«Дзе цяпер усе ахвотныя?»
13- 21.07.2026, 15:57
- 16,844
Медыцынскія вузы страцілі абітурыентаў, тады як у іншых конкурс вырас.
Калі 17 ліпеня ў Беларусі скончыўся прыём дакументаў на дзённую бюджэтную форму навучання, многія не паверылі ва ўласныя вочы: конкурсныя балы ў чатырох медыцынскіх універсітэтах краіны абваліліся да ўзроўню, якога тут не памятуюць гадамі, а за суткі да заканчэння кампаніі вольных месцаў ва ўсіх медыцынскіх ВНУ было больш, чым ахвотных іх заняць.
Чаму так адбылося і ці ва ўсіх беларускіх ВНУ склалася падобная сітуацыя? На гэтае пытанне адказвае «Белсат».
Абвал у параўнанні з мінулым годам
Публікацыя выніковых балаў у БДМУ — галоўным медыцынскім універсітэце краіны — стала штуршком да вялікай дыскусіі. Высветлілася, што на ўсіх факультэтах, акрамя стаматалагічнага, праходны бал абваліўся ў параўнанні з мінулым годам на дзясяткі пунктаў: на лячэбным — з 386 да 332, на педыятрычным — з 368 да 319, на медыка-прафілактычным — з 334 да 273, на фармацэўтычным — з 381 да 283. Апошні факультэт страціў амаль 100 балаў за адзін год.
Хваля абмеркаванняў імгненна паднялася ў сацыяльных сетках, бо раней на медыцынскія спецыяльнасці конкурс быў адным з самых вялікіх у краіне.
«Раней у мед быў вельмі высокі конкурс, мінімум 3 чалавекі на месца, а дзе цяпер усе ахвотныя? Правільна, не хочуць пасля працаваць за дзякуй», — адрэагаваў адзін з карыстальнікаў.
Іншыя звязвалі падзеі з больш шырокім кантэкстам — крызісам прэстыжу прафесіі, а таксама з неабходнасцю адработкі ў будучыні: «Ніхто не хоча працаваць пасля выпуску пяць гадоў у якой-небудзь вёсцы з мізэрнай зарплатай. Вось галоўная прычына!»
У чым сутнасць праблемы
Прычын дзве. Па-першае, з 2026 года медыцынскія вузы цалкам адмовіліся ад платнай формы навучання, а бюджэтныя месцы, наадварот, рэзка павялічыліся: толькі ў БДМУ на дзённым бюджэце стала 548 замест леташніх 255 (плюс яшчэ 95 месцаў, якія раней займалі платнікі). Па ўсёй краіне бюджэт у медыцынскіх ВНУ павялічылі больш як на 700 месцаў, паведаміў намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андросюк.
Другі фактар — мэтавы набор, калі абітурыент падпісвае кантракт з канкрэтнай бальніцай або паліклінікай і пасля вучобы абавязаны там адпрацаваць пяць гадоў (у параўнанні з двума гадамі для звычайных бюджэтнікаў). Менавіта мэтавікі, па словах Андросюка, і забралі найлепшых абітурыентаў: больш за 60% з іх мелі бал атэстата 90 і вышэй, а сярэдні бал пры паступленні на мэтавае вырас прыкладна на 30% у параўнанні з мінулым годам.
«Шмат дзяцей з высокімі баламі пайшлі па мэтавым. Але калі паступаючыя ўбачылі, што праходныя балы высокія, многія спалохаліся і забралі дакументы. Вось у чым праблема», — тлумачыў Андросюк на СТВ.
Іншымі словамі, паводле чыноўніка: моцныя абітурыенты пайшлі на мэтавае яшчэ да старту агульнага конкурсу, астатнія, убачыўшы, наколькі высока паднялася планка на мэтавых месцах, спалохаліся і забралі дакументы, а на агульным конкурсе засталіся ў асноўным тыя, хто вырашыў рызыкнуць нават з невысокім балам.
Пры гэтым сітуацыя аказалася не такой аднамернай, як магло падацца. Пры канчатковым залічэнні ў БДМУ высветлілася, што больш за 65% першакурснікаў набралі 360 балаў і вышэй — проста разам з імі бюджэт запоўнілі і тыя, хто набраў значна менш.
Адкуль узялося рашэнне
Рэформу анансавалі яшчэ ў красавіку. У Міністэрстве тлумачылі: праходныя балы ў папярэднія гады сталі «зашкальваюча высокімі» — да 395 на стаматалогію, і ў выніку моцныя абітурыенты апыналіся па-за бюджэтам.
«Наша дзяржава сацыяльна арыентаваная, таму імкнемся даць магчымасць бясплатнага навучання самым матываваным маладым людзям», — тлумачыла тады начальніца Галоўнага ўпраўлення кадравай работы Мінздароўя Вольга Калюпанава.
У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце план прыёму на лячэбны факультэт вырас з 335 да 475 месцаў, у БДМУ агульны бюджэт павялічыўся на 255 месцаў, а колькасць месцаў на асобных спецыяльнасцях — на 15–35%. Па ўсёй краіне ВНУ ў 2026-м планавалі прыняць больш за 49 тысяч абітурыентаў, бюджэтны набор вырас на 1300 месцаў — да 33,1 тысячы, а платны, наадварот, скараціўся на 400.
За гэтым рашэннем стаіць і больш даўняя праблема: кадравы дэфіцыт у беларускай медыцыне, у сістэме аховы здароўя не хапае больш як трох тысяч лекараў. Лукашэнка неаднаразова сцвярджаў, што лекары, якія з'ехалі ў Польшчу, «тысячамі просяцца назад у дыктатуру» і дома іх чакае толькі «мыццё посуду».
Але падлікі журналістаў кажуць іншае: сярэдні заробак беларускага лекара — каля 4300 рублёў да ўтрымання падаткаў (прыкладна 3700 рублёў на рукі), тады як мінімальныя базавыя стаўкі для маладых лекараў у Польшчы толькі пачынаюцца ад узроўню, эквівалентнага каля 9 тысячам рублёў, а сярэдні заробак лекара-спецыяліста там перавышае беларускі амаль у 3,5 раза. Менавіта гэты кантэкст — недахоп лекараў у краіне на фоне іх ад'езду за мяжу дзеля большых заробкаў — і робіць рэформу набору такой адчувальнай тэмай для грамадства.
А што адбываецца ў іншых ВНУ
Карціна ў іншых установах вышэйшай адукацыі выглядае супрацьлеглай. Усяго па краіне на 33,1 тысячы бюджэтных месцаў падалі 52,7 тысячы заяў. Так, у БДУ пры плане 2626 месцаў — 4303 заявы, сярэдні конкурс 1,64 чалавека на месца, а на «Матэматыку» праходны бал вырас з 262 да больш як 350 (+88 балаў), на «Фізіку» — з 193 да амаль 285 (+92). Найвышэйшы конкурс — на «Графічны дызайн і мультымедыя-дызайн», амаль 13 чалавек на месца.
У БДУІР, дзе традыцыйна змагаюцца за IT-спецыяльнасці, пры плане 1113 месцаў на дзённы бюджэт падалі 1337 заяў: на «Праграмную інжынерыю» — 173 заявы на 65 месцаў, на «Інфармацыйную бяспеку» — 114 на 50, а асноўная маса абітурыентаў мела ад 350 да максімальных 400 балаў.
У БНТУ падалі 4704 заявы пры плане 3828 першакурснікаў, максімальны бал склаў 398, а на асобныя прэстыжныя спецыяльнасці праходны бал дасягаў 391–395. Але і тут не абышлося без пустых месцаў: на спецыяльнасць «Вытворчасць будаўнічых вырабаў і канструкцый» пры 8 бюджэтных месцах не пададзена ніводнай заявы.
У БДЭУ конкурс таксама застаўся высокім: на «Правазнаўства» пры 54 месцах — 126 заяў, на «Фінансы і крэдыт» — 197 заяў на 157 месцаў. Многія абітурыенты, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, мелі суму балаў вышэй за 300 і нават 350.
У рэгіянальным ГрДУ імя Янкі Купалы з 2684 заяў 590 чалавек мелі 300 балаў і больш, а 39 — стабальныя сертыфікаты. На фоне медыцынскіх ВНУ, куды можна было паступіць з 180–200 баламі, іншыя ўніверсітэты дэфіцыту моцных абітурыентаў не адчулі.
Спробы кампенсаваць недахоп медыкаў безвыніковыя
Незалежная экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч звязвае сітуацыю не столькі з ростам колькасці бюджэтных месцаў, колькі з тым, як уладкаваная сама сістэма падрыхтоўкі медыкаў.
«У мяне адназначнае разуменне таго, што адбываецца, асабліва ў медуніверсітэтах: праз іх спрабуюць палепшыць сітуацыю з недахопам кадраў на рынку працы — мы ведаем, што вельмі шмат медыкаў з'ехалі пасля 2020 года. І любыя спробы кампенсаваць недахоп кадраў у медыцыне пакуль не прыносяць вынікаў», — кажа суразмоўніца.
Яна адзначае, што павелічэнне колькасці бюджэтных месцаў — гэта «цалкам нармальны крок», іншая справа, што пры гэтым не адменена сістэма размеркавання. Наадварот — яна толькі ўзмацняецца.
«З боку грамадзян заўсёды быў вельмі вялікі попыт на гэтыя віды спецыяльнасцяў, заўсёды быў вельмі вялікі конкурс... ён не зменшыўся ні ў якой ступені. Проста абстаноўка і працэдура паступлення... не надаюць прывабнасці... Скарачэнне ступені свабоды пры выбары прыводзіць да таго, што адбываецца зніжэнне попыту, і спажывец пачынае шукаць іншыя магчымасці і шляхі атрымання спецыяльнасці, асабліва ў медыцыне», — тлумачыць Мацкевіч.