ААН патрабуе ад беларускіх уладаў змяніць і закон «Аб масавых мерапрыемствах»
8- 29.09.2018, 21:21
- 15,465
Праваабаронца Павел Левінаў змагаецца з Віцебскім гарвыканкамам за сваё права на выказванне меркавання.
"Камітэт у правах чалавека ААН зноў заяўляе, што дзяржаве-ўдзельніцы варта перагледзець сваё заканадаўства. Сярод іншага – пастанову №881 Віцебскага гарадскога раённага камітэта, з мэтай спрыяння поўнаму ажыццяўленню ў дзяржаве-ўдзельніцы правоў, замацаваных у артыкулах 19 і 21 Пакта", – гаворыцца ў нядаўна апублікаваных чарговых пастановах Камітэта ААН у правах чалавека (КПЧ), прынятых ім у дачыненні скаргаў праваабаронцы Паўла Левінава. Пра гэта паведамляе віцебская «Весна».
Гаворка ідзе пра Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, выконваць які абавязалася Беларусь згодна з ратыфікаванай краінай міжнароднай дамовай. Згодна з Канстытуцыяй, нормы міжнароднага права маюць у Беларусі найвышэйшы прыярытэт у параўнанні з унутранымі заканадаўчымі актамі.
Акрамя згаданай пастановы гарвыканкама №881 ад 10 ліпеня 2009 года, якой рэгулюецца, як грамадзяне могуць рэалізаваць сваё права на мірныя сходы ў горадзе Віцебску, КПЧ патрабуе ад беларускіх уладаў змяніць і закон «Аб масавых мерапрыемствах», на якім грунтуецца пастанова №881.
Нагодай звярнуцца ў КПЧ для Паўла Левінава стаў шэраг забаронаў адзіночных пікетаў, заяўкі на якія ён падаваў у 2012 годзе. Усяго такіх пікетаў павінна было прайсці пяць, і ні на адзін з іх мясцовыя ўлады не далі дазволу, спасылаючыся на пастанову № 881. Маўляў, заяўнік хацеў правесці пікеты не ў тых месцах, што спецыяльна прызначаныя гарадскім выканкамам пад масавыя мерапрыемствы, – а гэта тры незаселеныя пляцоўкі ў парках горада.
Дзіўна, але ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам пад паняцце «масавыя мерапрыемствы» падпадаюць і пікеты, удзельнікам якіх выступае толькі адна асоба.
Пяць забароненых пікетаў праваабаронцы – тры падобныя адна на адну цяперашнія пастановы КПЧ (у адной з скаргаў Левінаў згадаў адразу тры эпізоды, яны былі аб'яднаныя ў адну справу). Ва ўсіх пастановах Беларусь прызнаная парушальніцай пункта 2 артыкула 19 Пакта («Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання...»).
Пастанова № 881 Віцебскага гарвыканкама не толькі накладае на арганізатараў мерапрыемстваў абмежаванне на месца іх правядзення, але і ўводзіць яшчэ адну перашкоду: ахвотныя правесці мірны сход павінны папярэдне заключыць дамовы пра яго абслугоўванне з міліцыяй, ЖКГ і медыкамі. Пералічаныя ў пастанове службы, як правіла, адмаўляюцца заключаць такія пагадненні, праз што легальнае правядзенне мерапрыемства робіцца немагчымым.
Адзіны выпадак, калі цягам амаль 10 гадоў дзеяння пастановы № 881 актывісты здолелі дамагчыся ад мясцовых уладаў дазволу на мірны сход, стаў Дзень Волі – 2018. Актывістам партыі БНФ адміністрацыя Чыгуначнага раёна Віцебска дазволіла мітынг 25 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў, але заяўнікі самі адмовіліся яго праводзіць, спаслаўшыся на занадта вялікі кошт, які выставілі ім міліцыянты за паслугі ў абслугоўванні мерапрыемства.