Пасля сваркі з дырэктаркай вучаніца парэзала вены і скокнула з моста
15- 24.04.2018, 15:09
- 25,463
У Гомелі 17-гадовая сірата пасля сваркі з дырэктаркай каледжа парэзала вены ў прыбіральні, а потым скокнула з моста.
10 красавіка з аўтамабільнага моста ў Сож скокнула 17-гадовая навучэнка аднаго з гомельскіх каледжаў. Пазней стала вядома, што гэта была яе другая спроба суіцыду ў той дзень.
Як распавялі nn.by крыніцы ў каледжы, апошняй кропляй для дзяўчынкі стала лупцоўка, якую дырэктар установы адукацыі публічна зладзіў проста падчас заняткаў.
«Ішлі заняткі, але выкладчыка не было. Навучэнцы размаўлялі паміж сабой. Нечакана ў кабінет увайшла дырэктарка, абвяла позіркам і спынілася на той самай дзяўчыне. Не ведаю чаму, можа, проста не пашанцавала, бо дзяўчына бліжэй за ўсіх да яе сядзела, - распавядае суразмоўца. - Дзяўчына сядзела з тэлефонам і аблізвала чупа-чупс. Карацей, дырэктарка накінулася на яе і стала крычаць, каб тая выкінула цукерку, ледзь не выхапіла чупа-чупс у дзяўчыны з рота. Добра, выкінула. Тады дырэктарка пачала крычаць, маўляў, чаму гэтая дзяўчына сядзіць з тэлефонам, стала яго вырываць».
Тэлефон дырэктарка адабрала, вывела дзяўчыну ў калідор, дзе прадоўжыла гучна яе бэсціць, сцвярджае суразмоўца.
«Праз пару хвілін дзяўчына вярнулася ў кабінет. Пакапалася ў сваёй сумцы і выйшла. Падумалі, можа, пайшла плакаць. Але пазней высветлілася, што яна спрабавала парэзаць вены ў прыбіральні», - прадаўжае сведка.
Дзяўчыну адвялі да мясцовага псіхолага. Што было далей - невядома. Але ў той жа дзень яна скокнула з моста ў Сож.
Гэтую гісторыю паўтарылі некалькі навучэнцаў з каледжа.
Дырэктарка каледжа паведаміла, што такая версія падзеяў - хлусня. Маўляў, на дзяўчынку яна не крычала і сваркі не было.
Мясцовыя СМІ пісалі, што пасля скачка ў раку дзяўчына трапіла ў рэанімацыю. Навучэнцы каледжа кажуць інакш, маўляў, сітуацыя выявілася не такой сур'ёзнай.
«Людзі бачылі, што яна выплыла самастойна. Аднакурсніцу ўжо чакаюць, а ў шпіталь ёй носяць канспекты прапушчаных ёю заняткаў», - кажа суразмоўца з каледжа. Ён паведамляе, што дзяўчына адкараскалася толькі сінякамі. Цяпер ёй надаюць псіхалагічную дапамогу, таму яна пакуль не вярнулася на вучобу.
У горадзе ходзяць чуткі, быццам дырэктарка пасля здарэння правяла сход, на якім спрабавала высветліць, ці не звязвае хтосьці тую сварку з наступнымі падзеямі.
Але навучэнцы гэта не пацвердзілі.
«Дырэктарка сапраўды праводзіла сход, але не згадвала, што хтосьці вінаваты ці ўвогуле хтосьці мае дачыненне да гісторыі. Усё абмежавалася слёзнай прамовай аб тым, што падлеткі сёння жорсткія, што трэба адзін аднаго паважаць і што інтэрнэт - гэта зло», - кажуць вучні.
Вядома, што дзяўчына - сірата. Жыве яна ў інтэрнаце, а дырэктарка каледжа ўважаецца за сацыяльную апякунку дзяўчыны.