19 траўня 2024, Нядзеля, 23:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасля чэмпіянату

3
Пасля чэмпіянату
Волгоград-Арена после дождя 15 июля
Фото: svoboda.org

Экалагічныя наступствы расейскага мундыялю.

Пра будучыню новых спартовых арэнаў і пра тое, у якім стане знаходзіцца алімпійская спадчына ў Сочы, «Голасу Амерыкі» апавялі расейскія эколагі.

У той самы дзень, калі ў Маскве праходзіў фінальны матч Чэмпіянату свету ў футболе 2018, у Валгаградзе дажджом была змытая частка схілу перад новым стадыёнам, які быў пабудаваны да мундыялю. Моцная залева затапіла частку памяшкання і ўнутры спартовай арэны. Плыні вады знеслі частку ходнікаў вакол стадыёна і берагавыя ўмацаванні.

Будаўніцтва «Валгаград-Арэны», дзе прайшлі чатыры матчы групавога турніру ЧС-2018, паводле афіцыйных ацэнак каштавала 17 млрд рублёў.

Падарунак вобласці або камень на шыі бюджэту?

Працякае і новы стадыён у Ніжнім Ноўгарадзе, дзе праходзілі матчы групавой часткі мундыялю і дзве гульні ў рэжыме «плэй-оф».

Старшыня рады ніжагародскага экалагічнага цэнтра «Дронт» Асхат Каюмаў кажа, што ў большай ступені, чым сам стадыён, пацярпела ягоная навакольная інфраструктура: «у адным месцы на даволі прыстойнай адлегласці змыла ходнікі. Іх цяпер аднаўляюць, але ўжо зразумела, што ў час пракладкі нехта зэканоміў на матэрыялах, і цяпер даводзіцца ўсё рабіць зноўку».

Стадыён «Ніжні Ноўгарад» на 45 тыс. гледачоў быў уведзены ў эксплуатацыю ў сярэдзіне красавіка. Агульны кошт будаўніцтва аб'екта, паводле афіцыйных звестак склаў амаль 18 млрд рублёў. Асхат Каюмаў сумняваецца, што стадыён акупіцца ў агляднай будучыні: «Што за мерапрыемствы тут трэба праводзіць, каб забяспечыць поўны збор гледачоў?»

На ягоную думку, публіка будзе запаўняць трыбуны толькі ў выпадку якіх-небудзь неспартовых мерапрыемстваў – напрыклад, падчас канцэртаў якіх-небудзь сусветных знакамітасцяў.

«Ну, у нас яшчэ нічога, а вось у Саранску пабудавалі стадыён, дык там увогуле вялікія праблемы. З аднаго боку, гэты горад – сталіца рэспублікі, але яе насельніцтва настолькі малое, што такі гіганцкі стадыён (на 44 149 месцаў – А.П.) адназначна будзе вісець каменем на шыі бюджэту. Бо ўтрымліваць стадыён неяк трэба», – адзначае кіраўнік экалагічнага цэнтра «Дронт».

І, перайшоўшы да стадыёна ў сваім рэгіёне, прадаўжае: «Пакуль абяцаюць, што ўтрымліваць яго будзе федэральны бюджэт, як паказвае практыка, потым яго, хутчэй за ўсё, "падораць" вобласці, і такі падаруначак будзе вісець каменем. Хоць цяперашні в.а. губернатара кажа, што вядуцца перамовы з нейкім замежным інвестарам, які гатовы ўзяць стадыён і прыдумаць, як надалей яго выкарыстоўваць. Паглядзім, але пакуль гэта ўсё з серыі папярэдніх размоваў».

«Сумныя наступствы» зімовай Алімпіяды ў субтропіках

Ёсць таксама вялікія асцярогі адносна будучага стадыёна «Калінінград Арэна», пры будаўніцтве якога былі парушаныя правілы захавання.

Але калі будучыня новых спартовых аб'ектаў, пабудаваных спецыяльна для ЧС-2018, пакуль яшчэ толькі выклікае сумненні і трывогі, то пра экалагічную спадчыну «зімовай Алімпіяды ў субтропіках», якая праходзіла ў Сочы з 7 да 23 лютага 2014 года, можна казаць ужо цяпер. І на гэтым прыкладзе паспрабаваць уявіць, што чакае новыя спартовыя арэны ад Калінінграда да Саранска, ад Санкт-Пецярбурга да Валгаграда.

За чатыры тыдні да пачатку XXII зімовай алімпіяды карэспандэнтка Расейскай службы «Голасу Амерыкі» звязвалася з каардынатарам грамадскай арганізацыі «Экалагічная вахта на Паўночным Каўказе» Андрэем Рудамахам і прасіла яго даць ацэнку сітуацыі ў рэгіёне. Характарыстыка была бянтэжлівая: «Гульні на костках прыроды».

Праз чатыры з паловай гады Андрэй Рудамаха называе экалагічныя наступствы ад сочынскай Алімпіяды «сумнымі і нават катастрафічнымі».

«За час Алімпіяды быў знішчаны ўнікальны прыродны комплекс Сочынскага нацыянальнага парку, пацярпеў і Каўказскі запаведнік. Пры гэтым федэральныя ўлады абяцалі ўсё гэта кампенсаваць, але замест гэтага, што называецца, па накатанай дарожцы, прадаўжаецца тая ж тэндэнцыя», – апавядае эколаг.

Напрыклад, паводле словаў Рудамахі, кампанія дэвелапменту гарналыжнага курорта «Ружа Хутар» ужо пасля заканчэння Гульняў прадоўжыла разбурэнне Сочынскага нацыянальнага парку, занялася пракладкай дарогі за Чырвоную паляну ў бок Каўказскага запаведніка. Да ліку нявыкананых федэральнымі ўладамі абяцанняў Андрэй Рудамаха адносіць аднаўленне экалагічнай сістэмы ракі Мзымта і ўключэнне Сочынскага заказніка ў склад запаведніка.

«А калі ў Сочы праводзіліся матчы Чэмпіянату свету ў футболе, міжнародныя структуры павінны былі б нагадаць Расеі, што яна не выканала свае абяцанні ў рэгіёне. Але, на жаль, гэтага не адбылося», – канстатуе эксперт.

На думку каардынатара «Экалагічнай вахты на Паўночным Каўказе», у тым, што здарылася ў Сочы і на найбліжэйшых тэрыторыях, у роўнай ступені вінаватыя як расейскія ўлады, так і вядомыя міжнародныя арганізацыі, як Міжнародны Алімпійскі камітэт і Праграма ААН навакольнага асяроддзі. «Таму што менавіта яны дазволілі ўсяму гэтаму адбыцца. Яшчэ ні адна Алімпіяда ў свеце не праводзілася такім коштам для стану навакольнага асяроддзя. А тут атрымліваецца: знішчылі велізарную тэрыторыю, ну і добра!» – мяркуе ён.

Падчас мінулага Чэмпіянату свету быў задзейнічаны адзін алімпійскі аб'ект – стадыён «Фішт». «І гэта было самае разумнае выкарыстанне алімпійскай спадчыны. Таму што пабудавалі велізарную колькасць спартовых аб'ектаў у Імярэцінскай нізіне, якія нікому не патрэбныя. Яны ляжаць цяжарам на бюджэце, іх утрыманне вельмі дарагое, пры гэтым яны практычна не выкарыстоўваюцца», – сведчыць Андрэй Рудамаха.

«Наступствы няправільных арганізацыйных пастановаў»

Другі суразмоўца Расейскай службы «Голасу Амерыкі» – экалагічны актывіст з Туапсэ, а ў нядаўнім мінулым палітычны вязень Яўген Віцішка – адзначае, што ў рэгіёне, дзе праходзілі XXII зімовыя Гульні, спраўдзілася практычна ўсё, пра што ён і ягоныя калегі папярэджвалі яшчэ на падрыхтоўчай стадыі .

«Павялічылася колькасць апоўзняў у Сочы і на прылеглых тэрыторыях. – пералічвае Віцішка. – Павялічылася колькасць паводак. Павялічылася колькасць праблемаў, звязаных з транспартам, бо ніхто не падумаў, як людзі будуць дабірацца да аб'ектаў, якія знаходзяцца ў Сочы. Не павялічылася колькасць дарог, іхнія шырыня і якасць, таму мы маем аўтамабільны корак ад Краснадара да Сочы».

Акрамя гэтага, у выніку будаўніцтва порта апынуліся непрыдатнымі для выкарыстання пляжы Імярэцінскай нізіны. «Двойчы на год адбываецца разбурэнне набярэжнай, і няма ніякай упэўненасці ў тым, што ў перспектыве гэтая тэрыторыя будзе абароненая», – сцвярджае Віцішка. Ён дадае, што ў перыяд мундыялю частка Адлерскага раёна Сочы, уключаючы аэрапорт, чыгуначны вакзал і шэраг іншых інфраструктурных аб'ектаў, была затопленая.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках