2 траўня 2024, Чацвер, 1:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірландскі падарожнік: Людзі ў Беларусі больш ветлівыя, чым у Расеі

4
Ірландскі падарожнік: Людзі ў Беларусі больш ветлівыя, чым у Расеі

Падарожнік Конар Клайн наведаў Горадню і падзяліўся сваімі ўражаннямі.

Кожны год Конар Клайн пачынае вучыць новую мову. Конар Клайн - ірландскі трэвэл-блогер і паліглот. Па адукацыі Конар юрыст-міжнароднік, некаторы час працаваў у Еўрапейскай камісіі. Паколькі знаёмыя калегі з усяго ЕЗ, то наважыў наведаць усе 28 краін звязу. Так пачалося жыццё блогера, поўнае паездак, піша newgrodno.by.

Усяго Конар наведаў блізу 90 краін. Пра свае прыгоды ён распавядае на ютуб-канале, асаблівую ўвагу надае Усходняй Еўропе: Украіне, Малдове і Беларусі. Непасрэдна ў Беларусі блогер быў шэсць разоў. Гэтым разам ён наведаў бязвізавую Горадню. А на днях на сваім канале ён размясціў ролік, які прысвяціў паездцы ў наш горад.

«Людзі ў Беларусі неверагодна ветлівыя, прынамсі ў дачыненні да іншаземцаў. Безумоўна больш ветлівыя, чым у Расеі. Украіна па ветлівасці напэўна дзесьці пасярэдзіне паміж Расеяй і Беларуссю. І калі я ўпершыню ў 2010 годзе прыехаў у Беларусь, то быў прыемна здзіўлены, што высвятляецца, ёсць ветлівыя рускамоўныя людзі».

За 5 дзён побыту ў Горадні блогер наведаў і забаўляльныя месцы, і гістарычныя. Конар Клайн вельмі хацеў пакаштаваць нацыянальныя стравы і пачуць сапраўдную беларускую мову. З першым жаданнем госця дапамагла ягоная сяброўка, якая накарміла блогера дранікамі са смятанай. У сваім відэа Конар Клайн застаецца ў захапленні ад бульбяных бліноў. А вось з другім жаданнем блогеру давядзецца выдаткаваць яшчэ крыху часу, але ўжо наступным разам.

«У Беларусі, у Менску і ў Берасці я бачыў шмат шыльдаў на беларускай, але рэальна за ўвесь час я чуў беларускую мову толькі аднойчы, здаецца гэта было ў Горадні. Я распытваў у людзей, дзе я магу пачуць беларускую мову, мне адказалі, што, напэўна, у вёсцы, але там усё роўна не чыстая беларуская мова. Я б хацеў пабываць у месцах і пачуць жывую беларускую гаворку, вывучыць яе. Вядома, гэта не так карысна ў плане камунікацыі, як расейская мова, але я б хацеў больш ведаць пра літаратуру, і ў цэлым лепш разумець культуру Беларусі», - кажа Конар.

У 2016 годзе блогер прыязджаў па бязвізавым рэжыме ў Горадню. Па бязвізавым правілам турыстам нельга пакідаць Гарадзенскі раён, але Конар паехаў у Менск святкаваць Новы год і зняў відэа «Першы еўрапеец без візы ў Менску?!». (На той момант яшчэ не дзейнічаў бязвізавы рэжым для турыстаў, якія ляцяць праз Нацыянальны аэрапорт Менск-1).

«Пасля таго, як я з'ехаў з Беларусі, мне на е-мэйл прыйшоў ліст, што абвінавачванне супраць мяне было знятае. Я падумаў: як цікава, я нават не ведаў, што было нейкае абвінавачанне супраць мяне. Праз некаторы час я наважыў паехаць у Беларусь вучыць беларускую мову, атрымаў запрашэнне і пайшоў у беларускую амбасаду ў Кіеве. Супрацоўнік на мяне глядзіць такімі вялікімі вачыма: чаму вы наогул прыйшлі па візу, вы ў спісе людзей, якім забаронены ўезд у Беларусь. Высветлілася, што забарона дзейнічае год. Я падумаў, што пачакаю і проста памяняю планы. Бязвізавы рэжым у Берасці і Горадні крыху дзіўны. Чаму я не магу паехаць у Менск? Што здарыцца? Я там выдаткую свае грошы?», - абураецца турыст.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках