Мастак Рыгор Таболіч: Калі ўбачыў беларускія сцягі ў Вільні - у горле стаў ком
8- 23.11.2019, 21:23
- 20,972
Беларускі аўтар абяцае напісаць карціну пра перапахаванне Каліноўскага.
На ўрачыстасці пахавання паўстанцаў 1863-1864 гадоў прыехаў беларускі мастак Рыгор Таболіч. Вядомы, між іншым, тым, што ў сваіх карцінах адлюстраваў жыццёвы і творчы шлях Максіма Багдановіча. На працягу дня у Вільні Таболіч працаваў над серыяй малюнкаў пра Кастуся Каліноўскага, піша Дзяніс Дзюба для сайта тэлеканала «Белсат».
У Вільні холадна. На мастаку Рыгору Таболічу - цёплая зімовая, куртка, але летняя кепка і лёгкія, не па сезону, чаравікі.
Прапаную Рыгору зайсці пагрэцца ў кавярню, але чую: «Пасля». Таболіч перакусвае падчас пераходу з аднаго «паўстанцкага» месца горада на іншае.
«Я планаваў зрабіць 12 малюнкаў пра шлях Каліноўскага. Але ў такім холадзе зрабіць гэта цяжка - на кожны малюнак сыходзіць не менш за паўгадзіны», - тлумачыць ён.
У выніку мастак зробіць чатыры замалёўкі: з Лукішскага пляцу, дзе пакаралі смерцю паўстанцаў, з плошчы перад віленскім кафедральным саборам, куды ў пятніцу перанясуць астанкі паўстанцаў, а таксама з Вострай брамы і могілкаў Росы.
«Калі маляваў Вострую браму, падыходзілі мясцовыя, зазіралі ў мой аркуш, але нічога не пыталі. Думаю, мастакі, якія малююць тут на вуліцах, для іх - нічога дзіўнага, - распавядае Таболіч. - Ад адной з жанчын даведаўся, што раней тыя, хто праходзіў пад браму, здымалі капялюшы, нават габрэі. Такая вось пашана была да гэтага абразу».
На думку Таболіча, беларускія мастакі дагэтуль тэму Кастуся Каліноўскага да канца не раскрылі:
«Наогул я заўважыў, што Каліноўскага малююць непадобным на яго. А не трэба выдумляць: ёсць жа выдатныя фатаграфіі, якія даюць ўяўленне пра тое, як выглядаў Каліноўскі. Ён быў вельмі валявым чалавекам. Я б сказаў, што ён быў ад беларускіх мужыкоў: прыгожы, светлы твар, прамы нос, буйныя вусны, шавялюра», - працягвае мастак.
На просьбу ахарактарызаваць Каліноўскага адным словам Таболіч на некалькі секунд задумваецца.
«Калі адным словам, то змагар. Смелы, разумны. У яго зваротах адчуваецца неверагодная любоў да народа. Ну хто яшчэ, як ён, мог бы так сказаць? У нас яго любяць назваць палякам. А што палякі - чэрці? Расейцы - ужо нармальна. Яны не памятаюць, што Карл Маркс немцам быў! - кажа Таболіч. - Каліноўскі - самы галоўны беларускі герой, ён першы паказаў напрамак, куды рухацца нашаму народу».
Рыгор Таболіч прызнаецца, што калі ўбачыў незлічоныя беларускія сцягі каля віленскага кафедральнага сабора, у горле ўстаў ком.
«Апошнюю працу я зраблю ўжо дома: гэта будзе ўражанне ад сцягоў, ад свята - свята ўшэсця Каліноўскага. Усё было вельмі прыгожа, усё як трэба, - кажа Таболіч. - Гэта будзе ўжо сімвал сучаснай Беларусі».