Францыя заклікала да склікання Рады бяспекі ААН праз хімічную атаку ў Сірыі
6- 8.04.2018, 20:28
- 17,194
Пасяджэнне Рады бяспекі ААН можа адбыцца ў панядзелак, 9 красавіка.
Кіраўнік МЗС Францыі Жан-Іў Ле Дрыян назваў паведамленні аб хімічнай атацы на мірнае насельніцтва ў сірыйскім горадзе Дума «вельмі трывожным» і заклікаў да правядзення пасяджэння Рады Бяспекі ААН.
Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на Reuters.
Ле Дрыян адзначыў, што Францыя рашуча асуджае абстрэлы горада Дума сірыйскім войскам, якія адбыліся ў апошнія 24 гадзіны. «[Гэта] агіднае парушэнне міжнароднага гуманітарнага права», - адзначыў французскі міністр.
Францыя будзе працаваць разам з хаўруснікамі, каб высветліць, ці сапраўды ў Думе выкарыстоўвалася хімічная зброя, дадаў ён.
Еўрапейскі звяз таксама выпусціў заяву ў сувязі з сітуацыяй у Сірыі. «Сведчанні кажуць на карысць таго, што рэжым [Башара Асада] зладзіў яшчэ адну хімічную атаку», - падае Reuters вытрымку з паведамлення Еўразвязу. Брусэль таксама асуджае выкарыстанне хімічнай зброі і заклікае міжнародную супольнасць да «неадкладнага адказу».
Як паведамляе Reuters са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы, пасяджэнне Рады бяспекі ААН можа адбыцца ў панядзелак, 9 красавіка.