую частку свету, – спецыяльна нанятыя акцёры. Кожны мае права на сваё меркаванне, але ці не падаецца вам, што прыкладаць такія намаганні для ўтойвання «праўды» і стварэння велізарнай колькасці «падробак» проста бессэнсоўна?

Высадка на Месяц – містыфікацыя

Нягледзячы на ўсе прапанаваныя доказы, прыхільнікі тэорый месяцовай змовы прадаўжаюць паўтараць, што нага чалавека ніколі не ступала на Месяц, а ўсе відэа і фота з паверхні нашага натуральнага спадарожніка былі знятыя ў студыі. Што ж, некаторыя месяцовыя фоты пасля гама-карэкцыі і на самай справе выглядаюць падазрона – на іх відавочныя сляды рэтушы. Але ў гэтым няма нічога дзіўнага, паколькі рэтуш часта ўжываецца для паляпшэння якасці здымкаў, у тым ліку і атрыманых сучаснымі спадарожнікамі.

Самыя магутныя людзі на Зямлі – рэптылоіды-ілюмінаты

У той час як адны людзі люта адмаўляюць існаванне іншапланетнікаў, іншыя вераць, што яны ўжо вельмі даўно жывуць сярод людзей і нават кіруюць імі. Прыхільнікі падобных тэорый запісваюць да «рэптылоідаў» практычна ўсіх магутных людзей планеты, напрыклад каралеву Лізавету II і яе родных, Марка Цукерберга, сям'ю Ракфелераў і Ротшыльдаў, большасць амерыканскіх прэзідэнтаў і многіх іншых. Што ж, гэта нават не дзіўна – усе мы ведаем, як часта паспяховыя людзі становяцца аб'ектамі самых невераемных чутак.

Пол будучага дзіцяці залежыць выключна ад жанчыны

Насамрэч велізарны зман, у які ўпарта прадаўжаюць верыць тыя, хто не аддаваў належнай увагі ўрокам біялогіі ў школе. Рэч у тым, што мы атрымліваем роўна палову храмасомаў ад кожнага з бацькоў (23 ад таты і 23 ад мамы), а Y-храмасому, неабходную для зачацця хлопчыка, можна атрымаць толькі ад бацькі – у маці яе папросту няма.

Няведанне гэтага спараджае масу бессэнсоўных рытуалаў, якія забабонныя людзі і так званыя лекары рэкамендуюць будучым маці (у тым ліку і ўжо цяжарным) для з'яўлення на свет дзіцяці жаданага полу. Не кажучы ўжо пра жахлівыя ў сваёй абсурднасці папрокі ад мужоў, якія мяркуюць, што жонка можа «кіраваць» полам будучага дзіцяці.

Вакцынаванне небяспечнае для здароўя

Гады шматлікіх даследаванняў, у якіх удзельнічалі больш за 1 млн дзяцей, так і не даказалі, што прышчэпкі ўплываюць на развіццё аўтызму. Але прыхільнікаў антыпрышчэпкавага руху гэта не бянтэжыць, і яны па-ранейшаму мяркуюць, што вакцынаванне «разбурае» натуральны імунітэт дзяцей і выклікае небяспечныя захворванні.

На самай справе сур'ёзныя ўскладненні пасля прышчэпак узнікаюць толькі ў адным выпадку на дзясяткі тысячаў вакцынацый, а выпадкаў з цяжкімі наступствамі яшчэ менш. Паводле статыстыкі выкарыстання і невыкарыстання імунапрафілактыкі, вакцынацыя эфектыўная нават пры наяўнасці рызык ускладненняў. А ў краінах, дзе адбываліся масавыя адмовы ад прышчэпак, узнікалі эпідэміі менавіта тых захворванняў, вакцынацыя ад якіх спынялася.

Магчыма, праціўнікі прышчэпак не задумваюцца аб тым, што засталося ў мінулым дзякуючы своечасовай вакцынацыі. Напрыклад, спецыяльная баракамера пад назвай «жалезныя лёгкія», у якой хворыя на поліяміеліт вымушаныя былі праводзіць большую частку дня. На шчасце, дзяўчынка з імем Флосі Роджэрс, якую вы бачыце на фота, паправілася, вырасла і стала медсястрой у той самай лякарні, дзе яе калісьці лячылі.

Але ў свеце яшчэ засталіся некалькі чалавек, якія нарадзіліся да вынаходства вакцыны ад поліяміеліту і да гэтага часу карыстаюцца гэтым жудасным апаратам, без якога іх чакае немінучая смерць ад удушша. Як кажа адзін з іх, Пол Аляксандр (Paul Alexander), многія людзі сёння не маюць паняцця пра гэтае захворванне, і ён асцерагаецца, што поліяміеліт аднойчы вернецца ў ягоную краіну. Дарэчы, гэтая хвароба па-ранейшаму распаўсюджаная ў такіх краінах, як Нігерыя, Самалі, Пакістан і Афганістан, дзе вакцынацыя знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні.

Дыназаўраў ніколі не існавала, а іхнія шкілеты – падробка

Некаторыя прыхільнікі канспіратыўных тэорый мяркуюць, быццам дыназаўры ніколі не існавалі, а выстаўленыя ў музеях шкілеты і яйкі гэтых істотаў – гэта не сапраўдныя знаходкі, а падробкі, створаныя навукоўцамі. У якасці аднаго з аргументаў сваёй рацыі гэтыя людзі прыводзяць Біблію, у якой дыназаўры не згадваюцца. Затое ў ёй ажно 8 разоў згаданыя аднарогі, што, відаць, з'яўляецца пераканальным доказам іхняга існавання.

Не будзем спрачацца, але ўсё ж спытаем: нашто навуковай супольнасці цягам столькіх гадоў фабрыкаваць сведчанні існавання гэтых велізарных жывёлаў?

Карычневыя каровы даюць шакаладнае малако

Гучыць як показка, але, паводле вынікаў апытання, 10% дарослых амерыканцаў думаюць, быццам шакаладнае малако атрымліваюць ад карычневых кароваў. Не зусім зразумела, як ім такое прыйшло ў галаву, хоць можна выказаць здагадку, што на гэтую думку іх навялі карычневыя яйкі, якія нясуць карычневыя куры.

Зрэшты, харчовыя памылкі – рэч не новая. Вам, напэўна, вядомы выпадак, калі ў 1957 годзе кампанія BBC у якасці першакрасавіцкага жарту выпусціла сюжэт пра «небывалы ўраджай спагеці» ў Швэйцарыі. Тады многія гледачы прынялі жарт за чыстую манету і пачалі тэлефанаваць у тэлекампанію з пытаннямі, дзе можна набыць «дрэвы, на якіх растуць спагеці».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках