19 траўня 2024, Нядзеля, 22:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрыст РЭП: Праўда ўрэшце перамагае

2
Юрыст РЭП: Праўда ўрэшце перамагае

Менгарсуд скасаваў пастанову ў «справе страхароў».

Пазоў брыгады страхароў да "Трэста Белтрансбуд" пра спагнанне запазычанасці ў аплаце працы скіраваны на паўторны разгляд у суд Маскоўскага раёна Менска. Такую пастанову 19 ліпеня прыняла калегія суддзяў Менскага гарадскога суда, паведамляе praca-by.info.

19 ліпеня калегія Менгарсуда паўторна разгледзела касацыйную скаргу брыгады страхароў на пастанову суда Маскоўскага раёна Менска.

Брыгада страхароў (22 чалавекі) спрабуе спагнаць з будаўнічага "Трэста Белтрансбуд" запазычанасць за выкананыя працы паводле дамоваў падраду, выкананыя ў кастрычніку 2017 года – студзені 2018 года. Адказнік завінаваціўся працоўным больш за 83 тысячы рублёў, але прызнаў пазыку толькі 10 тысячаў рублёў. 2 траўня суддзя Маскоўскага суда Менска Святлана Смоліна вынесла пастанову ў справе, якая не задаволіла большасць пазоўнікаў.

19 ліпеня калегія Менгарсуда настойліва цікавілася ў пазоўнікаў, чаму брыгада страхароў выконвала працы без дамовы падраду. На што брыгадзір Сяргей Вячэрскі адказаў: "Я давяраў дзяржаве". "Трэст Белтрансбуд" з'яўляецца дзяржаўным прадпрыемствам, таму ў працоўных не было падставаў не давяраць вусным дамоўленасцям з наймальнікамі.

Прадстаўнік "Трэста Белтрансбуд" агучыў у судзе, што 17 ліпеня прадпрыемства пачало працэдуру банкруцтва. У сувязі з гэтым трэст хадайнічае, каб Менгарсуд скасаваў пастанову суда Маскоўскага раёна і пакінуў пазоў страхароў без разгляду.

Пракурор падтрымаў довады касацыйнай скаргі (не прызначаная почырказнаўчая экспертыза, не вывучаныя ўсе абставіны справы) і прасіў суд накіраваць справу на новы разгляд.

Калегія Менгарсуда пагадзілася з прадстаўніком пракуратуры і накіравала справу на паўторны разгляд у суд Маскоўскага раёна Менска.

– Я рады, што ў Менскім гарадскім судзе ёсць суддзі, якія могуць прыняць законную і абгрунтаваную пастанову: правасуддзе ўрэшце перамагае. Дзякуй калегіі Менскага гарадскога суда за вынесеную пастанову, – адзначыў прававы інспектар прафзвязу РЭП Юры Белякоў, які прадстаўляў інтарэсы ў судовым пасяджэнні. – Спадзяюся, што ў судзе Маскоўскага раёна пры пераглядзе справы суддзя прыслухаецца да меркавання працоўных.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках