24 траўня 2024, Пятніца, 9:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сцены памятаюць: у Вільні з'явіўся арт-праект у памяць аб габрэйскай суполцы

1
Сцены памятаюць: у Вільні з'явіўся арт-праект у памяць аб габрэйскай суполцы

На сценах сталіцы Літвы з’явіліся выявы габрэяў, якія жылі ў горадзе да вайны.

На гэтым тыдні ў Вільні быў скончаны апошні малюнак у межах арт-праекта «Сцены, якія памятаюць». Мастакі наносяць на сцены квартала, дзе размяшчалася Віленскага гета, малюнкі габрэяў, якія жылі тут да Другой сусветнай вайны.

Выявы габрэяў узятыя з архіўных фота, якія ахопліваюць перыяд да вайны. Аўтары праекта хочуць надаць увагу не жахам Другой сусветнай, пра якую і без таго кажуць нямала, а штодзённасці габрэйскай абшчыны Вільні - як людзі працавалі да вайны, як жылі іх сем'і, як яны раслі і старэлі.

Аўтарка ідэі Ліна Шліпавічутэ-Чэрняўскене распавяла парталу Charter97.org, што прыдумала канцэпцыю яшчэ два гады таму.

«Відавочна, ідэя проста чакала зручнага моманту. Перш за ўсё, я захопленая ўнёскам габрэйскай культуры ў нашым рэгіёне і ў Вільні, прынамсі. Я хацела сказаць «дзякуй» па-свойму. Акрамя таго, я думаю, што надзвычай важна прыняць нашу гісторыю, каб мы не паўтаралі, прынамсі, некаторыя з нашых памылак. Пытанні талерантнасці і міжкультурнага дыялогу надзвычай важныя цяпер, калі нянавісць зноў становіцца часткай законнай палітыкі», - сказала Ліна Шліпавічутэ-Чэрняўскене.

Афармленне сцен вуліц габрэйскага квартала запатрабавала ад мастака імправізацыі.

«Было вельмі складана ствараць графіці-праекты, заснаваныя на старых фотаздымках, у якіх часта адсутнічаюць дэталі. Гэта прымушае шмат імправізаваць. Спатрэбілася шмат намаганняў, каб зрабіць графіці як рэалістычным, так і падобным на арыгінальныя фатаграфіі», - адзначыла мастачка.

Мастакі праекта шукалі фота віленскіх габрэяў у лічбавых архівах Літвы, Польшчы і Ізраіля. У літоўскіх бібліятэках і ў габрэйскай суполцы Літвы аўтары выбіралі найбольш прыдатныя для мастацкіх работ малюнкі.

«Але самае захапляльнае ў тым, што людзі рэагуюць на малюнак. Мы сустрэлі людзей з усяго свету і правялі мноства выдатных гутарак толькі таму, што мы рабілі графіці на вуліцы», - дадала Шліпавічутэ-Чэрняўскене.

У перыяд нацысцкай акупацыі 1941-1944 гадоў у Літве было знішчана не менш за 90% з 208 тысяч літоўскіх габрэяў. Паводле інфармацыі перапісу літоўскага насельніцтва 2011 года, у краіне пражывае амаль 3 тысячы габрэяў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках