18 траўня 2024, Субота, 13:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-намеснік міністра эканомікі Літвы: Сёння паўстае пытанне пра будучыню дзяржсектара ў Беларусі

1
Экс-намеснік міністра эканомікі Літвы: Сёння паўстае пытанне пра будучыню дзяржсектара ў Беларусі
ГЕДЫМІНАС РАЙНІС
ФОТА: STATYBUNAUJIENOS.LT

Так, як хочуць улады, усё адно не атрымаецца.

Гедымінас Райніс, кіраўнік Асацыяцыі гандлёва-прамысловых і рамесных палат Літвы і былы намеснік міністра эканомікі (2000-2009 гады), распавёў «Салідарнасці» аб сітуацыі ў ягонай краіне і параўнаў яе з беларускай.

– Хоць Літва і мяжуе з Беларуссю, аб вашай краіне у нас многія ведаюць даволі мала. Якія асноўныя этапы развіцця літоўскай эканомікі з 1991 года вы можаце вызначыць?

- Пачатак 90-х літоўская эканоміка прайшла даволі радыкальна, былі ажыццёўленыя прыватызацыя і пераход да рынку. Многія савецкія прадпрыемствы перажылі калапс, застаўшыся без сувязяў і прадэманстраваўшы неканкурэнтаздольнасць.

1999 год быў адзначаны перажываннем наступстваў эканамічнага крызісу ў Расеі. Арыентацыя літоўскай эканомікі на ўсход заставалася яшчэ вельмі высокай. Абясцэньванне расейскага рубля ў некалькі разоў балюча ўдарыла па нашых прадпрыемствах. Пасля 1999 года яны пераарыентаваліся на заходнееўрапейскі рынак. Сёння нават можна здзіўляцца, як хутка гэта адбылося.

У 2004-м Літва ўступіла ў Еўразвяз, і сёлета спаўняецца 15 гадоў працы літоўскай эканомікі ў новых варунках. Каб ацаніць прароблены шлях, прывяду толькі адну лічбу Еўрастата.

У 2004 годзе валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Літвы на душу насельніцтва складаў усяго 40% ад сярэдняга ў ЕЗ. Сёння ён складае 80%.

Зразумела, на гэты паказчык паўплывала і памяншэнне насельніцтва. Але ўсё ж рост эканомікі быў вялікім. Канкурэнтаздольнасць прадпрыемстваў істотна вырасла.

Пакуль паказчык ВУП на душу насельніцтва складаў менш за 75% ад сярэднееўрапейскага, мы атрымлівалі большы аб'ём датацый, якім маглі распараджацца даволі свабодна. Напрыклад, мы будавалі заводы. Цяпер датацыі зменшыліся і больш накіроўваюцца на сацыяльную сферу.

Вельмі цяжкім выдаўся для літоўскай эканомікі 2009 год, калі ВУП упаў амаль на 15%. Гэта было наступствам сусветнага крызісу, але трэба прызнаць, што мы маглі быць падрыхтаваныя лепш. Пры хуткім росце эканомікі, расла і дзяржпазыка, пры гэтым мы не назапашвалі рэзервы.

Але акрыялі ад гэтага падзення адносна хутка. Вось ужо дзесяць гадоў, як адзначаецца штогадовы прырост ВУП. Прычым, ён вышэйшы, чым агулам у ЕЗ.

І агулам мы з упэўненасцю глядзім у будучыню. Намячаецца далейшы рост эканомікі, хоць у сілу сітуацыі ў сусветнай эканоміцы не такі хуткі, як раней.

Прывяду прыклад. Многія літоўскія прадпрыемствы пастаўляюць камплектуючыя для «Мерседэса», «Сканіі» і «Вольва». Іх кіраўнікі мяркуюць, што ў найбліжэйшыя гады замест далейшага росту заказаў наступіць стагнацыя, што, безумоўна, адаб'ецца на нашых прадпрыемствах.

Але наша падрыхтаванасць да крызісаў значна вышэйшая, чым дзесяць гадоў таму. Калі раней рухавіком эканамічнага развіцця быў толькі экспарт, то ў апошнія гады эканоміка расце за кошт унутранага спажывання. Хоць варта прызнаць, што ў гэтым дапамагаюць і пералічэнні нашых суайчыннікаў.

- Калі глядзець з Беларусі, сярэдні заробак у Літве ўражвае. «Бруднымі» – 1289 еўраў, «чыстымі» – 817 еўраў. А як да сумы сярэдняга заробку ставяцца ў самой Літве?

- Адкажу на гэтае пытанне, закранаючы тэму эміграцыі з краіны.

Што там казаць, вы ведаеце, што з Літвы штогод з'язджала шмат людзей, з пачатку 90-х - амаль мільён. На розныя прычыны, але ў асноўным усё ж эканамічныя. Калі ты за тую ж працу можаш атрымліваць на Захадзе ў некалькі разоў больш, цяжка ўтрымацца ад гэтай спакусы. Хоць трэба ўлічваць не толькі даходы, але і выдаткі – а яны ў заходнееўрапейскіх краінах зусім іншага ўзроўню.

Дык вось сёлета ўпершыню з пачатку 90-х фіксуецца перавышэнне колькасці тых, што прыехалі ў Літву, над колькасцю тых, хто з'ехаў.

Хоць заробак у Літве яшчэ далёкі ад ўзроўню ў Вялікай Брытаніі і Ірландыі, куды любяць з'язджаць нашы грамадзяне, але ён хутка расце. За год сярэдні заробак вырас на 6%.

- Якая асноўная праблема сёння стаіць перад эканомікай Літвы?

- Калі меркаваць з выказванняў прамыслоўцаў, то гэта недахоп кваліфікаванай рабочай сілы. І праблема не толькі ў заробку і эміграцыі (скажам, мясцовыя зваршчыкі з суднабудавання адпраўляюцца ў Нарвегію і Данію).

Шмат моладзі выбірала для сябе не прафесійныя вучылішчы, інжынерныя спецыяльнасці, а гуманітарныя.

Адсюль рост колькасці запрашэнняў на працу з-за мяжы.

Літва знакамітая сваімі прадпрыемствамі ў грузаперавозках, яе аўтамабілі працуюць ва ўсёй Еўропе і Азіі. І ў некаторых фірмах украінскія кіроўцы займаюць ужо абсалютна дамінуючыя пазіцыі.

Прыязджаюць па многіх спецыяльнасцях і работнікі з Беларусі, але іх значна менш. Усё ж ва Украіны ёсць пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ, што значна спрашчае працаўладкаванне яе грамадзян.

– Паводле звестак Еўрастата, узровень беспрацоўя ў Літве складае 5,8%. Як ацэньваеце гэтую лічбу?

- Згодна з эканамічнай тэорыяй 4% беспрацоўных - гэта нармальна. Ёсць жа «тэхнічнае» беспрацоўе: хварэеш, знаходзішся ў пошуку новага працоўнага месца, адзін з сямейнікаў вядзе хатнюю гаспадарку, бо іншы шмат зарабляе…

Беспрацоўе звыш 4% як раз належыць да праблемы кваліфікаваных работнікаў. Многія з іх не пацярпелыя ад эканамічных цяжкасцяў, а ў некаторай ступені самі вінаватыя ў тым, што не прымаюць запытаў рынку. Скажам, сёння надзвычай цяжка знайсці працоўных, якія якасна зробяць рамонт у кватэры.

Думаю, у Літве не шмат тых, хто вельмі хоча працаваць, але не можа ўладкавацца.

- У Беларусі прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў дагэтуль адкладаецца. Адна частка з іх ціха памірае, іншая тэхналагічна адстала ад замежных канкурэнтаў і трымаецца на закупках з Расеі. Што вы параіце з улікам літоўскага досведу - як варта было б праводзіць прыватызацыю?

- Думаю, адзінага рэцэпту няма. У Літве праводзілі прыватызацыю хутка і радыкальна. І ў гэтым ёсць свая логіка: навошта адсякаць котцы хвост па частках? Але вядома, калі бачыш, як выдатныя ў мінулым прадпрыемствы закрываюцца, як тысячы людзей губляюць працу і аказваюцца на вуліцы, - сціскаецца сэрца.

І ўсё ж маё меркаванне: завод, які памірае, хутчэй за ўсё, ужо не выратаваць. Этапы жыцця прадпрыемства можна параўнаць з этапамі жыцця чалавека: нараджэнне, рост, сталасць, але да 100 гадоў мала хто дажывае. А калі і дажывае, то хутчэй за ўсё гэта ўжо не ранейшая вытворчасць, а толькі гандлёвая марка, брэнд.

Стратнае прадпрыемства можна рэструктурызаваць, раздрабніць на некалькі эфектыўных. Не варта думаць, што калі яно стала банкрутам, то прыедзе тэхніка і зраўняе ўсё з зямлёй. Напрыклад, у Літве на месцы былога вялізнага мастацкага камбіната цяпер працуе каля блізу дробных прадпрыемстваў.

Лепш усе грошы кінуць не на выратаванне старой, а на стварэнне новай вытворчасці. І не ставіць ёй штучных перашкод.

- У Беларусі некаторыя мяркуюць, што калі правесці прыватызацыю, то знойдуцца замежныя інвестары, якія прыйдуць і ўкладуць у стратныя цяпер прадпрыемствы грошы. А што паказаў досвед Літвы?

- Такога амаль не сустракалася. Трэба разумець, што капіталістаў цікавіць прыбытак, а не слаўная гісторыя прадпрыемства. Не варта разлічваць, што ўдасца прыватызаваць увесь стратны сектар.

У нас амаль не атрымлівалася прадаць прадпрыемства за сімвалічны літ і пры гэтым забяспечыць яму светлую будучыню. Напрыклад, надзеі з нагоды Літоўскай авіякампаніі праваліліся. Яна была раздробленая на нерухомую маёмасць, самалёты і т. д.

З іншага боку, сустракаліся і зваротныя прыклады. У 2000 годзе адзін з малочных камбінатаў быў юрыдычна прызнаны банкрутам. Пазыкі спісалі, а за кошт аўкцыёну атрымалі інвестара, які ўдыхнуў у прадпрыемства новае жыццё.

Але што я зразумеў са свайго досведу: перш за ўсё, трэба ствараць умовы для новай актыўнасці ў эканоміцы. І неабавязкова чакаць, калі прадпрыемства пойдзе ўніз, каб пачаць прыватызацыю.

- Як думаеце, што адбылося б з МАЗам, калі б беларускія ўлады наважылі яго прыватызаваць?

- Цяжкае пытанне. Вядома, велізарны плюс для гэтага завода, што ён займаецца канчатковай зборкай. Патэнцыял прыбытку ў зборачных вытворчасцей нашмат вышэйшы, чым у вытворцаў камплектуючых.

Напэўна, варта было б арыентавацца на прыклад «Шкоды». Было б вельмі добра знайсці такога партнёра як «Фольксваген», з якім можна было б агаварыць шэраг умоў, у тым ліку, у захаванні брэнда.

- Як вы думаеце, чыя эканоміка больш паспяховая - Літвы ці Беларусі?

– Не ведаю, ці можна ўзважыць на шалях вагаў. На сёння яны вельмі розныя.

Думаю, што ў Літве цяпер вельмі добрая эканоміка. Але мы заплацілі за гэта вялікую цану. Эміграцыя і памяншэнне нараджальнасці цягам амаль 30 гадоў - гэта вельмі вялікая цана.

Калі ў 2009 годзе наш ВУП склаў мінус 15%, то можна было любавацца беларускай эканомікай. Але цяпер усё змянілася. Сёння паўстае пытанне аб будучыні неэфектыўнага дзяржсектара ў Беларусі. Многае будзе залежаць ад таго, якія пастановы будуць прыняты наконт яго.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках