28 красавiка 2024, Нядзеля, 15:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналіст Кастусь Жукоўскі з'ехаў з Беларусі

15
Журналіст Кастусь Жукоўскі з'ехаў з Беларусі
КАСТУСЬ ЖУКОЎСКІ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Нагодай паслужыў напад на ягонае аўто.

Гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі з'ехаў з Беларусі. За ім пакінулі краіну ягоная жонка з дачкой, паведамляе «Еўрарадыё».

Паводле слоў Жукоўскага, астатняй кропляй, якая схіліла яго да такой пастановы, стаў напад на ягоны аўтамабіль 13 студзеня на дарозе Холмеч - Брагін - Хойнікі. Журналіст ехаў са сваім спадарожнікам Барысам Анікеевым і спыніўся, каб праверыць, чаму пераграваецца рухавік аўтамабіля. Да іх машыны адразу пад'ехаў джып, і чацвёра мужчын атачылі Жукоўскага і Анікеева.

«Мне пырснулі ў твар нейкай пякучай вадкасцю, нават акуляры ў мяне ўпалі. Кастуся збілі з ног, выхапілі дакументы, парвалі пашпарт, які быў, на шчасце, пратэрмінаваны. Яшчэ і паздзекаваліся: «Вось табе замежжа!» - распавёў Анікееў.

У міліцыю ні Жукоўскі, ні Анікееў не звярталіся. Жукоўскі кажа, што не бачыць сэнсу ў такіх зваротах. Раней журналісту пагражалі праз Facebook і электронную пошту. Але пры звароце ў міліцыю журналісту заявілі, што не могуць знайсці таго, хто дасылаў лісты з пагрозамі. «Яшчэ раней мяне дома даймалі незнаёмыя хуліганы - іх таксама не было выяўлена», - дадае Жукоўскі.

Са слоў журналіста, цяпер ён вывучае замежную мову ў адной з краін Заходняй Еўропы.

За апошнія гады міліцыя дзясяткі разоў затрымлівала Жукоўскага. За 2018 год на журналіста склалі блізу двух дзясяткаў адміністрацыйных пратаколаў, абвінавачваючы ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для спадарожнікавага канала «Белсат». За год яго аштрафавалі на 12 432,5 рубля, што перасягае гадавы сярэдні заробак у Беларусі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках