20 красавiка 2024, Субота, 1:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму Мілеўскі сышоў з берасцейскага «Дынама»?

2
Чаму Мілеўскі сышоў з берасцейскага «Дынама»?

«Арцём не надта падпарадкоўваўся новаму трэнеру».

Праблемы глыбейшыя, чым у дысцыпліне, піша «Трибуна».

Што адбылося?

У канцы чэрвеня «Дынама» Берасце ўзначаліў 30-гадовы Аляксей Шпілеўскі. Фармальна – ён старшы трэнер, фактычна – галоўны. Рэч у тым, што спецыяліст атрымае PRO-ліцэнзію толькі ў снежні. Раней ён выступаў за моладзевыя каманды «Штутгарта», але рана скончыў кар'еру праз траўму спіны. Апошнія 5 гадоў працаваў трэнерам акадэміі «Ляйпцыга».

Яшчэ 11 ліпеня нішто не прарочыла бяды – Шпілеўскі расказваў аб патэнцыяле Мілеўскага. Але праз тыдзень Арцём разам з Аляксеем Гаўрыловічам сышоў з каманды, а найлепшы бамбардзір Павел Савіцкі выстаўлены на трансфэр.

Важна, што ўсе трое – лідары каманды ў гэтым сэзоне. Мілеўскі – найлепшы асістэнт (7 перадач + 3 галы), Савіцкі – найлепшы бамбардзір (9 галоў + 4 перадачы), а Гаўрыловіч – капітан.

Дзіўна, што ўсіх траіх наважылі выгнаць дзеля дысцыпліны. У Беларусі – сярэдзіна сэзону, неўзабаве – матчы Лігі Еўропы супраць «Атрамітаса». Застацца без ключавых футбалістаў у такі момант – недарэчы. Таму прычыны, напэўна, значна глыбейшыя, чым у дысцыпліне.

Дык у чым жа рэч?

Ходзяць размовы, што Мілеўскі дазваляў сабе шмат што ў раздзявальні – груба кажучы, ушчуваў партнёраў і нават трэнераў. Аб замене Арцёма «Дынама» падумала яшчэ раней, падпісаўшы Сяргея Крыўца. Часова пацішэла, але завіравала пасля хатняй паразы ад салігорскага «Шахцёра» (1:3). Напэўна, Мілеўскі не знайшоў агульную мову з новым трэнерам.

Агент Мілеўскага Аляксандр Панкоў: «Праблемы з дысцыплінай – гэта поўная лухта. Так можаце і напісаць – поўная лухта. Гэта ўсё яшчэ цягнецца з кіеўскага «Дынама». І з якой бы каманды Арцём ні сышоў, будуць казаць пра дысцыпліну. Праблем з дысцыплінай мой падапечны не меў.

Размова аб магчымым зыходзе ўжо была даўно. У каманду прыйшоў новы трэнер, малады трэнер са сваім бачаннем футбола. Пад ягоныя схемы гэтыя гульцы не пасавалі. Гэта нармальна, гэта футбол, і ўсе ўсё разумеюць. Мы гэтую інфармацыю пра Арцёма ведалі яшчэ 2 тыдні таму, што можа быць такое развіццё падзей. У нас заставалася паўгода кантракту, і мы прынялі такую пастанову. Нам прапанавалі такі фармат, і мы пагадзіліся, хоць у нас яшчэ заставаўся кантракт, і мы маглі знаходзіцца ў камандзе. Але няма сэнсу марнаваць час. Улетку ўладкавацца ў каманду значна прасцей, чым узімку».

Football.by: «Мілеўскі наогул не ўспрыняў прызначэнне Аляксея Шпілеўскага галоўным трэнерам і не надта падпарадкоўваўся яму. Мала таго, пасля паразы «Шахцёру», дзе Мілеўскага на 75-й хвіліне замянілі на юнака Садоўскага, які няўдала правёў свой гульнявы адцінак, у раздзявальні адбыўся канфлікт, які стаў каталізатарам расстання. Футбаліст (і гульцы, якія падтрымалі яго, у тым ліку Гаўрыловіч і Савіцкі) выказалі ўсё, што думаюць, новаму трэнеру. Пасля гэтага ўсё было вызначана, бо аўтарытэт трэнера трэба было аднавіць. Інакш падпарадкаваць сабе каманду не выйдзе ніколі».

Група заўзятараў «Дынама» Берасця «We love you Dynamo Brest» Вконтакте: «Калі гульцы парушаюць дысцыпліну – лепш іх пакараць, чым не. «Дынама-Брэст» – гэта не клуб знаёмстваў і не месца сустрэчы для сяброў – гэта прафесійны футбольны клуб, дзе сабраныя гульцы найперш для супольнай працы і дасягнення выніку. Нічога іншага. Хтосьці скажа, што пакаранне занадта жорсткае – адзінае тлумачэнне такога строгага пакарання – гэта тое, што папярэджанні ўжо былі, і ліміт гэтых самых папярэджанняў быў вычарпаны».

Журналіст Васіль Сарычаў: «Я разумею, што парушэнне рэжыму, калі рэч у ім, магло быць не першым, і Латал не дарма хацеў прыціснуць. Але праўда і тое, што Мілеўскі, насуперак усім прагнозам, за год вярнуў форму, пасля ўсіх невыгод загуляў. Знайшоў сваю каманду. Заўзятара не падманеш: ён быў на поле лідарам. Паводле ўсіх разрахункаў набягаў за матч велізарны для ягонай пазіцыі кіламетраж, яго больш за ўсіх білі, але ён трываў, не сыходзіў праз траўму.

Трэба ўлічваць і тое, што пасля «Шахцёра» футбалісты былі таксама на эмоцыях: паразу шмат у чым зазнаў малады трэнер. Магчыма, гэта была рэакцыя. Яны маглі яму штосьці сказаць – не тым, можа, тонам, не ў той кандыцыі. Але як казаў адзін мудры настаўнік, трэба ўсё бачыць, але не ўсе заўважаць».

Журналіст «Прессбола» Сяргей Азаркевіч: «У футбалістаў банальна выбухнуў канфлікт з галоўным трэнерам. Прычым канфлікт востры – з такімі вось радыкальнымі наступствамі.

Кажуць, неўзабаве пасля паразы ад «Шахцёра» ў пэўнай нефармальнай сітуацыі ў Шпілеўскага здарылася няпростая размова з гульцамі. У якой успаміналася маладосць трэнера – і ставілася побач з самавітымі дасягненнямі таго ж Мілеўскага. У якой адзначаўся нізкі аўтарытэт неспрактыкаванага спецыяліста – недастатковы для кіравання камандай з такімі амбіцыйнымі футбалістамі і майстрамі. Увогуле, адбылося парушэнне субардынацыі – прычым настолькі крытычнае, што пункт невяртання быў пройдзены, і давялося рабіць кардынальныя захады.

Іх рабіла кіраўніцтва. Выбар паміж бунтоўнымі гульцамі і Шпілеўскім клуб зрабіў на карысць трэнера, што лагічна. Не для таго яго запрашалі з Нямеччыны, каб адразу ж патураць футбалістам і перапыняць супрацоўніцтва».

Былы (сышоў тыдзень таму) абаронца «Дынама» Андрэй Лебедзеў: «Пакуль адзін певень у берасцейскім «Дынама», добрага там будзе мала. Няхай вяртае бацька Этунды і Малерба ў каманду».

Жуніёр Этунды і Жэрэмі Малерб – былыя гульцы «Дынама» Берасця. Іхні агент – Мікалай Шпілеўскі, бацька галоўнага трэнера «Дынама».

Што будзе з Мілеўскім далей?

Сам Арцём не пайшоў на канфлікт. Адзіны кіў – каментар пад допісам аб ягоным зыходзе з клуба ў Instagram. Арцёму не спадабалася, што SMM-нікі «Дынама» не падзякавалі футбалісту. «Дзякуй» цяжка напісаць? За кубкі, за стаўленне», – абурыўся Мілеўскі.

Але больш – нічога. Толькі падзяка клубу і партнёрам.

«Далейшыя планы Мілеўскага грандыёзныя. Мы будзем разглядаць усе варыянты, у тым ліку з Расеі, бо Арцём там ужо гуляў. Калі будуць цікавыя прапановы ад клубаў, якія ставяць амбітныя задачы і снуюць грандыёзныя планы, то чаму б і не?

У прыярытэце – пагуляць у Еўропе. Ёсць клубы, якія ўжо выяўляюць зацікаўленасць. Сярод іх – тыя, якія выступаюць у Лізе Еўропы. Жадання і матывацыі Арцём мае досыць. Ва Украіне Мілеўскі ахвочы гуляць толькі ў кіеўскім «Дынама», але ніякіх прапаноў з яго боку пакуль не паступала.

Толькі 2 тыдні таму паступалі прапановы ад іншых клубаў. Таму знайсці каманду не будзе праблемай», – Панкаў запэўнівае, што неўзабаве мы ўбачым Мілеўскага ў новай футболцы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках