Эфект снежнага кома: Армянская рэвалюцыя можа паўтарыцца ў Беларусі і Расеі
5- 6.05.2018, 20:21
- 26,599
У армянаў было поўнае непрыманне рэжыму.
Прызнаных міжнароднай супольнасцю выбараў у Арменіі не было амаль 30 гадоў. Гэтая краіна знаходзіцца пад вельмі моцным уплывам Масквы. Тым не менш падобна на тое, што народ здолее змяніць ненавісную ўладу. Пра таямніцы рэвалюцыі і высновы для Беларусі – гутарка «Белсата» з Эдгарам Варданянам, рэдактарам аналітычнага праекта Detector.am.
– Як невялікая група апазіцыйных дэпутатаў, якія знаходзяцца ў татальнай меншасці ў парламенце Арменіі, здолела цягам некалькіх тыдняў мабілізаваць сотні тысячаў людзей на пратэсты?
– Па-першае, было поўнае непрыманне рэжыму ў людзей. Было разуменне, што з гэтым трэба змагацца, што вось прыйшоў час, што гэта магчымасць для таго, каб выйсці на вуліцу і заявіць пра сябе. Пратэставаць супраць усяго гэтага. Таму што людзі зразумелі, што кіроўчая партыя хоча ўсталяваць у Арменіі жорсткую аўтарытарную сістэму. У Арменіі быў мяккі аўтарытарызм.
Але апошнія дзеянні кіроўчай партыі, калі былы прэзідэнт стаў прэм'ер-міністрам, усе зразумелі, што гэта пэўная аперацыя. Што Канстытуцыю памянялі менавіта для таго, каб прэзідэнт здолеў стаць прэм'ер-міністрам і практычна прадаўжаць кіраваць краінай. Усё гэта выклікала пратэст і прадуманыя дзеянні Нікола Пашыняна і ягонай каманды.
Яны пайшлі на рызыку, яны ахвяравалі сабой і сваім здароўем. Гэта натхніла людзей. Раптам высветлілася, што ў нас ёсць новае пакаленне, якое зусім па-іншаму думае. Пакаленне, якое не баіцца нічога. Не баіцца паліцыі, не баіцца сілавых пратэстаў. Яны выйшлі на вуліцы, сталі перакрываць рух.
Пратэст быў дэцэнтралізаваным. Вядома ж, у пэўныя моманты людзі збіраліся, усе бачылі, што многія пласты грамадства былі ахопленыя. Гэта эфект снежнага кома, калі пэўныя людзі шляхам самаахвярнасці пачалі пратэставаць сродкам прадуманых акцый грамадзянскага непадпарадкавання.
Высветлілася таксама, што ў дзяржаўных органах шмат хто незадаволены кіроўчай партыяй. І практычна сілавыя структуры ўрэшце перасталі падпарадкоўвацца групе, якая называецца ўладай. І перайшлі на бок апазіцыі.
– Падзеі ў Арменіі мелі вялікі рэзананс сярод, перш за ўсё, хаўруснікаў не да канца дэмакратычных дзяржаваў. Я маю на ўвазе Расею, Беларусь. Лукашэнка падчас свайго выступу на наступны дзень пасля адстаўкі Сержа Саргсяна тры разы казаў пра Арменію. Некаторыя аналітыкі ў Беларусі мяркуюць, што ён у гэты момант адмовіўся абвяшчаць рэферэндум. Падобны рэферэндум пра змену Канстытуцыі, каб падзяліцца часткай паўнамоцтваў і застацца ва ўладзе. Як вы думаеце, Лукашэнку і Пуціну ці варта баяцца армянскага сцэнара? Ці можа ён паўтарыцца ў Беларусі і Расеі ў будучыні?
– Я думаю, што ў іх ёсць сур'ёзныя падставы для непакою. Па-першае, такія працэсы, як правіла, маюць эфект снежнага кома. Мы ведаем, што дэмакратызацыя вельмі часта бывае хвалямі. Арменія з'яўляецца краінай сябрам СНД, Арменія – чалец Еўразійскай эканамічнай супольнасці і, натуральна, што ў першую чаргу гэта можа закрануць менавіта краін-чальцоў гэтых арганізацый, суседніх дзяржаваў. Можа закрануць Іран, Турцыю, Азербайджан. Усе маюць падставу для непакою.
Гэта прыклад паспяховай барацьбы. Прыклад таго, як народ самаарганізуецца, пакідае ўбаку ўсялякія рознагалоссі, звяртаецца да прадуманых негвалтоўных дзеянняў. І калі арганізоўваецца татальны байкот і страйк, тады ўлады павінны саступаць. І больш нічога іншага не застаецца. І мы ўбачылі, што ўлады, нягледзячы на ўсё і галасаванне супраць Пашыняна, заявілі, што падтрымаюць Пашыняна на наступных выбарах 8 траўня.
– Яшчэ адно пытанне датычна стасункаў Арменіі, Расеі і Беларусі. Пашынян нядаўна выказаў незадаволенасць тым, што Расея ўзбройвае ў сутнасці ворага Арменіі, свайго хаўрусніка, Азербайджан. За апошнія тыдні з'явілася інфармацыя, пакуль неафіцыйна, што Беларусь гатовая паставіць у Азербайджан ракетныя комплексы «Паланэз». У сутнасці беларуска-кітайскія ракеты могуць пагражаць Ерэвану, хаўрусніку Менска. Як у Арменіі да гэтага ставяцца, гэта нармальна?
– Вядома, у Арменіі адмоўна ставяцца да такіх рэчаў І гэта не нармальна. Шмат хто кажа, што гэта толькі бізнэс, але на самай справе такім рэчамі не жартуюць. Гэта ўсё-такі не бізнэс-пляцоўка. Ёсць хаўрусніцкія абавязальніцтвы, ёсць абавязальніцтвы перад рознымі арганізацыямі. Вядома, такія пытанні трэба развязваць.
Я мяркую, што новыя ўлады Арменіі, калі нічога форс-мажорнага не адбудзецца, Пашынян стане прэм'ер-міністрам, яны будуць размаўляць на гэтую тэму і з Крамлём, і з Менскам, і з усімі. Пазіцыя армянскіх уладаў будзе крыху мацнейшай, таму што ўжо будзе легітымнасць. Таму што народ ужо падтрымлівае адносіны, і гэта будуць адносіны на роўных асновах.
– Апошняе пытанне. Што да найбліжэйшай перспектывы. У аўторак будзе чарговае галасаванне ў парламенце пра кандыдатуру прэм'ера. Калі Нікола Пашыняна выберуць ці не выберуць, якія варыянты развіцця падзей могуць быць у найбліжэйшыя некалькі дзён?
– Цалкам відавочна, што калі раптам рэспубліканская партыя перадумае, хоць гэта малаімаверна, то Нікол Пашынян закліча народ да новых актаў грамадзянскага непадпарадкавання. Гэтыя акцыі могуць быць яшчэ мацнейшымі, чым папярэднія. У рэспубліканскай партыі няма шанцаў, таму я ўсё ж думаю, што яны не пойдуць на гэта. Не будуць ісці насуперак сваім заявам. Яны выберуць Пашыняна.
Вядома, тут ужо ўзнікаюць іншыя пытанні адносна таго, якім чынам будзе сфармаваны пераходны ўрад. Хто ўвогуле будзе ў апазіцыі, ці будзе апазіцыя ў гэтым парламенце. Гэтыя пытанні вядома трэба развязваць, на гэты момант няма яснасці. Не выключана, што некаторыя з рэспубліканскай партыі пакінуць сваю фракцыю, сфармуецца новая большасць і рэспубліканская партыя будзе ў меншасці.
Падобная сітуацыя была ва ўкраінскім парламенце пасля рэвалюцыі годнасці.