23 траўня 2024, Чацвер, 8:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Берасці праціўнікі акумулятарнага завода зноў выйшлі на плошчу

2
У Берасці праціўнікі акумулятарнага завода зноў выйшлі на плошчу

Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.

Каля паўсотні праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся 27 траўня на плошчы Леніна ў Берасці, паведамляе «Радыё Рацыя» са спасылкай на naviny.by.

Людзі стаялі групамі, размаўлялі, абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кармілі галубоў. Асноўнай тэмай абмеркавання стаў далейшы разгляд 28 траўня ў Берасцейскім абласным судзе дзвюх касацыйных скаргаў на пастанову суда Маскоўскага раёна Берасця, які адмовіў у задавальненні пазову грамадзянаў і грамадскага аб'яднання «Экадом» да ТАА «АйПаўэр» і Берасцейскага райвыканкама. Пазоўнікі прасілі суд прыпыніць дзейнасць «АйПаўэра» ў будаўніцтве завода да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы наконт ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Сёння ў ходзе абмеркавання сітуацыі ўдзельнікі акцыі выказалі гатоўнасць у выпадку, калі суд пакіне ў сіле пастанову раённага суда, абскардзіць яе далей, у вышэйшых інстанцыях.

Берасцейка Алена заявіла, што мяркуе будаўніцтва акумулятарнага завода «злачынствам у дачыненні да ўсіх жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна».

Гараджанін Сяргей сказаў, што трэба прыходзіць на плошчу, каб улады бачылі, што сітуацыя з будаўніцтвам «не спускаецца на тармазах» удзельнікамі пратэстаў. Паводле ягоных звестак, чыноўнікі раілі найбольш актыўным удзельнікам пратэстаў не прыходзіць на плошчу, таму што самі чыноўнікі разбяруцца ў сітуацыі з будоўляй. «Як яны разбіраюцца, мы бачым. Таму прыходзіць на плошчу трэба», – сказаў ён.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Будуе прадпрыемства ТАА «АйПаўэр» – рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык – кітайскае ТАА «Аньхойская вонкаваэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасцейскага раёна і Берасця мяркуюць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак створаная ў сувязі са зваротам урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта ў будаўніцтве завода. 17 траўня на гэты адказ была накіраваная адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, гутараць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках