2 траўня 2024, Чацвер, 3:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя «Белтрансгазу»: як Лукашэнка прадаў Расеі «іржавую трубу»

7
Гісторыя «Белтрансгазу»: як Лукашэнка прадаў Расеі «іржавую трубу»
ФОТА: GAZPROM.RU

Пра што нагадалі паведамленні аб магчымым продажы беларускіх НПЗ.

У першыя дні новага года ў прэсе з'явіліся паведамленні аб магчымым продажы Расеі беларускіх НПЗ. Нібыта гэта дазволіць Беларусі атрымаць кампенсацыю за падатковы манеўр.

- Да чаго беларуска-расейская спрэчка ў энэргетычнай сферы прывядзе? Імаверны сцэнар складаецца ў тым, што да моманту завяршэння падатковага манеўру Беларусь прадасць Расеі тое, што ёй цікава. Магчыма, актывамі, якія атрымае Расея, стануць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, - заявіў дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

- Так, (продаж пакета акцый) сапраўды (разглядаецца) як адзін з варыянтаў, - растлумачыла tut.by інфармаваная крыніца. - Але ў Расеі хочуць поўны кантроль і рэальна кіраваць заводам. Пры гэтым суразмоўца партала падкрэсліў, што «цалкам заводы ніхто не збіраецца прадаваць», каб засцерагчы сябе ад недружалюбных дзеянняў.

Пра тое, што продаж стратэгічных прадпрыемстваў можа стаць рэальнасцю, сведчыць досвед мінулых гадоў, калі афіцыйны Менск вымушаны быў ісці на непапулярныя меры пад ціскам Масквы.

Сёння «Салiдарнасць» узгадвае пра тое, як Беларусь прадала Расеі «Белтрансгаз».

Пачатак канца

Продаж «Белтрансгазу» расейскаму «Газпраму» стаў заканамерным вынікам газавых войнаў, якія атрымалі свой пачатак у 1996-м. Тады запазычанасць беларускага боку перад расейскай карпарацыяй склала блізу $1 млрд, але пытанне часова было ўладжанае ў абмен на арэнду расейскіх вайсковых базаў і неаплачаны Расеяй кошт вывазу і абслугоўвання ядзернай зброі.

У снежні 1999-га краіны падпісалі саюзную дамову, адзін з пунктаў якой меркаваў уключэнне беларускіх газаправодаў у расейскую транспартную сістэму.

У наступныя некалькі гадоў афіцыйны Менск ігнараваў гэты пункт дамовы, працягваючы пры гэтым нарошчваць запазычанасць перад «Газпрамам». У выніку расейскі пастаўшчык пачаў актыўна настойваць на прыватызацыі «Белтрансгазу».

У 2002-м Беларусь стала атрымліваць газ па ўнутрырасейскіх цэнах, па-ранейшаму ігнаруючы патрабаванні расейскага боку аб прыватызацыі сваёй газатранспартнай сістэмы. Вынік - кароткачасовае спыненне паставак газу напярэдадні новага года і ультыматум аб пераходзе да камерцыйных коштаў.

Фото ria.ru

На працягу 2003-га «Белтрансгаз» быў ператвораны з рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства ў адкрытае акцыянернае таварыства. Пачалася барацьба за ацэнку кошту прадпрыемства. Беларускі бок настойваў на рынкавым кошце сваёй газатранспартнай сістэмы - $5 млрд. «Газпрам» у сваю чаргу сцвярджаў, што гаворка можа ісці выключна пра балансавы кошт, які складае $600 млн.

Акрамя таго, бакі не сышліся ў канчатковым варыянце стварэння СП. Беларусь намагала на захаванні кантрольнага пакета акцый, расцэньваючы «Белтрансгаз», як нацыянальны здабытак. «Газпрам» жа патрабаваў кантрольны пакет.

Непадатлівасць Менска каштавала яму навагодняга падарунка ад «Газпрама» -1 студзеня 2004-га расейскі бок на адзін дзень спыніў пастаўкі газу ў Беларусь.

- Нашы перамовы па пастаўках газу ў Беларусь і яго транзіце па тэрыторыі рэспублікі не прасоўваюцца ні на крок. Беларускі бок працягвае настойваць на не рынкавым кошце паставак - ніжэй фактычнага сабекошту. Але чаму «Газпрам» павінен працаваць сабе ў страту, нам незразумела, - заявіў тады намеснік старшыні праўлення «Газпрама» Аляксандр Разанаў.

«Я не магу ўчыніць злачынства супраць уласнага народа»

У лютым 2004-га Лукашэнка наведаў «Белтрансгаз», дзе заявіў, што Беларусь не мае намеру прадаваць прадпрыемства па балансавым кошце:

- Фактычна за бясплатна iншай дзяржаве нацыянальны набытак - на гэта я пайсці не магу. Я не магу ўчыніць злачынства супраць уласнага народа.

Пры гэтым ён ахарактарызаваў перамовы з расейскім бокам, як «вельмі складаныя, вельмі цяжкія, нават з элементамі шантажу».

Расея адказала яшчэ адным адключэннем газу, на што Лукашэнка адказаў красамоўным параўнаннем:

- Я мяркую, што гэта акт тэрарызму на самым высокім узроўні, калі ў 20 градусны мароз краiну - не чужы народ, насельніцтва, у паловы якога цячэ расейская кроў - пазбаўляюць прыроднага газу. Пры тым, што Беларусь 100% разлічваецца за гэты газ.

І тут жа анансаваў падпісанне газавай дамовы «на ўмовах Пуціна»:

- Хай нас папракнуць, што мы не выстаялі, паддаліся і гэтак далей. Трэба заключыць дамову на ўмовах Пуціна. Хоча Пуцін, каб мы плацілі гэтыя грошы, давайце будзем збіраць: ад лекаў, ад чарнобыльцаў, ад тых, хто ў акопах гніў, яны, бачыце, у нас багатыя. Няўжо мы не збяром гэтыя $200 млн? Збяром! І я думаю, што мы знімем гэтую праблему. Намі проста перастануць маніпуляваць і нас проста перастануць шантажаваць. Але пры гэтым я папрашу праінвентарызаваць усе дамовы з Расейскай Федэрацыяй.

Прадалі мову, прадалі сцяг, чарга «Белтрансгазу»

Першую палову 2004-га Беларусь купляла газ у незалежных пастаўшчыкоў газу, у другой палове года «Газпрам» адкрыў свой вентыль.

Расейскі манапаліст у выніку дамогся свайго. У траўні 2007-га бакі падпісалі пагадненне аб стварэнні сумеснага беларуска-расейскага газатранспартнага прадпрыемства на базе «Белтрансгазу» і «Газпраму». Пагадненне прадугледжвала куплю «Газпрамам» куплю 50% акцый беларускага газатранспартнага прадпрыемства на працягу чатырох гадоў.

У тым жа годзе расейскі манапаліст аплаціў першыя 12,5% акцый прадпрыемства.

Пагаднення папярэднічала яшчэ адна газавая вайна. У канцы снежня 2006-га кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер прыгразіў беларускім уладам новым адключэннем газу ў выпадку адмовы купляць газ больш высокім коштам.

У выніку пастаўкі газу ў Беларусь па ўнутрырасейскіх коштах спыніліся: да 2011-га наша краіна стала атрымліваць паліва камерцыйнымі коштамі.

«І што, я павінен быў маліцца на гэтую іржавую трубу?»

Глава «Газпрома» Алексей Миллер направляется в управление «Белтрансгаза», 2011 год
Фото svaboda.org

Канчаткова «Газпрам» выкупіў акцыі «Белтрнасгаза» ў канцы 2011-га. Мяркуючы па выказваннях Лукашэнкі, атрыманыя ў найцяжэйшы крызісны год $2,5 млрд яго не вельмі-то і парадавалі. Ён вымушаны быў апраўдвацца, што сам факт продажу трубаправода не гаворыць пра інкарпарацыю Беларусі ў Расею і пра страту суверэнітэту.

- Той, хто кажа пра страту суверэнітэту, кажа, таму што не таму прадалі. Калі б я прадаў іх патронам - Еўропе і ЗША - была б поўная цішыня, - намякнуў тады кіраўнік на пратэсты незалежнага грамадства і адначасна супакоіў астатніх беларусаў:

- выдраць з зямлі гэтую трубу і кінуцца з ёй ваяваць супраць Расеі? Труба засталася ў нас. Падаткі яны будуць плаціць. Гарантыі павышэння прапампоўкі платы за транзіт мы атрымалі.

А крыху пазней і зусім назваў «Белтрансгаз» іржавай трубой:

- Вы дайце яшчэ 5 млрд у год валюты, і няма ніякіх праблем. Але наша эканоміка, грамадства не вытрымалі такой нагрузкі. І што, я павінен быў маліцца на гэтую іржавую трубу, якая ў зямлі ляжыць?

«Да 2015 года ў Лукашэнкі зноў скончацца грошы...»

В 2011-м власти России дожали Лукашенко
Фото kremlin.ru

Тыя заявы Лукашэнкі выклікалі ў Расеі водгук, які ў пэўным сэнсе можна назваць прароцкім.

Па гарачых слядах расейская газета «Коммерсантъ» апублікавала артыкул пад загалоўкам «Лукашэнку падалі на тэрмін. З усімі вынікаючымі». У ім падкрэслівалася, што акрамя кошту другога пакета «Белтрансгаза» Менск атрымаў зніжэнне кошту газу на найбліжэйшыя гады, што прыкметна зніжала дэфіцыт рахунку бягучых аперацый Беларусі. А таксама крэдыт $10 млрд тэрмінам на 15 гадоў на будаўніцтва АЭС.

- Выручаных сродкаў рэспубліцы хопіць, каб спакойна пражыць па дакрызіснай мадэлі яшчэ тры гады, і грошы зноў скончацца за год да заканчэння паўнамоцтваў Лукашэнкі. Праўда, гэтую дзірку ў $4 млрд яму цалкам па сілах заткнуць пры дапамозе плаўнай прыватызацыі іншых прадпрыемстваў, - сцвярджаў аўтар артыкула.

Далей Коммерсант зрабіў прагноз, які, аглядаючыся на мінулую пяцігодку, апраўдаўся не да канца:

- Такім чынам, з Масквы беларускі лідар з'ехаў хай і без трубы, але затое з цвёрдымі гарантыямі свайго знаходжання ва ўладзе да 2016 года. На гэтым эпоха Лукашэнкі, імаверна, і скончыцца, бо прадаваць Беларусі не будзе ўжо асабліва чаго, роўна як і не будзе чым выбіваць з Расеі новыя крэдыты і зніжкі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках