20 траўня 2024, панядзелак, 0:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

12 моцных фразаў беларускага міліцыянта, які ўстаў на абарону Курапатаў

17
12 моцных фразаў беларускага міліцыянта, які ўстаў на абарону Курапатаў

Правілы жыцця Міхаіла Грамыкі.

5 ліпеня суд асудзіў былога супрацоўніка цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна Міхаіла Грамыку за ўдзел у акцыі супраць рэстарана «Поедем поедим». Былому прапаршчыку далі дзесяць сутак. Міхаіл ужо на волі. «Наша Ніва» паразмаўляла з міліцыянтам і даведалася, як яго затрымлівалі і звальнялі, а заадно задала пытанні пра міліцэйскую і судовую сістэму. Журналісты kyky.org сабралі для вас 12 моцных цытатаў былога беларускага міліцыянта.

Пра самасвядомасць

«Міністр Шуневіч Ігар Анатольевіч. Гэтыя пераапрананні ў форму НКУС, калі ён кажа, што гэта наша гісторыя, наша спадчына, пятае-дзясятае... Не ведаю, якая ў яго там спадчына. Мая спадчына – Беларусь. Я міліцыянт Беларусі, незалежнай краіны».

Пра магчымасць увайсці ў склад іншай краіны

«У пачатку лета ўвялі новыя пасведчанні. Падобныя да расейскіх, толькі без двухгаловай курыцы, а з беларускім прэзідэнцкім гербам. Гэта што, мы рыхтуемся ўваходзіць у склад Расейскай імперыі?.. Я прыйшоў на працу, а калега, маёр, пасля словаў Лукашэнкі пра «ўвайсці ў склад іншай дзяржавы» пачынае пры мне гугліць, колькі маёр паліцыі зарабляе ў Расеі. Ён ужо здаў краіну фактычна, яму пофіг, што тут. Гэта мяне таксама зачапіла. Атрымліваецца, можа, сапраўды хутка ўвойдзем у склад Расеі?»

Пра суд за ўдзел у акцыі каля рэстарана «Поедем поедим»

«У мяне пыталася суддзя, ці супраць я рэстарана. Я не супраць рэстарана, я ўвогуле супраць забудовы Курапатаў. Гэта беларуская Галгофа, месца смутку. А там будуюць і будуюць, парушаюць законы».

Пра звальненне

«На наступны дзень [пасля акцыі] мне кіраўніцтва тэлефануе, маўляў, трэба сустрэцца, пад'едзем, маўляў, пагаворым, вы ведаеце пра што. А я сядзеў дома, піў піва. І думаю, не, ёсць жа стандартныя міліцэйскія метады, запросяць выйсці ў пад'езд, а гэта ж грамадскае месца, ну, і забяруць мяне за знаходжанне ў п'яным выглядзе. Таму кажу: не, давайце заўтра.

Прыехаў на працу, напісаў тлумачальную, мяне звольнілі з фармулёўкай “парушэнне ўмоваў кантракту”. Бо міліцыянт абавязаны не выказвацца ў падтрымку партый, рухаў і аб'яднанняў. Праўда, я і не выказваўся ў падтрымку кагосьці, але трэба ж было мяне звольніць. Ну думаю, хай будзе так, усё роўна, знойдуць іншую фармулёўку, каб выкінуць з працы. Ды і хопіць з мяне ўжо гэтай сістэмы. Гнілая сістэма».

Пра міліцэйскую і судовую сістэму

«У нас жа і ідэолагі працуюць, праводзяцца ідэалагічныя заняткі, вымаўляюцца словы пра гонар, годнасць, усё такое... Але дзе той гонар: афіцэрскі, міліцэйскі? Няма. Не прысутнічае. Павінна быць поўнае падпарадкаванне загадам, толькі “лінія партыі”. Тыя ж ілжывыя сведчанні амапаўцаў [на судах] – дзе там гонар? Яны ж ведаюць самі, што хлусяць. Але гэта загад. А мы, беларусы, людзі супервысокай выканальнасці».

Пра міліцыянтаў

«Увогуле мы, міліцыянты, кожны паасобку – выдатныя хлопцы, а разам збярэш – атрымліваецца кавалак незразумела чаго».

Пра затрыманне

«Ехаць да іх я адмовіўся. Кажу, ёсць пытанні? Хавацца не буду, выклікайце ў суд. Тады папярэдзілі, што будуць мяне шукаць, адпрацоўваць адрасы, усё як трэба. Ну, кажу, гэта ж ваша праца, правільна? Ну, і паехаў я да аднаго ў вёску, кіламетраў 30 ад Менска. Пераначаваў там, раніцай думаю, паеду дадому, прыйдуць за мной так прыйдуць. Некалькі кіламетраў ад вёскі ад'ехаў. Спыніўся каля лесу ў прыбіральню. Зрабіў свае справы, сеў у машыну, і тут з сустрэчнай паласы да мяне чырвоная машынка збочвае і становіцца нос да носа. Я збіраюся ехаць, мне з машыны махаюць – спыняйся. У машыне – супрацоўнік ЦІПа і в.а. намесніка кіраўніка ЦІПа. Ззаду пад'язджае "газель", каб блакаваць задні ход. А з чырвонай машыны выбягае чалавек, мой калега, ужо былы, ляціць да мяне. Але я пачаў з'язджаць, тая чырвоная машына пачынае спрабаваць перагарадзіць мне дарогу, злёгку б'е ў бок, у вобласць бака.

Я паехаў далей, чырвоная машына засталася стаяць ззаду, "газель" – за мной. Але разумею, што сэнсу няма ўцякаць. Гляджу на тэлефон – прапушчаны ад таго намесніка кіраўніка. Ператэлефанаваў, кажу, дай спакойна даехаць дахаты, пастаўлю там машыну і ўсё, бярыце мяне. Патэлефанаваў жонцы дарогай, патлумачыў, што міліцыя мяне забірае. Яна пакрычала на мяне трохі (усміхаецца). Прыпаркаваўся каля дома, выйшаў, мне рукі за спіну, кайданкі, і на Акрэсціна, там аформілі – і ў камеру».

Пра суткі на Акрэсціна

«Я сядзеў з тымі ж фактычна, каго нядаўна абараняў. Глядзяць, што твар знаёмы, але дзе бачылі, успомніць не могуць. Я апавёў, за што мяне пасадзілі, праўда, пра тое, што міліцыянтам быў, казаць не стаў. Падсаджвалі да мяне “барабашку”, каб разгаварыў. Думалі, што мне грошай заплацілі за тое, што ездзіў у Курапаты. Вось так працуе і думае сістэма. Сістэма настроеная Ігарам Шуневічам. Я яго нават трохі разумею, так бы мовіць. Ён родам з Луганска. Але ён за ўкраінца сябе не ўважае. Атрымліваецца, што і не ўкраінец, але і не беларус, і не расеец. Ён Homo Soveticus 2.0. Што ён тут робіць? Адчувае ён гэтую зямлю? Не, гэта проста найміт, які абавязаны быць лаяльным да ўлады, большага ад яго не патрабуецца».

Пра стаўленне родных пасля суда

«А бацька з братам асудзілі, бацька сказаў, каб я не прыязджаў да яго. Цешча падтрымала, дарэчы. Цесць быў настроены адмоўна, але ж у нас матрыярхат, усім руліць цешча (смяецца)».

Пра актывістаў Севярынца і Дашкевіча

«Я падчас працы ў міліцыі казаў хлопцам: “Давайце падумаем. Той жа Севярынец, у адрозненне ад нас усіх, матам не лаецца, не п'е, не курыць, у Бога верыць, беларускую культуру шануе, за краіну перажывае. Што яшчэ трэба, каб быць годным грамадзянінам Беларусі? А ён тут чаліцца”. Тое ж і пра Дашкевіча магу сказаць, і пра іншых. А я п'ю, мацюкаюся, палю... Я горшы за іх у некалькі разоў. Ды і ўсе мы горшыя, у сутнасці».

Пра палітычных зняволеных

«Раней давалі каманду зверху, каб палітычным было няпроста. То бялізну не давалі, то кідалі ў камеру да бамжоў. А цяпер такога ўжо няма».

Пра «новае» жыццё

«Ужо калі сядзеў на сутках, зразумеў, што адчуў сябе лягчэй, як камень з плячэй зваліўся. Хоць і за кратамі, а было адчуванне свабоды. Ёсць жа паняцце такое – «ціск пагонаў». І сапраўды, нібыта як цісне нешта на цябе. Ты ўвесь час трымаеш сябе ў рамках, кантралюеш кожны крок...»

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках