23 лютага 2019, Субота, 10:52
Заклік Рады БНР
Рубрыкі

Камуналка-2019: «Дармаедскі» тарыф увядуць для ўсіх

62

Колькі напраўду будуць плаціць за ЖКГ беларусы?

Ужо ў гэтым месяцы заплацім больш за камунальныя паслугі. Тарыфы значна выраслі, але яшчэ больш павялічыліся кошты для грамадзян, не занятых у эканоміцы, паведамляе «Белсат».

Чаму беспрацоўныя ўласнікі кватэр мусяць заплаціць больш, а таксама наколькі розніцца студзеньскі рахунак дармаеда ад камунальнага плацяжу «звычайнай сям‘і»?

Вада, газ, электрычнасць, каналізацыя, капітальны рамонт, вываз смецця – усё даражэе. Але некаторыя мацней адчуюць рост коштаў. Тыя, хто не заняты ў эканоміцы, заплоцяць за камунальныя паслугі болей. Гэтак пастанавілі ўлады.

Каментуе журналіст Аляксандра Квіткевіч:

«Гэта зрабілі для таго, каб прастымуляваць не занятых у эканоміцы ўладкавацца на працу, плаціць падаткі дзяржаве. Я не думаю, што гэта вельмі эфектыўны захад, бо, па-першае, уласнікаў жылля і дармаедаў – іх вельмі мала».

Уласнікі жылля, якія трапілі ў дармаедскі спіс, са студзеня аплачваюць квітанцыі паводле поўных тарыфаў.

Жыхары Пінску кажуць:

«Я не вельмі добра да гэтага стаўлюся, у мяне таксама сын не працуе – не можа ўладкавацца пасля заканчэння ўніверсітэту».

«Калі людзі не працуюць – дайце ім працу. Калі ёсць праца – ёсць за што плаціць».

«А дзе яны возьмуць такія грошы? Я думаю, што людзі былі ўвесь час падзеленыя на багатых і бедных».

«Не было ў людзей грошай – увогуле не будзе ніколькі. Застаецца толькі ўсміхацца».

Як сітуацыя выглядае ў лічбах?

Агулам, як падлічылі журналісты, кошт камунальных плацяжоў для сям‘і з трох чалавек у двухпакаёўцы павялічыцца больш як на 30 рублёў, калі ўласнік кватэры – дармаед. І ажно на 53 рублі, калі беспрацоўны жыве адзін.

Такім чынам рахунак у не занятага ў эканоміцы будзе амаль на 21 рубель цяжэйшы, чым калі б ён жыў з сям‘ёю. Пры гэтым не-дармаедам улада субсідуе ўжо толькі газазабеспячэнне і ацяпленне.

Каментуе Аляксандра Квіткевіч:

«Дармаед павінен плаціць паводле 100-адсоткавых тарыфаў толькі за сябе, а чальцы ягонае сям’і – гэтак, як і ўсе. Тым больш што праз некаторы час тарыфы падаражэюць для ўсіх. Мы ўсе будзем плаціць паводле 100-адсоткавых тарыфаў за ацяпленне і за ўсё».

Беларусы каментуюць сітуацыю:

«У краіне няма грошай, краіна жыве толькі на штрафах. Штраф за ўсё».

«Бюджэту ўжо вечка, трэба любымі сродкамі, як кажуць, грошы з народу садраць».

Тарыфы на камунальныя паслугі з новага года выраслі па ўсёй Беларусі. З пачатку чэрвеня вырасце і кошт на ацяпленне.