23 траўня 2024, Чацвер, 9:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сем фактаў пра Нікола Пашыняна, абвясціўшага «аксамітную рэвалюцыю» ў Арменіі

3
Сем фактаў пра Нікола Пашыняна, абвясціўшага «аксамітную рэвалюцыю» ў Арменіі
НІКОЛ ПАШЫНЯН

Лідар пратэстнага руху Арменіі не збіраецца спыняцца на дасягнутым.

Лідар пратэстнага руху Арменіі Нікол Пашынян 25 красавіка заклікаў сваіх прыхільнікаў правесці новую дэманстрацыю, заявіўшы, што кіроўная Рэспубліканская партыя Арменіі хоча скарыстацца адстаўкай прэм'ера Сержа Саргсяна і захаваць уладу.

Ён патрабуе, каб новы прэм'ер-міністр не быў з кіроўнай партыі. Пасля аднаўлення пратэстаў і зрыву перамоваў Пашыняна з в. а. прэм'ера Карэнам Карапецянам паліцыя Арменіі пачала сцягваць у цэнтр Ерэвана сілы і спецтэхніку.

«Новое время» прыводзіць сем фактаў пра Нікола Пашыняна, які стаў тварам пратэстнага руху і не збіраецца спыняцца на дасягнутым.

1. Адлічылі з універсітэта за палітычныя погляды

Нікол Пашынян нарадзіўся 1 чэрвеня 1975 года, цяпер яму 42 гады.

У 1995 годзе Нікола Пашыняна адлічылі з пятага курса аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта Ерэванскага дзяржаўнага ўніверсітэта з фармулёўкай «за ненаведванне заняткаў». Сапраўднай прычынай адлічэння стала ягонае супрацоўніцтва з апазіцыйнай газетай «Лрагір» - кіраўніцтву ўніверсітэта не падабаліся ягоныя артыкулы.

Пасля адлічэння Пашынян супрацоўнічаў з некалькімі армянскімі выданнямі, а ў 1999 годзе стаў галоўным рэдактарам газеты «Айкакан жаманак», якая рэзка крытыкавала ўрады Роберта Качарана і Сержа Саргсяна.

2. Спрабавалі забіць, падарваўшы аўтамабіль

22 лістапада 2004 года а 20:40 аўтамабіль «Ніва», які належаў Пашыняну, прыпаркаваны недалёка ад офіса «Айкакан жаманак» у цэнтры Ерэвана загарэўся. Супрацоўнікі выдання сцвярджалі, што гэта адбылося пасля моцнага выбуху. Ад агню пацярпела пярэдняя частка аўтамабіля, у тым ліку сядзенне кіроўцы.

Армянская служба «Радыё Свабода» пісала, што пасля гэтага інцыдэнту Пашынян правёў прэс-канферэнцыю, на якой заявіў, што выпадкова застаўся жывы. З ягоных слоў, цягам трох месяцаў да выбуху ён сканчаў працу з 20:30 да 21:00, а ў дзень замаху затрымаўся даўжэй.

У арганізацыі спробы забойства свайго Пашынян абвінавачваў Гагіка Царукяна - багатага армянскага бізнэсоўца, якому не падабаліся публікацыі пра яго ў «Айкакан жаманак». Напрыклад, газета абвінаваціла яго ў незаконнай высечцы дрэў, каб пабудаваць вілу ў курортным горадзе Цахкадзоры.

3. Падтрымаў пратэсты пасля першага абрання Сержа Саргсяна прэзідэнтам, а потым хаваўся ад уладаў

У 2008 годзе, пасля таго, як Серж Саргсян упершыню перамог на прэзідэнцкіх выбарах, Пашынян падтрымаў ягонага апанента Лявона Цер-Петрасяна і браў актыўны ўдзел у пратэстах.

Пасля падаўлення пратэстаў Пашыняна абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, і цягам года і чатырох месяцаў ён хаваўся ад армянскіх уладаў. 2 ліпеня 2009 года апазіцыянер прыйшоў у Генеральную пракуратуру Арменіі і добраахвотна здаўся. На той момант Нацыянальны сход Арменіі прыняў пастанову аб амністыі ўдзельнікаў пратэстаў пры ўмове, што яны здадуцца да 31 ліпеня 2009 года. У студзені 2010 года Пашыняна асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі, але ў траўні 2011 года яго вызвалілі паводле амністыі ў гонар 20-годдзя незалежнасці Арменіі.

4. Ужо шэсць гадоў з'яўляецца дэпутатам армянскага парламента

Пасля вызвалення паводле амністыі ў 2012 годзе быў абраны дэпутатам Нацыянальнага сходу Арменіі згодна з прапарцыйнай выбарчай сістэмай ад партыйнага блока «Армянскі нацыянальны кангрэс».

У 2013 годзе Пашынян разам з шасцю іншымі палітыкамі і актывістамі стварыў грамадска-палітычны саюз Грамадзянская дамова, які пазней быў перафарматаваны ў палітычную партыю.

За год да гэтага ў яго ўзнік канфлікт з партыяй «Армянскі нацыянальны кангрэс» пад кіраўніцтвам Тэр-Петрасяна праз пастанову апошняга аб цесным супрацоўніцтве з партыяй «Квітнеючая Арменія» Гагіка Царукяна, якога Пашынян уважаз за вінаватага ў арганізацыі замаху на яго.

На парламенцкіх выбарах 2017 года блок партый «Грамадзянская дамова», «Асвечаная Арменія» і «Рэспубліка» атрымаў дзевяць месцаў у парламенце, яго сябры сфармавалі фракцыю «Елк».

5. Уваходзіць у ліберальны блок «Елк», які выступае за збліжэнне з ЕЗ

«Елк» - блок, які прытрымліваецца ліберальнай ідэалогіі. Гэты палітычны рух і асабіста Пашынян выступалі супраць чаленства Арменіі ў Еўразійскім эканамічным саюзе і за падпісанне Пагаднення аб поўным і ўсёабдымным свабодным гандлі з ЕЗ.

6. Заняў другое месца на выбарах мэра Ерэвана

У траўні 2017 года Нікол Пашынян удзельнічаў у выбарах мэра Ерэвана на якіх, паводле звестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, заняў другое месца з 21% галасоў.

Выбары выйграў чалец кіроўнай Рэспубліканскай партыі і дзейны на той момант мэр Тарон Маргаран - ён атрымаў 71,25% галасоў.

7. Гатовы стаць прэм'ерам

Пашынян некалькі разоў заяўляў, што гатовы ўзначаліць урад Арменіі.

«Я не раз казаў, што, калі народ ускладзе на мяне такую адказнасць, я прыму яе. І вельмі вялікая імавернасць, што так і адбудзецца», - заявіў ён 25 красавіка на прэс-канферэнцыі з удзелам замежных СМІ.

Пашынян дадаў, што прэм'ер-міністрам будзе кандыдат ад народа, «кандыдат рэвалюцыі». «Гэта мы вельмі проста арганізуем на плошчы. Мы прапануем кандыдатуру, і народ сваёй рэакцыяй і сваім голасам зацвердзіць яе», - сказаў ён.

Акрамя таго, апазіцыйны лідар падкрэсліў, што Карэн Карапецян не будзе прэм'ерам нават калі выйдзе з кіроўнай Рэспубліканскай партыі.

Пашынян паабяцаў прадаўжаць акцыі пратэсту, бо «аксамітная рэвалюцыя», аб пачатку якой ён абвясціў 17 красавіка, не дайшла да лагічнага канца.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках