«Незадаволенасць назапашваецца гадамі, а выплюхваецца на вуліцы вокамгненна»
4- 3.08.2018, 22:59
- 19,800
У 90-я і ў пачатку 2000-х рабочыя ўжо паказалі, што яны здольныя на актыўныя дзеянні.
У Менску 28 ліпеня прайшоў XII з'езд Свабоднага прафзвязу Беларускага. Старшынёй СПБ на альтэрнатыўнай аснове быў абраны Мікалай Шарах, які раней з'яўляўся намеснікам старшыні СПБ Віцебскай вобласці, паведамляе віцебская «Вясна».
На з'ездзе прысутнічалі 13 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі: Магілёўскай, Берасцейскай, Віцебскай абласцей і горада Менска. Дэлегаты ад прафзвязных структур падвялі вынікі працы ранейшага кіраўніцтва, выбралі новае і выказалі яму свае пажаданні.
У сваёй справаздачы цяпер ужо былы старшыня СПБ Міхаіл Кавалькоў крытычна ацаніў уласную працу на пасадзе кіраўніка, аднак дэлегаты яго не падтрымалі.
Цяжкая сітуацыя ў СПБ, на думку большасці дэлегатаў, склалася праз агульны стан беларускага грамадства. Жорсткі прэсінг з боку ўладаў не толькі не слабеў у апошнія гады, але і ўзмацняўся. Прымяняюцца як старыя, так і новыя метады ціску на прафзвязы: гэта і забароны на рэгістрацыю, на правядзенне мірных сходаў, пікетаў; гэта і стварэнне фэйкавых старонак у сацсетках, рассыланне хлуслівых матэрыялаў пра прафзвязных актывістаў у СМІ (Полацк).
«Але ўсё гэта не павінна прымусіць нас скласці рукі», - сказаў Генадзь Быкаў, які стаяў ля вытокаў Свабоднага прафзвязу ў краіне. Ён згадаў 90-я і пачатак 2000-х, калі працоўныя паказалі, што яны здольныя на актыўныя дзеянні. Незадаволенасць назапашваецца гадамі, а выплюхваецца на вуліцы вокамгненна. Прафзвяз патрэбны рабочым як інструмент, каб правільна фармуляваць свае патрабаванні і цвёрда іх бараніць у перамовах з уладамі. «А такі досвед у нас ёсць», - падкрэсліў Генадзь.
Са слоў новаабранага старшыні СПБ Мікалая Шараха, першае, чым зоймецца кіраўніцтва, - гэта ўзмацненне інфармацыйнай працы і каардынацыя работы з нізавымі прафзвязнымі структурамі.
Дэлегаты выказалі сваю салідарнасць з лідарамі прафзвязу РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам, на якіх цяпер улада накінулася ўсёй сваёй моцай.
Датычна эканамічнай сітуацыі ў краіне і парушэнняў правоў работнікаў была прынятая рэзалюцыя з'езду.




