6 траўня 2024, панядзелак, 23:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Матэматыка выпускнога: колькі бацькам каштавацьме развітанне дзяцей са школай?

10
Матэматыка выпускнога: колькі бацькам каштавацьме развітанне дзяцей са школай?
Фота: onliner.by

Выпускны вечар ператварыўся ў сапраўднае выпрабаванне для партманэтаў беларусаў.

Запуск балонікаў у неба, развітальны вальс, дыскатэка і сустрэча світанку - штогод у пачатку лета тысячы вучняў выпускаюцца са школ. Здавалася б, сцэнар развітальнага вечара адзін і той жа з года ў год. Але не. Праграма ўсё ж трансфармуецца, і да тэндэнцый правядзення выпускных дадаюцца свае асаблівасці. Як жа сёння праходзяць выпускныя вечары і колькі гэтае свята каштуе бацькам - у матэрыяле «Вечернего Бреста».

«А давайце дзеці будуць выпускацца не з рэстарацыі, а са школы»

Берасцейка Людміла яшчэ летась выпрабавала на сабе ролю мамы выпускніка. Тады ў яе школу скончыў сын. Цяпер на чарзе выпускны дачкі. Свята пройдзе ў сценах роднай навучальнай установы.

- Дырэктарка школы на агульным сходзе з бацькамі сказала вельмі правільную і мудрую рэч: «А давайце нашы дзеці будуць выпускацца не з рэстарацыі, а са школы». Дзякуючы гэтаму варыянт святкавання ў кавярні і рэстарацыі адразу адпаў. І я мяркую, што так правільна, гэта эканомія бацькоўскіх сродкаў, - мяркуе Людміла.

На арганізацыю выпускнога ў школе, дзе навучаецца дачка Людмілы, з бацькоў збіралі па 150$. У гэтую суму ўжо ўваходзяць усе выдаткі на свята: дзіджэй, вядоўца, конкурсная і забаўляльная праграма, стол і напоі, балонікі ды стужкі, фота - і відэаздымка, падарунак школе і настаўнікам, кветкі і г. д. У 150$ уключаныя і выдаткі на «апошні званок». У той жа час Людміла мяркуе, што бацькі маглі б укласціся ў меншую суму:

- Летась, калі выпускаўся мой сын, мы здавалі па 100$. А сёлета бацькі самі намаглі на шыкоўным свяце, якое можна параўнаць з вяселлем. Тут і вядоўца будзе, і паўнавартаснае меню з гарачым і нават з шашлыкамі. Некаторыя бацькі намаглі, каб прыбралі некаторыя пазіцыі з меню. Але ўсё адно, на мой погляд, засталося шмат лішняга. Складваецца ўражанне, нібы без добрага стала не будзе добрага свята! Але гэта не тое, што застанецца ў памяці дзяцей!

Як распавядае Людміла, чула ад калегі выпадак, як дзіця знаёмай не пайшло на выпускны, бо бацькі адчувалі фінансавыя складанасці. У той жа час большасць бацькоў самі ініцыятары такіх растрат. І дырэктара, і настаўнікі ў адзін голас на агульных сходах кажуць: без празмернасцяў, галоўнае - выпускныя іспыты.

- Абмеркаванне святкавання выпускнога прайшло практычна без удзелу дзяцей. У выпускнікоў нават не спыталі, якія яны стужкі хочуць. Я мяркую, гэта няправільна, - кажа Людміла.

Аляксандр, у якога сёлета школу заканчвае дачка, здаваў на выпускны 100$. У гэтую суму ўваходзяць усе выдаткі, уключаючы заказ дзіджэя і вядоўцу, забаўляльную праграму, фота - і відэаздымкі, стол і ўнёскі на падарункі школе і настаўнікам.

Выпускніца гімназіі №5 Юлія не цікавілася ў бацькоў, колькі ім каштавацьме яе выпускны. Але падзялілася, што і ў іх на свяце будзе забаўляльная праграма, дыджэй і вядоўца з Менска. Свята пройдзе ў сценах гімназіі.

- Для мяне на выпускным у першую чаргу важна адзначыць апошні дзень з маімі аднакласнікамі і добра павесяліцца. А хто будзе весці свята - з Берасця ці Менска - для мяне гэта не важна. У гэтым выбары я давяраю бацькам, - кажа Юля.

Дзень апошняга званка большасць выпускнікоў пасля школы аддаюць перавагу святкаваць на прыродзе з ежай і напоямі, музыкай і танцамі і ўжо радзей - з вядоўцамі і конкурсамі.

Колькі каштуюць уборы на выпускны?

Адна справа арганізаваць развітальны вечар са школай. Але не менш, а то і больш дорага бацькам каштуюць уборы выпускнікоў. Лягчэй у фінансавым плане тым мамам і татам, у якіх школу скончыў сын. Юнакі часцей за ўсё надзяваюць гарнітур або штаны з кашуляй:

- У нас хлопцы не занадта думаюць над тым, што надзець на выпускны. Будзе звычайнае святочнае адзенне. Гарнітур у сярэднім каштуе дзесьці 150-250 рублёў, - распавядае выпускнік Улад.

Некаторыя юнакі дадаткова на выпускны набываюць новыя туфлі, якія коштам прыкладна даганяюць гарнітур. Але на гэта трацяцца далёка не ўсе.

Складаней прыбраць дзяўчынку. Ёй не толькі трэба прыкупіць сукенку, басаножкі, але і падабраць сумачку, зрабіць прычоску. А сёння сярод падлеткаў існуе тэндэнцыя заказваць на выпускны прафесійны макіяж, а таксама манікюр.

- Мая дачка ўжо набыла сукенку на выпускны. Толькі дзякуючы берасцейскім швейнікам можна яшчэ штосьці знайсці за прыстойную суму. Мы набылі топ і спадніцу. Такі ўбор каштаваў прыблізна 140 рублёў. Запісалася ў цырульню на прычоску. Гэта дзесьці 60 рублёў. А вось ад візажу я сваю дачку адгаварыла: дастаткова будзе проста падвесці вейкі. Ды і кожная 17-гадовая дзяўчынка прыгожая без прафесійнага макіяжу. Але індустрыя моды не дрэмле і робіць сваю справу. Ведаю, што многія аднакласніцы дачкі запісаліся на візаж за 60 р. А яшчэ некаторыя робяць манікюр, які каштуе 20-30 р, - распавядае Людміла.

Дачка Аляксандра набыла на выпускны два ўборы.

- Набылі ёй два топы і дзве спадніцы рознай даўжыні. Адзін убор для ўрачыстай часткі, а іншы, больш зручны, - для танцаў. Абодва каштуюць прыблізна 200-250 р. Уборы, абутак, сумачка, цырульня, візажыст - усё нам каштавала дзесьці 250$. Гэта яшчэ нармальная сума. Вось адна дзяўчына была з мамай у Піцеры і там набыла сабе сукенку на выпускны за 400$, - распавядае Аляксандр.

Разам, сумуючы сродкі, якія трацяцца на арганізацыю выпускнога і на ўборы, для бацькоў сёння выпускны агулам каштуе 150-350$. Шмат гэта ці мала? Мабыць, гэтае пытанне вызначаецца ў той момант, калі бацькі арганізоўваюць дзецям выпускны. Галоўнае, каб потым у дзяцей засталіся цёплыя ўспаміны пра школьнае жыццё і выпускны вечар.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках