24 траўня 2019, Пятніца, 13:42
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Ключавая фраза пра сустрэчу Лукашэнкі з прэзідэнтам Зімбабвэ

37

У Зімбабвэ няма грошай, каб заплаціць нават за шэсць самазвалаў і два пагрузчыкі.

У чацвер у Палацы незалежнасці Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвай. Той чагосьці наважыў распавесці дыктатару пра падзеі мінулага: «У выніку санкцый наша нацыянальная валюта абрынулася», піша «Салiдарнасць».

Амаль выкрыў сябе прэзідэнт Зімбабвэ па мянушцы «кракадзіл» словамі: «Нам неабходная дапамога і садзейнічанне нашых сяброў, такіх як Рэспубліка Беларусь. Мы тут з поўнай упэўненасцю ў тым, што атрымаем такую дапамогу, якая дазволіць нам рухацца наперад».

Але вось беларускі бок рабіў выгляд, што ўсё ў парадку. Лукашэнка назваў вынікі сустрэчы «плённымі»: было шмат тэм для прадметнай гутаркі, дасягнуты пэўныя дамоўленасці.

Беларусь і Зімбабвэ падпісалі пакет дакументаў аб супрацоўніцтве ў розных сферах (так і паведамілі).

Аднак Лукашэнка ўсё ж прадэманстраваў сваю інфармаванасць, заявіўшы, што зробіць візіт у Зімбабвэ, - але пасля таго, як там будуць рэалізаваны чатыры-пяць канкрэтных праектаў.

У канцы навіна пра сціплую беларускую пастаўку з шасці самазвалаў і двух пагрузчыкаў БЕЛТА кароткай фразай патлумачыла, нарэшце, у чым справа.

То бок, у Зімбабвэ няма грошай, каб заплаціць нават за шэсць самазвалаў і два пагрузчыкі.

Але здзіўляцца гэтаму не варта, калі ведаць, што цяпер адбываецца ў Зімбабвэ.

Мінулай восенню дэфіцыт замежнай валюты ў краіне прывёў да закрыцця буйных прадпрыемстваў і дэфіцыту імпартных тавараў, уключаючы паліва. Напярэдадні візіту ў Менск Эмерсан Мнангагва абвясціў пра падвышэнне коштаў на бензін на 130-150%.

Ужо чацвёрты дзень праз зніжэнне і так невысокага ўзроўню жыцця ў Зімбабвэ бушуюць масавыя пратэсты. Паводле звестак на ўчорашні вечар у сталіцы загінулі тры чалавекі: двое пратэстоўцаў і супрацоўнік паліцыі. Арыштаваныя ўжо сотні чалавек.

ФОТА: REUTERS

- Вы на правільным шляху... Можаце лічыць, што Беларусь з'яўляецца вашым надзейным сябрам і памочнікам, - кінуў на развітанне госцю Лукашэнка.

Але, здаецца, ён не жартаваў.