23 красавiка 2024, aўторак, 17:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Слуцку ў футбольнага каментатара разляцеліся на прыпынку 400 рублёў

5
У Слуцку ў футбольнага каментатара разляцеліся на прыпынку 400 рублёў
ЯГОР КАЛЕСНІК

Случчакі сабралі і аддалі яму ўсё да капейкі.

Случчакі дапамаглі футбольнаму каментатару з Салігорску Ягору Калесніку «злавіць» 40 купюр па 10 рублёў, якія разляцеліся ў яго праз моцны вецер.

Ягор Калеснік распавёў «Кур'еру», як гэта ўсё адбылося.

У сераду, 20 чэрвеня, хлопец ехаў на маршрутцы з Менска ў Слуцк. Да 13.30 яго чакалі ў СФК «Слуцк»: яны рыхтуюць відэа да 20-годдзя футбольнай каманды. Блізу 12.30 ён выйшаў на прыпынку «Рынак».

«У маршрутцы дрэнна зачынялася дзверы, і, калі я выходзіў, кіроўца папрасіў лепш іх зачыніць. Адразу зрабіць гэта не мог, бо ў адной руцэ трымаў заплечнік, у другой - штатыў і партманэт. Калі паспрабаваў вызваліць адну з рук, няўдала за нешта зачапіўся і выпусціў усе грошы», - распавядае Ягор.

У гэты момант да футбольнага каментатара падбеглі пяць-шэсць чалавек - жанчыны і адзін дзядуля. Яны «лавілі» грошы, уздымалі іх з асфальту і клалі проста ў партманэт Ягору. Маладзён быў упэўнены, што праз моцны вецер недалічыцца некалькіх купюр. Але гэтая думка яго не хвалявала, бо ён з натхненнем назіраў, як людзі на прыпынку «аператыўна і сканцэнтравана» дапамагаюць яму.

«Мне было не шкада грошай. Сам быў бы вінаваты, калі б не далічыўся 50-100 рублёў. Ды і гэта стала б маёй платай за тое, што я ўбачыў, якія добрыя людзі знаходзяцца вакол нас», - кажа Ягор.

З ягоных слоў, случчакі дапамаглі сабраць яму ўсю суму прыкладна за 10 секунд. Ніводная з 40 купюр не згубілася і «не паляцела».

«Мне здаецца, што тыя людзі на прыпынку дапамаглі мне таму, што ў іх добрае выхаванне, - мяркуе Ягор. - Хачу яшчэ падзякаваць ім за дапамогу. Я рады, што ў не зусім добры час побач з намі жывуць добрыя людзі».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках