10 жнiўня 2026, панядзелак, 22:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна палюе на расійскія «Іскандэры»

Украіна палюе на расійскія «Іскандэры»

Ваенны эксперт назваў два сцэнары знішчэння балістычных пускавых устаноўак у Расіі.

Расія запускае балістычныя ракеты з мабільных комплексаў «Іскандэр-М», якія пасля выхаду са сховішча хутка займаюць агнявую пазіцыю, выконваюць пуск і пакідаюць яе. Таму галоўная складанасць для Украіны не толькі ў тым, каб выявіць такую ўстаноўку, але і паспець знішчыць яе за кароткі прамежак часу.

Ваенны эксперт, заснавальнік фонду «Рэактыўная пошта» Павал Нарожны у эфіры «24 Канал» патлумачыў, пры якіх умовах Сілы абароны Украіны могуць «злавіць» расійскія пускавыя ўстаноўкі і чаму для аднаго са сцэнарыяў крытычна важна мець уласныя балістычныя ракеты. Ён таксама апісаў іншы, пакуль значна больш складаны варыянт палявання на «Іскандэры» ў расійскім тыле.

Як Украіна можа «злавіць» расійскія пускавыя ўстаноўкі?

У Расіі можа быць да сотні пускавых устаноўак «Іскандэр-М», аднак раён іх магчымога прымянення можна пэўным чынам звузіць. Вядомыя максімальная дальнасць дзеяння комплексу – каля 500 кіламетраў – і накірункі папярэдніх пускаў. Акрамя таго, для запуску ракеты патрэбны адпаведны ўчастак без перашкод на яе траекторыі, у прыватнасці будынкаў, дрэў або рэльефу, што будзе перашкаджаць запуску.

- Ці можам мы іх злавіць? Абсалютна рэальна. «Іскандэр-М» – гэта дастаткова вялікая і характэрная машына, якая моцна адрозніваецца ад грамадзянскіх грузавікоў. Калі яна выязджае са свайго сховішча, спадарожнік можа яе ўбачыць, – патлумачыў Нарожны.

Знішчыць комплекс непасрэдна падчас руху значна складаней. Больш рэалістычна дзейнічаць у момант, калі ўстаноўка ўжо прыбыла на агнявую пазіцыю і на некалькі хвілін спынілася перад пускам. Для такога ўдару патрэбны сродак, здольны вельмі хутка пераадолець адлегласць ад Украіны да мэты.

- На агнявой пазіцыі яна знаходзіцца некалькі хвілін. Гэгага дастаткова, каб мы з тэрыторыі Украіны балістычнай ракетай са хуткасцю тры Махі або больш маглі яе знішчыць. Але трэба мець менавіта гэтыя ракеты, – падкрэсліў ваенны эксперт.

У цяперашніх умовах менавіта адсутнасць дастатковай колькасці ўласных балістычных ракет істотна ўскладняе такія ўдары.

Другі сцэнар – дроны над Расіяй

Іншы варыянт палявання на расійскія пускавыя ўстаноўкі значна складаней і пакуль хутчэй тэарэтычны. Для яго Украіне патрэбная стабільная спадарожнікавая сувязь над тэрыторыяй Расіі, якая дазволіла б кіраваць ударнымі дронамі ўжо непасрэдна ў тыле праціўніка.

- Калі дамовіцца са SpaceX і нам уключаць сувязь на тэрыторыі ворага, тады тэарэтычна можна стварыць носьбіт дронаў, – распавёў Нарожны.

Такой платформай магла б стаць, напрыклад, крылатая ракета «Нептун», якая несла б некалькі баражуючых боепрыпасаў. Яе можна было б загадзя накіраваць у раён верагоднага запуску, а пасля выяўлення «Іскандэра» выпусціць дроны ўжо паблізу ад мэты.

- Мы бачым, што пускавая ўстаноўка набліжаецца да агнявой пазіцыі, з «Нептуна» вылятаюць дроны і праз Starlink знішчаюць яе. Цяпер гэта больш падобна да фантастыкі, але ў будучыні такі сцэнар можна рэалізаваць, – патлумачыў ваенны эксперт.

Рэалізацыя гэтага варыянту наўпрост залежыць ад магчымасці выкарыстоўваць спадарожнікавую сетку SpaceX над Расіяй. Пакуль такіх умоў няма, гэты спосаб застаецца перспектыўнай канцэпцыяй, а не гатовым рашэннем для Сіл абароны Украіны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках