16 красавiка 2024, aўторак, 19:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы патрабуем сыходу Лукашэнкі

103
Мы патрабуем сыходу Лукашэнкі
ПАЛІНА ШАРЭНДА-ПАНАСЮК

Актывістка «Еўрапейскай Беларусі» выступіла на беларускай тэлевізіі.

Сёння на тэлеканале «Беларусь 3» выступіла актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк.

Выступ можна было ўбачыць на тэлеканале «Беларусь 3» з 19:00 да 19:15.

Charter97.org публікуе поўны тэкст выступу Паліны Шарэнда-Панасюк.

«Вітаю вас, паважаныя берасцейцы!

Мяне клічуць Паліна Шарэнда-Панасюк, я прадстаўляю грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь». Хачу падзякаваць усім тым, хто паставіў свой подпіс за маё вылучэнне. Аднак я не буду заклікаць вас ісці на выбары, таму што іх, выбараў, у Беларусі няма з 1994 года. Дыктатар Лукашэнка забраў у беларусаў неад'емнае права любога чалавека - выбар.

Усе гэтыя гады наша краіна жыла на ілюзіях і падмане. Астатні свет зрабіў велізарны крок наперад, у Беларусі ж час быццам спыніўся, бо дзяржаўная сістэма працуе не на развіццё краіны, а на захаванне ўлады дыктатара. З гэтага вынікаюць амаль усе праблемы, з якімі мы сутыкаемся - ад бытавых да агульнадзяржаўных.

Замест годнага заробку і абароны інтарэсаў працаўнікоў - кабальная кантрактная сістэма; замест стварэння сучасных вытворчасцяў - кансервацыя маральна састарэлых савецкіх метадаў гаспадарання; замест звычайных стыпендый і пенсій - падачкі да выбараў; замест сучаснай медыцыны і адукацыі - парады, лядовыя палацы, чарговыя пампезныя рэзідэнцыі для дыктатара.

Амаль тры мільёны беларусаў, нават паводле афіцыйнай статыстыкі, не могуць дазволіць сабе мінімальны набор тавараў і паслуг.

За 25 гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася больш, чым на мільён чалавек. Сотні тысяч суайчыннікаў вымушаныя шукаць заробак за мяжой. Здароўе жыхароў цэлых гарадоў - такіх, як Берасце, Светлагорск, Наваполацк - знаходзіцца пад пагрозай праз незаконныя шкодныя вытворчасці. Нам, берасцейцам, вядомая сітуацыя з заводам акумулятарных батарэй. Улады хлусяць, быццам завод зачынены, ён працягвае атручваць наша навакольнае асяроддзе. Таму пратэсты супраць завода працягваюцца.

Таксама ўлады рыхтуюцца запусціць атамную электрастанцыю ў Астраўцы, будаўніцтва якой суправаджалася скандаламі, аварыямі і хлуснёй адказных за яе ўзвядзенне чыноўнікаў. Беларусі, якая ўжо перажыла Чарнобыль, пагражае новая, больш страшная экалагічная катастрофа. Не верце ілжывай прапагандзе, што нібыта станцыя забяспечыць вам энэргетычную бяспеку. Напраўду вы атрымаеце атамную бомбу ў сябе пад бокам, дарагую электраэнэргію і яшчэ большую залежнасць ад Расеі.

Для жыхароў Берасця вельмі актуальнымі з'яўляюцца паездкі ў Польшчу. На фоне бядотнага эканамічнага становішча Беларусі Польшча становіцца крыніцай даступных і якасных тавараў, дазваляючы тысячам нашых суграмадзян падтрымліваць прымальны лад жыцця. І што робіць наша «сацыяльна-арыентаванае» дзяржава? Метадычна раз за разам абмяжоўвае ўвоз тавараў і абкладае іх неправамерна вялікімі мытамі. Менавіта беларуская ўлада, а не Еўропа, вінаватая ў тым, што кошт візаў для беларусаў самы высокі на кантыненце. Не жадае гэтая ўлада ўводзіць і малы памежны рух з Польшчай, які б дазволіў жыхарам памежных рэгіёнаў абедзвюх краін ездзіць адно да аднаго без віз. Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» правяла шэраг акцый у падтрымку гэтай ідэі і выступае за неадкладную ратыфікацыю беларускім бокам дамовы аб малым памежным руху.

Праз пануючае ў Беларусі беззаконне краіна набыла сумны статус «апошняй дыктатуры Еўропы». Мы апынуліся на ўзбочыне сусветных эканамічных і культурных працэсаў. Краіна знаходзіцца на мяжы страты незалежнасці - за нашымі спінамі Пуцін і Лукашэнка вядуць перамовы аб уваходжанні Беларусі ў склад Расеі.

25 гадоў таму нас пазбавілі права самім выбіраць сваю ўладу. Ні адны «выбары» і «рэферэндумы», якія праводзіліся ў Беларусі за гэты час, не былі прызнаныя дэмакратычнымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі. Таму ўсе галіны т.зв. «улады», з яе дэкрэтамі і ўказамі, - з'яўляюцца нелегітымнымі. Толькі з вяртання сапраўдных выбараў пачнуцца сапраўдныя перамены. Дамагацца гэтага трэба ўсім разам праз масавыя акцыі пратэсту - гэта адзіная сіла, якую разумее дыктатура.

Мы патрабуем сыходу Лукашэнкі, правядзення сапраўдных свабодных выбараў і змены ўлады на ўсіх узроўнях.

Мы патрабуем закрыцця Астравецкай атамнай станцыі, запуск якой пагражае выжыванню беларусаў як народа.

Мы патрабуем забяспечыць нашым суайчыннікам годную працу за годны заробак на радзіме.

Мы хочам, каб Беларусь адрадзілася, і мы ведаем, як гэта зрабіць. Найбліжэйшы год будзе вырашальным!

Будзем разам, і Беларусь стане вольнай! Жыве Беларусь!»

Напісаць каментар 103

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках