18 траўня 2024, Субота, 21:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі паляцелі галовы

5
У Расеі паляцелі галовы
АРХІЎНЫЯ ФОТА АЛЯКСЕЙ НІКОЛЬСКІ/ІТАР-ТАСС

Аб кадравай чыстцы ў сілавых структурах РФ.

У сілавых структурах Расеі правялі чарговую чыстку - звольнілі генералаў з МУС, МНС, Следчага камітэта і Федэральнай службы выканання пакаранняў. Пасля чаго Пуцін прызначыў на пасады больш за 30 новых сілавікоў. Пра тое, чым выкліканая такая ратацыя кадраў, «Апостроф» спытаў расейскага палітолага Дзмітрыя Арэшкіна:

- Трэба мець на ўвазе, што адначасова са звальненнямі адбыліся амаль 35 прызначэнняў. З іх два з лішнім дзясяткі - у МУС, ад навучання і аж да ўнутранага кантролю, унутраных расследаванняў службы і гэтак далей. Увогуле, казачная прапорцыя: адну галаву адсякаюць, а на яе месцы вырастаюць тры новыя.

Важна не тое, каго звольнілі, а каго не звольнілі: нікога не звольнілі з ФСБ, Расгвардыі, Міністэрства абароны. То бок, гэта тыя структуры, на якія Пуцін абапіраецца і якія не жадае крыўдзіць. А астатнія ён чысціць - незразумела навошта. Можа быць, генералы прамантачылі чужыя грошы. Гэта амаль несумненна. Можа быць, гэта ахвяры для грамадскай думкі, каб паказаць, што праводзяцца чысткі. Можа быць, гэта аперацыя застрашвання для іншых, таму што крадуць зашмат.

У кожным выпадку важна, што пад раздачу трапілі не ўсе сілавікі, а толькі адна група - МУС, Следчы камітэт, МНС і Федэральная служба выканання пакаранняў. Думаю, што, акрамя пералічаных раней магчымых прычын, ёсць і ўнутраныя разборкі. Напрыклад, адначасова сем следчых са Следчага камітэта звольніліся на знак пратэсту супраць таго, што іх калегаў западозрылі ў карупцыі, адхілілі ад расследавання і абвясцілі расследаванне некампетэнтным. Ідзе гаворка пра крымінальныя разборкі паміж бандытамі і іх сілавымі службамі, бо высвятляецца, што там былі не проста прыватныя бандыцкія ахоўнікі, а яшчэ і людзі, напрыклад, з Расгвардыі, якія ў вольны ад працы час падзарабляюць ахоўнікамі.

Перастрэлка ў хмарачосе «Вока» адбылася ў лістападзе 2017 года, і да восені наступнага - следчыя прыйшлі да высновы, што вінаватыя сілавікі з Расгвардыі. А да канца 2018 года следчых прагналі і зладзілі радыкальнае новае расследаванне, бо нешта камусьці здалося няправільным. Ускосна можна зрабіць выснову, што, мабыць, у гэтай сутычцы Следчага камітэта з Расгвардыяй перамагла другая, бо, калі паляцелі галовы чыноўнікаў высокага ўзроўню, Расгвардыю, у адрозненне ад СК, не кранулі. Самога Бастрыкіна не знялі, а вось некаторых ягоных намеснікаў паперлі, што, вядома, аслабляе ягоныя пазіцыі як моцнага кіраўніка.

Важна тое, што вызначылі не крыўдзіць Расгвардыю. Гэтая асіметрыя ў адстаўках паказвае, што Пуцін не ўсіх сілавікоў шарсціць, а толькі тых, каго можна. З Шайгу, начальнікамі ФСБ і Золатавым, які кіруе Расгвардыяй, ён сварыцца не хоча. Золатава Пуцін не можа крануць, бо гэта ягоная асабістая бяспека, для Пуціна вельмі важнае адчуванне, што на Золатава заўсёды можна спадзявацца. А ФСБ, як і Мінабароны, - папросту вельмі ўплывовая структура. Разам яны - аснова ўлады Пуціна.

Гэта значыць, мэты звальнення наступныя: непакорлівых пакараць, астатнім паказаць, што не варта такімі быць, і адначасова прытупіць канфлікт паміж рознымі сілавымі структурамі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках