23 красавiка 2024, aўторак, 11:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як жывуць сем'і тых, хто ў 1968-м выйшаў на Чырвоную плошчу

Як жывуць сем'і тых, хто ў 1968-м выйшаў на Чырвоную плошчу

50 гадоў таму, некалькі чалавек пратэставалі ў Маскве супраць уварвання савецкіх войскаў у Чэхаславакію.

У жніўні 1968 года на Чырвоную плошчу выйшлі некалькі чалавек, пратэстуючы супраць уварвання савецкіх войскаў у Чэхаславакію, паведамляе «Радио Свобода».

Іх было сямёра – Канстанцін Бабіцкі, Наталля Гарбанеўская, Ларыса Багараз, Вадзім Дэлоне, Уладзімір Драмлюга, Павел Літвінаў і Віктар Файнбэрг. Яны разгарнулі плакаты каля Лобнага месца з надпісамі "За нашу і вашу свабоду", "Ганьба акупантам!", "Рукі прэч ад ЧССР". Акцыя доўжылася блізу пяці хвілін, пакуль дэманстрантаў не затрымалі.

Іх прысудзілі да розных тыпаў пакарання. Файнберга адправілі на прымусовае лячэнне. Гарбанеўскай паставілі дыягназ "млявая шызафрэнія", аднак праз год яна дамаглася высновы галоўнага псіхіятра Масквы, што не хворая на шызафрэнію і не мае патрэбы ў змяшчэнні ў спецлякарню. Астатнія ўдзельнікі акцыі атрымалі розныя тэрміны пазбаўлення волі і спасылкі.

Пяцёра з "сямёркі смелых", як цяпер называюць удзельнікаў той жнівеньскай акцыі ў Чэхіі, эмігравалі з СССР у пачатку 70-х. Наталля Гарбанеўская, Віктар Файнберг і Вадзім Дэлоне жылі ў Францыі, а Павел Літвінаў і Уладзімір Драмлюга – у ЗША. Ларыса Багараз і Канстанцін Бабіцкі засталіся ў Савецкім Саюзе. Яны не маглі працаваць паводле спецыяльнасці. Багараз удзельнічала ў выпуску самвыдатаўскіх зборнікаў "Памяць", а ў 1989 годзе стала старшынёй Маскоўскай Хельсінкскай групы. Бабіцкі зарабляў на жыццё цяслярным рамяством і перакладамі.

Да цяперашняга часу ў жывых з "сямёркі смелых" засталіся толькі Павел Літвінаў і Віктар Файнберг. У чэрвені гэтага года іх узнагародзілі прэміяй міністра замежных спраў Чэхіі Gratias Agit – за намаганні для ўмацавання рэпутацыі Чэшскай рэспублікі за мяжой.

Журналісты сустрэліся з трыма нашчадкамі тых дысідэнтаў, каб даведацца, як яны жывуць, як паўплывалі тыя падзеі на лёс іх сям'і і што яны думаюць аб сучаснай Расеі.

Іван Бабіцкі нарадзіўся ў 1979 годзе ў Маскве. У 2003 годзе скончыў класічнае аддзяленне факультэта філалогіі МДУ, затым вучыўся ў Сарбоне, дзе вывучаў літаратурную тэорыю французскага Рэнесансу. Навуковую дзейнасць Іван працягнуў у Фларэнтыйскім універсітэце (Італія), дзе паступіў у аспірантуру.

Цяпер ён працуе каардынатарам праектаў у "Дысернэце" і разам з калегамі праводзіць экспэртызы навуковых прац супрацоўнікаў ВНУ, палітыкаў і чыноўнікаў. Менавіта Бабіцкі з калегамі правяраў дысертацыю міністра культуры Расеі Уладзіміра Мядзінскага.

Іван распавядае, што крыху ведае аб удзеле свайго дзеда ў дэманстрацыі семярых – да канца жыцця ў Канстанціна Бабіцкага развілася хвароба Альцгеймера, якая пагаршае памяць, і ён ужо не мог расказваць аб мінулым. Успамінаў пра засталося напраўду няшмат. “Адзінае – добра памятаю сваю першую паездку ў Парыж у 1991 годзе. Мы туды паехалі з бабуляй, пазней прыехаў і дзед. Ён шпацыраваў па горадзе і казаў: не пазнаю Маскву. Быў ужо ў нейкім туманным стане".

З іншымі нашчадкамі савецкіх дысідэнтаў Іван часам сустракаецца. Ім нават здаралася разам трапляць у аўтазак пасля апазіцыйных мітынгаў. Яны бываюць на мерапрыемствах у "Мемарыяле", або ў Сахараўскім цэнтры. “Палітычны пратэст прыводзіць хутчэй да добрага, чым дрэннага. Пасля 2011 года, калі пратэсты заспелі знянацку дзяржаву, ёй давялося "страціць твар" і пайсці на паслабленні пад ціскам грамадскасці. Таму пазней улады надумалі заціскаць незалежна ад таго, як людзі сябе паводзяць. Нельга сказаць "сядзіце ціха, тады ўсё будзе добра", гэта не працуе: усё адно будуць кантраляваць і забараняць. Пратэст у горшым выпадку ні на што не паўплывае. Але ў лепшым выпадку ён можа прымусіць уладу дзейнічаць больш абачліва і асцярожна", – тлумачыць Іван Бабіцкі.

Нюсе Красавіцкай 26 гадоў. Яна нарадзілася ў Краснадары, але дзяцінства ў асноўным правяла ў Маскве. Цяпер дзяўчына вучыцца на мастацтвазнаўцу ў Мастацкім інстытуце імя Сурыкава і працуе піяр-мэнэджарам у дзіцячым выдавецтве "Ружовы жыраф". Красавіцкая была асістэнткай мастака ў строях у дакументальна-ігравым кіно "Раманавы", а таксама ўдзельнічала ў праекце "Метро", дакументальным фільме пра Міхаіла Лермантава і некалькіх серыялах.

З бабуляй Наталляй Гарбанеўскай яна камунікавала пастаянна, разам хадзілі па кніжных крамах і музеях. У падлеткавым узросце Нюся разам з бабуляй выходзіла з пікетамі на Пушкінскую плошчу, выказваючыся, напрыклад, супраць узмацнення ўплыву царквы ў школах або супраць закрыцця тэлеканала "2х2". Цяпер яна таксама ходзіць на мітынгі, але радзей.

Аляксандр Даніэль нарадзіўся ў Маскве ў 1951 годзе ў сям'і паэта і дысідэнта Юлія Даніэля і праваабаронцы Ларысы Багараз. Ён атрымаў тэхнічную адукацыю і доўгі час працаваў праграмістам. У 70-е гады быў супрацоўнікам самвыдату "Хроніка бягучых падзей", які выдавала Наталля Гарбанеўская. З 1976 да 1980-га разам з сябрамі выдаваў гістарычны бюлетэнь "Памяць".

Ужо 30 гадоў Даніэль працуе ў "Мемарыяле", дзе вывучае дысідэнцкі рух, даследуе гісторыю Вялікага тэрору і высвятляе, як прадстаўлена гэтая тэма ў расейскіх музеях і за мяжой. У вольны час ён чытае лекцыі і выступае на мерапрыемствах "Мемарыяла". На адукацыйным партале "Арзамас" апублікаваны ягоны курс "Чалавек супраць СССР". Далейшымі планамі дзеліцца ўпэўнена: "Трэба выдаць рукапіс Арсенія Рагінскага аб статыстыцы Вялікага тэрору, аблічбаваць некаторыя матэрыялы, якіх няма ў электронным выглядзе".

25 жніўня 1968 года Аляксандр памятае добра, яму было 17 гадоў, і ён тады вярнуўся ў Маскву з Прыбалтыкі. Там ён спрабаваў паступіць у універсітэт у Тарту, куды яго так і не залічылі. “Прыйшоў дадому, а там нікога няма. Я не ведаў аб планах маці выйсці на дэманстрацыю. Пазней занепакоіўся. Патэлефанаваў знаёмай, яна мне паведаміла пра акцыі. Мы адправіліся з ёй у дом Пятра Якіра, дзе заўсёды можна было даведацца апошнія звесткі. Там нам паведамілі аб затрыманні маці. Я не адразу, але паехаў дадому, дзе ўжо праходзіў ператрус. Так мы з ёй і ўбачыліся. Пасля яна ні разу не пашкадавала, што выйшла на Чырвоную плошчу", – успамінае Даніэль.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках