23 траўня 2024, Чацвер, 8:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску выявілі выпадак адру

2
У Менску выявілі выпадак адру

Дзіця не было прышчэпленае, сям'я вярнулася з Егіпта ды Украіны.

У Менску медыкі знайшлі выпадак адру. На гэты раз дзіця таксама не было прышчэпленае, бо бацькі адмовіліся ад вакцынацыі. Пра гэта tut.by паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Устаноўлена, што дзіця заразілася на адзёр падчас турыстычнай паездкі ў Егіпет і Украіну. У Міністэрстве аховы здароўя адзначылі, што ў сувязі з рэгістрацыяй выпадку адру праводзіцца поўны комплекс санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

Нагадаем, што нядаўна тры выпадкі адру дыягнаставалі ў Маларыцкім раёне Берасцейскай вобласці. Усе пацыенты не былі прышчэпленыя. Паведамлялася, што пад наглядам лекараў знаходзяцца яшчэ 10 чалавек, якія ўступалі ў кантакт з хворымі. Паводле папярэдняй версіі, адзёр прывёз грамадзянін Украіны, які прыехаў у Беларусь пагасціць.

Першы выпадак адру ў краіне ў гэтым годзе выявілі ў Ваўкавыску ў пяцігадовай дзяўчынкі ў канцы лютага. Яна не была прышчэпленая, бо бацькі адмовіліся ад вакцынацыі. Крыніцу інфекцыі так і не знайшлі. Гэта значыць дзіця дзесьці магло кантактаваць з чалавекам з прыкметамі адру. Адзёр ў пачатку захворвання выяўляецца як ВРВІ, і ніхто не западозрыць адзёр, калі чалавек не быў за мяжой. Вірус, які выявілі ў Ваўкавыску, раней не цыркуляваў у нашай краіне.

У цэлым на другую палову красавіка ў Гомельскай вобласці было зарэгістравана 11 выпадкаў адру, у Берасцейскай - 4 (з улікам апошніх выпадкаў у Маларыцкім раёне), у Гарадзенскай - 28 выпадкаў.

У мінулым годзе ў нас быў зафіксаваны толькі адзін выпадак завезенага адру. Распаўсюджвання ён не атрымаў дзякуючы высокаму ахопу прафілактычнымі прышчэпкамі.

Адзёр - гэта аэразольная інфекцыя: каб захварэць, досыць пабыць у адным памяшканні з тым, хто ўжо хворы. Інкубацыйны перыяд (ад моманту заражэння да з'яўлення сімптомаў) - 10-18 дзён, максімальны - 21 дзень.

За 2016-2017 гады ахоп прафілактычнымі прышчэпкамі ў Беларусі склаў 98%. А гэта перасягае рэкамендаваны Сусветнай арганізацыяй здароўя ўзровень на 97% сярод дзяцей.

У чалавека, якому рабілі прышчэпкі ад адру, мізэрная імавернасць захварэць. Нават калі такі чалавек захварэе, прышчэпка дапаможа выключыць смяротны зыход, ускладненні і хвароба будзе працякаць у больш лёгкай форме.

Нацыянальны каляндар прадугледжвае прафілактычныя прышчэпкі ад адру ў 1 год і ў 6 гадоў. Абарону забяспечваюць менавіта дзве прышчэпкі. Медыкі раяць, калі звестак аб прышчэпках няма або вядома толькі пра адну прышчэпку ад адру, ці вы не хварэлі на адзёр раней, варта зрабіць прышчэпку нават даросламу не пазней як за месяц да паездкі ў іншую краіну, дзе цяпер неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя. Напрыклад, Украіну і краіны ЕЗ.

Калі ў вас падвысілася тэмпература, з'явіўся сып, болі ў горле, кашаль, запаленне слізістая вачэй, трэба неадкладна звяртацца да лекара. І калі вы да гэтага былі ў краінах ЕЗ або Украіне, пра гэта таксама трэба распавесці лекару.

Са звестак Еўрапейскага цэнтра кантролю і прафілактыцы захворванняў, у Еўропе працягваецца ўспышка адру. На 16 красавіка 2018 года зарэгістравана больш за 15 000 выпадкаў адру. Найбольшая колькасць - у Сербіі, Грэцыі, Румыніі, Францыі ды Італіі, у тым ліку 13 смяротных выпадкаў.

Цяпер адзін з самых вялікіх асяродкаў адру зафіксаваны ва Украіне. На 3 красавіка 2018 года там зарэгістравана больш за 9000 выпадкаў адру, уключаючы сем смяротных.

Больш за 80% тых, хто захварэў на адзёр у Еўропе не былі раней прышчэпленыя, што абумовіла распаўсюджванне інфекцыі. Прычына нізкіх прафілактычных прышчэпак супраць адру ў асобных краінах - рост колькасці адмоў ад вакцынацыі, які пачаўся з 2010 года.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках