2 траўня 2024, Чацвер, 2:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стрыечная сястра загінулага пад Гародняй салдата: Сяргей прасіў пераводзіць грошы на нумары невядомых

24
Стрыечная сястра загінулага пад Гародняй салдата: Сяргей прасіў пераводзіць грошы на нумары невядомых
СЯРГЕЙ ЯСЮКЕВІЧ

Сяргей Ясюкевіч – другі салдат, які скончыў з сабой на гэтым тыдні.

У суботу ўвечары ў лесе было знойдзенае цела вайскоўца адной з вайсковых частак Гарадзенскага гарнізона, які знаходзіўся ў вышуку. Ім быў Сяргей Ясюкевіч – другі салдат, які скончыў з сабой на гэтым тыдні.

З «Радыё Свабода» звязалася ягоная стрыечная сястра Вольга, якая паведаміла, што імя загінулага Сяргей Сяргеевіч Ясюкевіч, ён нарадзіўся 17 снежня 1991 года.

– Ён чалавек нялёгкага лёсу. У маладым узросце трапіў пад уплыў дрэннай кампаніі і двойчы быў пад судом за крадзеж. У турме не быў – у якасці пакарання было вольнае пасяленне. Калі вярнуўся, трохі працаваў у Маскве.

Калі яму было 25 гадоў, некалькі разоў казаў мне, што хоча пайсці ў армію і застацца там працаваць на кантракт. Але праблема ў тым, што з судзімасцю вельмі цяжка патрапіць у войска. Ведаю, што ён некалькі разоў да ваенкама ў Наваградак прасіўся. У выніку ўзялі, стаў служыць.

Вольга ўдакладніла, што Сяргей Ясюкевіч нарадзіўся ў вёсцы Ятра, пад Наваградкам. Ягоны бацька даўно памёр, маці жыве ў Наваградку разам з дачкой.

– Падчас ягонай службы мы трымалі кантакт, перапісваліся Укантакце. Ён перыядычна прасіў грошы – то 10, то 20, а то і 50 рублёў. Калі пыталася, навошта, адказваў няўцямна, маўляў, на цыгарэты. Ён дасылаў мне нумары картак або невядомыя мне нумары тэлефонаў, куды трэба было перавесці грошы. Памятаю, што я нават абуралася, чалавек жа нібыта знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні, а тут немалыя грошы просіць, – дадала суразмоўца.

Таксама яна апавяла, што Сяргею ў чэрвені прастрэлілі руку і ён знаходзіўся на лекаванні ў Менску.

– У афіцыйнай заяве гаворыцца, што Сяргей знік у сераду, 5 верасня. Наша сям'я мяркуе, што гэта не зусім так. Рэч у тым, што ўжо некалькі тыдняў мне, а таксама ягонай роднай сястры, якая жыве ў Навагрудку, і брату, які жыве ў Маскве, тэлефануюць з вайсковых органаў і пытаюцца, ці не ведаем мы, дзе Сяргей, а таксама, з кім ён меў зносіны. Да ягонай роднай сястры, якая цяпер знаходзіцца ў радзільні на захаванні, прыходзілі вайскоўцы і пыталіся, дзе Сяргей. У гэтай гісторыі вельмі шмат нявысветленага, і я нават не ведаю, што думаць, – дадала Вольга, адзначыўшы, што не верыць афіцыйнай версіі Мінабароны і звязвае смерць брата з нестатутнымі стасункамі ў частцы.

Адзначым, што гэта другі выпадак самагубства салдата ў арміі за тыдзень. Напярэдадні на Гарадзеншчыне быў пахаваны 20-гадовы шараговец Аляксандр Арлоў. Ягоная маці таксама сумняваецца ў афіцыйнай версіі Мінабароны і падазрае дзедаўшчыну.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках