1 траўня 2024, Серада, 15:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«З бізнэсоўцаў паспрабуюць выціснуць усё магчымае ў новы Год малой радзімы»

10
«З бізнэсоўцаў паспрабуюць выціснуць усё магчымае ў новы Год малой радзімы»

Правадыр Беларусі падоўжыў Год малой радзімы да канца 2020 года.

Ва ўказе, падпісаным Лукашэнкам, гаворыцца, што дакумент прыняты ў мэтах стымулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў.

У каментары UDF.BY экспэрты расказалі, чаму сумняваюцца ў рэалізацыі пазначаных планаў.

«А навошта добраўпарадкоўваць вёскі, што выміраюць?»

Кандыдат эканамічных навук і жыхар Шклоўскага раёна Пётр Мігурскі тлумачыць пастанову правадыра Беларусі тым, што вызначаная на гэты год праграма развіцця малых населеных пунктаў, відавочна, не будзе рэалізаваная.

«Па-першае, для гэтага няма фінансавай падтрымкі. Па-другое, на мой погляд, былі занадта перабольшаныя магчымасці бізнэсоўцаў, якія пасля просьбы зверху нібыта кінуцца на сваю малую радзіму, правесці туды асфальтавыя дарогі і газаправоды. На жаль, гэтага не адбылося», - кажа Пётр Мігурскі.

У сувязі з тым, што Лукашэнка пайшоў на беспрэцэдэнтны крок і падоўжыў Год малой радзімы на тры, эканаміст прадказвае магчымае змяненне стасункаў з бізнэсоўцамі.

«Нельга выключаць, што з бізнэсоўцаў паспрабуюць выціснуць усё магчымае, каб рэалізаваць тое, што першапачаткова планавалася ў Год малой радзімы», - адзначае Пётр Мігурскі.

Дарэчы, у красавіку на рэспубліканскім суботніку Лукашэнка сказаў:

«За год мы наўрад ці нешта там пабудуем, створым. Адразу людзей не павернеш. Яны спачатку павінны звыкнуць, усвядоміць, пазначыць сабе нейкія планы, а дзесьці камусьці трэба і грошы зарабіць, каб у сваю малую радзіму ўкласціся».

Пётр Мігурскі жыве ў аграгарадку і прыкметных змен у ягоным жыцці ў гэтым годзе не заўважыў. За выключэннем таго, што мясцовыя жыхары праявілі ініцыятыву, сабралі подпісы і дамагліся таго, каб праз вёску праходзіў аўтобус.

«Магчыма, у далёкіх краях нешта і робіцца, але не ў нас», - кажа жыхар Шклоўскага раёна, дзе вырас правадыр Беларусі.

Пры гэтым Пётр Мігурскі сумняваецца, што ініцыятыва ўладаў здольная палепшыць жыццё ў вёсцы.

«Я ўсё жыццё пражыў у вёсцы і мне хочацца, каб вёскі адраджаліся. Але ёсць адное крамольнае пытанне. А навошта добраўпарадкоўваць вёскі, якія выміраюць? Бо павінен быць эканамічны сэнс: людзі не будуць заставацца ў вёсках, калі там не будзе працоўных месцаў і годнага заробку», - адзначае эканаміст.

Ён падае як прыклад аграгарадок, дзе сёння працуе адзіная краму райпо. Вядома, можна адкрыць і другую, і трэцюю, але ўсё вызначаецца колькасцю пакупнікоў і іх плацетаздольнасцю. Новая інфраструктура будзе не патрэбнай, і не будзе акупляцца.

«На сёння асноўная маса беларускіх вёсак - гэта эканамічная пустыня. Таму баюся, што мы ўсё адно прыйдзем да таго, што малыя вёскі будуць ліквідаваныя», - кажа эканаміст.

Без рэформаў нічога не зменіцца

Палітолаг і заснавальнік грамадскага руху «Дзея» Алесь Лагвінец перш за ўсё адзначае, што 2018-ы павінен быў быць абвешчаны годам беларускай дзяржаўнасці - у сувязі з 100-годдзем БНР. Але ідэю з Годам малой радзімы ён называе нядрэннай.

Сітуацыю з рэгіянальным і мясцовым развіццём Беларусі палітолаг уважае за катастрафічную. Вёскі выміраюць, дамы пакідаюцца.

«Наведваючы вёскі і нават мястэчкі, асабліва на ўсходзе і паўночным усходзе Беларусі, цяжка пазбавіцца ад адчування іх вымірання», - кажа Алесь Лагвінец.

Але ў рэалізацыю планаў уладаў палітолаг не верыць. На гэта ёсць шэраг прычын: у тым ліку, адсутнасць прыватнай уласнасці на зямлю і адсутнасць развіцця мясцовага самакіравання.

«Пытанне, ці можа нешта змяніць фармальны падыход зверху, – рытарычнае. Трэба мяняць усю сістэму. Эфектыўны падыход мусіць грунтавацца не на дзяржаўных ініцыятывах зверху, а на спрыянні мясцовай і індывідуальнай ініцыятывы. І, канешне, гарантыі правоў уласнасці. Часам здаецца, што правы ўласнасці ў нас больш гарантуюцца замежнікам, чым беларусам», - адзначае Алесь Лагвінец.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках