6 траўня 2024, панядзелак, 5:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Справа медыкаў»: З'явіліся новыя фігуранты зачысткі Міністэрства аховы здароўя

37
«Справа медыкаў»: З'явіліся новыя фігуранты зачысткі Міністэрства аховы здароўя
ІГАР ЛАСІЦКІ
ФОТА: BSMU.BY

Сталі вядомыя імёны іншых высокапастаўленых медыкаў, якіх затрымалі ў Беларусі.

Нагадаем, 25 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык паведаміў аб тым, што камітэт выявіў маштабную карупцыйную схему ў сферы аховы здароўя Беларусі, затрымана 33 чалавекі. У іх ліку - дырэктар цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, за развязанне пытанняў у дзяржаўнай рэгістрацыі лекаў; дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак - за арганізацыю ўкладання і выканання дамоў, забеспячэнне своечасовай аплаты і рэалізацыю закупак. Сярод фігурантаў таксама начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Пазней стала вядома пра затрыманне галоўнага лекара Менскай абласной бальніцы Андрэя Каралько.

Паводле інфармацыі tut.by, нядаўна спіс папоўнілі не менш вядомыя персоны. Між іншым, гаворка ідзе пра намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага. Ён ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва і кантроль за будаўніцтвам, рэканструкцыяй і развіццём матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны аховы здароўя. Курыраваў пытанні абароту медыцынскіх вырабаў у Беларусі і ліцэнзавання, з'яўляўся старшынём профільных камісій Міністэрства аховы здароўя і «Белмедтэхнікі», гаворыцца на сайце ведамства.

Ласіцкі стаў намеснік міністра ў сакавіку 2013 года. Да гэтага 5 гадоў быў начальнікам упраўлення аховы здароўя Берасцейскага аблвыканкама і сем гадоў - галоўным лекарам Берасцейскай дзіцячай абласной бальніцы. Ён уважаўся пратэжэ былога міністра Васіля Жарко.

Яшчэ адной ахвярай маштабнай зачысткі сілавікоў стаў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі.

«Доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік... Аляксандр Валянцінавіч - паважаны чалавек. І такіх людзей, паважаных лекараў, не адзін дзясятак у СІЗА. Тое, што адбываецца - вельмі сумна. Хутка ў краіне не застанецца лекараў», - кажа супрацоўнік аднаго з медцэнтраў.

«Вельмі дзіўна, што толькі цяпер заняліся гэтай тэмай. Хоць пра супярэчлівую сістэму закупак і ліцэнзавання ў Міністэрства аховы здароўя ўсім было вядома вельмі даўно. Пра яе не гаварыў толькі лянівы. У выніку ўсе прыстасоўваліся. А трэба было ўсе працэсы душыць у самым зародку. Чаму 5-7-10 год таму не заняліся гэтым, а дапусцілі такі маштаб? Вось якое сёння ключавое пытанне», - разважае топ-мэнэджар замежнай фармкампаніі, якая пастаўляе лекі і медтэхніку ў Беларусь.

Атрымаць каментар у прэс-службах КДБ і Міністэрства аховы здароўя не ўдалося.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках