20 траўня 2024, панядзелак, 20:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як напраўду працавала савецкая эканоміка

45
Як напраўду працавала савецкая эканоміка

Беларускі блогер распавёў пра сапраўдную сітуацыю ў гандлі ў СССР.

Сёння будзе цікавы допіс пра два дакументы, якія паказваюць сапраўдны стан рэчаў у савецкім гандлі, піша вядомы беларускі блогер Максім Міровіч у сваім LJ.

Абодва дакументы надзвычай цікавыя, першы паказвае, што планавая савецкая эканоміка старалася ўсё рэгуляваць "уручную", праз гэта ўзнікалі бесперапынныя дэфіцыты альбо перавытворчасць. Усё гэта, дарэчы, выдатна апісаў Станіслаў Лем яшчэ ў пяцідзесятыя гады ў кнізе "Дыялогі". А другі дакумент паказвае, што для набыцця асабістага аўтамабіля савецкі чалавек павінен быў выпрошваць дазвол у мясцовых уладаў.

Такім чынам, вось дакумент нумар адзін - ён распавядае, як у СССР у 1952 годзе прадавалі лядоўні. У Ізмаіл прыйшла цэлая ўрадавая тэлеграма, колькі і каму там прадаваць лядоўняў, які кошт усталёўваць і што рабіць з "уцэнкай". Кошт лядоўні, дарэчы, быў 2500 дарэформенных рублёў, што амаль удвая вышэй за сярэдні заробак у СССР у той час.

Тэлеграма выдатна паказвае, як менавіта працавала савецкая эканоміка - усе ўказанні прыходзілі з цэнтра, усім паказвалі, што і як рабіць - і нядзіўна, што ў краіне быў бесперапынны дэфіцыт і ўзнікалі такія сітуацыі, што ў адной частцы краіны ў краме "Гаспадарчыя тавары" не было нічога, акрамя алюмініевых рондаляў, затое ў іншых гарадах краіны гэтыя рондалі было купіць наогул нерэальна.

А вось дакумент нумар два, які я ўжо некалькі разоў згадваў у сваіх допісах і ў існаванне якога не верылі фанаты СССР. Гэта праславуты дазвол на набыццё асабістага аўтамабіля, які трэба было атрымліваць у мясцовых органах улады. Дазвол атрыманы ў 1968 годзе ў горадзе Калінкавічы, выканкам Калінкавіцкага гарсавета дазваляе купіць такі аўтамабіль.

Таму, каб купіць асабістае аўто, простаму савецкаму грамадзяніну трэба было, па-першае, сабраць суму грошай (вельмі немалую і моцна завышаную што да якасці аўто), па-другое - адстаяць шматгадовую "чаргу" на магчымасць купіць аўто, і па-трэцяе - яшчэ прасіць міласэрны дазвол у мясцовых уладаў.

Дарэчы, гэта такі ж 408-ы "аўтамабіль Масквіч, новая мадэль", які купляў герой фільма "Брыльянтавая рука" ў 1969 годзе.

Такія справы.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках