6 траўня 2024, панядзелак, 15:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што напраўду трэба кітайцам у Беларусі?

39
Што напраўду трэба кітайцам у Беларусі?

Беларусь для Кітая - краіна трэцяга свету, дзе можна купляць нейкія прыродныя рэсурсы.

Беларуска-кітайскія стасункі грунтуюцца на ўзаемна паважанай і раўнапраўнай аснове, заявіў у нядзелю прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з намеснікам старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Ван Цішанем, піша БелТА. Другі паводле герархіі твар КНР будзе знаходзіцца ў Менску з афіцыйным візітам да 29 траўня.

Наколькі адпавядаюць рэальнасці словы кіраўніка беларускага ўрада пра раўнапраўе ў двухбаковых стасунках паміж краінамі? І хто цяпер здабудзе ад гэтых стасункаў? Пра гэта піша zautra.by.

Эканаміст: А самой Беларусі Кітай не патрэбны, як і кітайскія інвестыцыі

Рэальныя ўзаемадачыненні не могуць быць раўнапраўнымі, бо мы ў 140 разоў меншыя за Кітай, мяркуе кіраўнік Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.

- У Беларусі ўсё перабольшваюць, бо ў нашай палітычнай эліце няма разумення, што такое самая краіна, якія яе палітычныя, геапалітычныя і геаэканамічныя межы і магчымасці, - мяркуе экспэрт.

Эканаміст адзначае: пры рэальным раўнапраўі краін Беларусь магла б, напрыклад, ўкласці 100 мільярдаў даляраў у развіццё кітайскай электроннай прамысловасці, але гэта нерэальна. Для беларусаў жа і мільярд даляраў ужо вялікія грошы.

На думку Леаніда Заікі, Ван Цішань, хутчэй за ўсё, прыехаў азнаёміцца з супольным праектам «Вялікі камень».

- Кітайцы разглядаюць такога кшталту праекты як стварэнне платформы для сваёй наменклатуры. У іх выраслі дзеці, хтосьці з'ехаў у Амерыку, у Японію. Зямлі ў Кітаі мала, гэта перанаселеная краіна, - нагадвае эканаміст.

У Беларусі, паводле ягоных слоў, ёсць каштоўныя для кітайцаў рэчы, той жа лес, свабодныя тэрыторыі.

- А самой Беларусі Кітай не патрэбны, як і кітайскія інвестыцыі. Цяпер новая паласа развіцця, гэта будзе эканоміка інтэлекту, чалавечага капіталу. Кітай у гэтым плане далёка ад нас адстаў, - сцвярджае Леанід Заіка. - Арыентавацца на вытворчасць аўтамабіляў, мінеральных угнаенняў - гэта ўчарашні дзень, правінцыйны пункт гледжання. Для нас жа цэнтральным з'яўляюцца цяпер універсітэты, адукацыя, навука, і тут мы значна апярэдзілі кітайцаў.

У той жа час, Беларусь, прадаўжае эканаміст, за апошнія 20 гадоў тарпедавала свой бізнэс, таму цяпер завозіць з Кітая шчоткі, венікі, дзіцячыя цацкі, пластмасавыя талеркі.

- Кітай для беларусаў - гэта вялікі шопінг, адкуль мы завозім цыбулю, часнок, капусту, адзенне, абутак, гэта значыць, гэтая краіна стала для нас вялікай спажывецкай крамай. Для Беларусі дзве краіны маюць прынцыповае значэнне - гэта Нямеччына як месца, дзе мы можам купляць добрую тэхніку, прыборы, машыны, і Кітай як спажывецкая крама. А мы для Кітая - краіна трэцяга свету, дзе можна купляць нейкія прыродныя рэсурсы, што для нас ганебна, - падсумоўвае Леанід Заіка.

Палітолаг: Разлік на тое, што Масква не рызыкне крыўдзіць, калі ў нас ёсць такі вялікі сябар

У плане гандлю паміж Беларуссю і Кітаем сітуацыя не цягне на раўнапраўе, заўважае аналітык-міжнароднік Андрэй Фёдараў.

- У мінулым годзе тавараабарачэнне складала блізу 3 мільярдаў даляраў, пры гэтым сальда на карысць Кітая два з лішнім мільярды, - падкрэслівае экспэрт. - Што да палітыкі, то кітайцы людзі ветлівыя, яны кажуць прыгожыя словы, але я моцна сумняваюся, што перад тым, як прыняць нейкую пастанову аб пытанні эмбарга з боку ЗША, старшыня Сі Цзіньпін тэлефануе нашаму лідару і пытае ягонае меркаванне.

Беларускае кіраўніцтва, як мяркуе палітолаг, надалей спадзяецца, што Кітай нам дапаможа. І не толькі звязанымі крэдытамі пад нізкія адсоткі.

- З Расеяй у нас стасункі цяпер не выдатныя, таму нашы ўлады, напэўна, разлічваюць, што Кітай калі-небудзь скажа сваё важкае слова, каб Масква нас не крыўдзіла, ці што Масква сама не рызыкне крыўдзіць, ведаючы, што ў нас ёсць такі вялікі сябар, - не выключае суразмоўца.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках