18 траўня 2024, Субота, 13:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнікі згубілі дакументы – а беларус рызыкуе застацца без пенсіі

1
Чыноўнікі згубілі дакументы – а беларус рызыкуе застацца без пенсіі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Юрысты прафзвязу РЭП даюць парады, што рабіць у гэтай сітуацыі.

Калі вы часта мянялі наймальнікаў або месца працы, калі фірма, дзе вы працуеце, мяняла назву ці гаспадара, вы рызыкуеце застацца без часткі пенсіі, бо доказы вашай працы цягам гадоў маглі згубіцца. Гэта даволі распаўсюджаны выпадак. Напрыклад, Уладзімір Ламака як чарнобылец не змог знайсці доказы, дзе і колькі прапрацаваў у Чарнобылі. А гэтыя звесткі ўплываюць на ўзрост выхаду на пенсію, паведамляе «Белсат».

У 86-м годзе мужчына працаваў кухарам. У яго толькі нарадзілася дачка, калі ў жніўні яго выклікалі ў ваенкамат і адразу ж накіравалі ў зону адсялення – гатаваць для салдатаў. Уладзімір заставаўся там 115 сутак.

Ужо чатыры гады Уладзімір Ламака мае III групу інваліднасці, з цяжкасцю ходзіць. Як чарнобылец ён мае права пайсці на пенсію на 5 гадоў раней за астатніх. Але калі б даказаў, што працаваў у 10-кіламетровай зоне ад рэактара, то пайшоў бы на 10 гадоў раней.

Аднак акрамя граматаў і пячаткі ў пашпарце ад Чарнобыля ніякіх даведак не засталося. Нават хадзіў у архіў па дакументы. Але і там пуста.

«На Куляшова, там стаяла ваенная частка, там быў архіў Чарнобыля, – успамінае Уладзімір Ламака. – У нас шмат хто ездзіў у гэты архіў, з маіх хлопцаў. Кажуць, яго там няма, і ты там нічога не даб'ешся. Мне вайсковец так і сказаў, не памятаю звання: у архіве нічога няма, і гэтую частку ўвогуле ўжо прыбралі».

Таму ўжо чатыры гады Уладзімір Ламака жыве на дапамогу ў інваліднасці і чарнобыльскія – у суме 250 рублёў. А на пенсію выходзіць толькі цяпер – у кастрычніку яму якраз споўнілася 56,5 года.

Сяргей – відэааператар, ён таксама сутыкнуўся са знікненнем дакументаў. У 2000-я мужчына супрацоўнічаў з тэлеканалам СТВ. Але праца прыйшлася на станаўленне канала і ягоную юрыдычную перарэгістрацыю. Архіва з дакументамі юрыдычных пертурбацый не захавалася.

Выратавала падатковая інспекцыя. Мужчына тады быў зарэгістраваны прадпрымальнікам і штогод падаваў туды справаздачу аб сваіх прыбытках. Гэтыя дакументы захаваліся. І дзякуючы ім суд і залічыў мужчыну незафіксаваныя гады працы.

"Увогуле гэта вельмі мілая ўстанова, дзе мы ўпяцёх пагутарылі. І ўсе былі на маім баку. Так, мы разумеем, вы працавалі, але вось мы не можам, прабачце, таму што няправільна аформленыя дакументы», – успамінае, як праходзіў суд Сяргей Мілешкін.

Наколькі гэты год павялічыў памер ягонай пенсіі, ён пакуль не зразумеў, бо прадаўжае працаваць і атрымлівае толькі частку пенсіі. Аднак ягоны пенсійны каэфіцыент падрос.

Юрыст заклікае не баяцца і ісці ў суд. Трэба падаць заяву пра вызначэнне фактаў, якія маюць юрыдычнае значэнне. Такім фактам, напрыклад, можа быць праца на пэўным месцы. Яе можа пацвердзіць запіс у працоўнай кніжцы, сведкі, дакументы. Суд усё гэта прымае.

Аднак такія пытанні ўзнікаюць адносна працы да 2003 года, калі была ўведзеная сістэма індывідуальнага ўліку застрахаваных асобаў у Фондзе сацыяльнай абароны. Пасля – уся інфармацыя пра працу заносіцца на ваш страхавы нумар.

«Усіх наймальнікаў абавязалі ўносіць звесткі пра працу, дамовы падраду. Але ёсць такія выпадкі, калі наймальнікі ігнаруюць і не ўносяць нічога, – кажа юрыст прафзвязу РЭП Юры Белякоў. – І тады, натуральна, у чалавека ўтвараецца дзірка на гэты перыяд часу».

Таму калі ў вас розныя наймальнікі, няма сталага месца працы ці вы працуеце на прыватныя кампаніі, не перашкодзіць напісаць заяву ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і праверыць інфармацыю, якая туды падаецца наймальнікамі. У нашай краіне хто сам сябе беражэ, таго і Бог беражэ.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках