17 лiстапада 2019, Нядзеля, 21:53
Дзень другі
Рубрыкі

Віцебскі «перакуп» стварыў фінансавую піраміду

3
Віцебскі «перакуп» стварыў фінансавую піраміду

Мясцовы «Маўродзі» пачаў сваю кар'еру з працы на аўтамыйцы.

Дэтэктывы Кастрычніцкага РАУС Віцебска затрымалі 29-гадовага мясцовага жыхара паводле падазрэння ў буйным фінансавым махлярстве. Пакуль вядома пра сем пацярпелых, якія перадалі мужчыну ад $ 2000 да $ 5000 на набыццё аўтамабіляў. Ад наступнага продажу машынаў крэдыторы павінны былі атрымаць адсотак. Аднак бізнэс прагарэў, а пазычальнік стаў фігурантам крымінальнай справы, – паведамляе УУС Віцебскай вобласці.

Асноўным месцам працы падазраванага доўгі час была адна з гарадскіх аўтамыек. Там ён знаёміўся з кліентамі, як кажуць праваахоўнікі, уваходзіў да іх у давер і ўгаворваў даць яму грошы на аўтабізнэс, абяцаючы падзяліцца прыбыткам.

Віцяблянін набываў у асноўным няспраўныя аўтамабілі, рамантаваў іх і прадаваў ужо з накруткай. Праўда, неўзабаве рэалізацыя тэхнікі запаволілася. Каб прадаўжаць справу, аўтамыйнік адважыўся на падман.

– Падазраваны прасіў у знаёмых грошы і ў якасці гарантыі вяртання пазыкі пакідаў у закладзе аўтамабіль. На частку пазыковых грошай набывалася больш танная машына, а рэшту мужчына выдаткоўваў на сябе. Такім чынам стваралася своеасаблівая піраміда пазык і тэхнікі, – апавялі ў крымінальным вышуку Кастрычніцкім РАУС Віцебска.

Цяпер вызначаюцца ўсе пацярпелыя і агульная шкода ад злачыннай дзейнасці, якая бярэ пачатак яшчэ з 2015 года.

Падазраваны знаходзіцца ў ІЧУ, у яго дачыненні Віцебскім гарадскім аддзелам СК распачатая крымінальная справа паводле ч.3 арт.209 КК Беларусі (махлярства ў буйным памеры).