8 траўня 2024, Серада, 5:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ужо трэці расеец учыніў самагубства праз пагрозу высылкі з Беларусі

5
Ужо трэці расеец учыніў самагубства праз пагрозу высылкі з Беларусі

Мікалаю Дземідзенку было 68 гадоў.

Стала вядома ўжо аб трэцім за апошнія два месяцы выпадку самагубства грамадзяніна Расеі, звязанага меркавана з пагрозай высылкі з Беларусі. 31 снежня 2018 года скончыў жыццё самагубствам 68-гадовы жыхар Брагінскага раёна Мікалай Дземідзенка, паведамляе «Радыё Свабода».

«Ён меў яшчэ савецкі пашпарт, ніяк не мог зрабіць новы. Раней Мікалай жыў у Карэліі, яго маглі выслаць у Расею, бо ў яго былі тут адміністрацыйныя правапарушэнні», - адзначыла адная з крыніц журналістаў, блізка знаёмы з сітуацыяй.

Ён нарадзіўся тут

Мікалай Дземідзенка нарадзіўся ў вёсцы Вуглы Брагінскага раёна. Потым пераехаў жыць у Карэлію. Каля дванаццаці гадоў таму вярнуўся на радзіму - у вёску Хракавічы. Тут у яго жыў старэйшы брат. Мікалай меў яшчэ савецкі пашпарт, новы ніяк не мог зрабіць.

У яго былі праблемы з алкаголем.

«Паперы яму збіралі, каб ён атрымаў пашпарт. Міліцыя нават запыты высылала ў Расею, аб апошнім ягоным месцы жыхарства. Пашпарт жа яго быў аформлены ў Расеі. Але ён злоўжываў алкаголем, таму не мог аформіць дакументы.

У яго былі штрафы за адміністрацыйныя правапарушэнні - з'яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Спачатку трэба было штрафы выплаціць», - кажуць у Чамерыскім сельскім савеце, на тэрыторыі якога знаходзіцца вёска Хракавічы.

«Нікому ён шкоды не нарабіў, быў ціхім жлуктам»

У сельсавеце адзначылі, што Хракавічы знаходзяцца ў чарнобыльскай зоне, за 5-6 кіламетрах ад мяжы з Украінай.

«Самі разумееце, тут памежная зона, заканадаўства мяняецца, узмацняецца. Пасля аварыі на ЧАЭС у нас тут набудавалі хатак для перасяленцаў, і таму сюды цягнула людзей, якія дзесьці бадзяліся па свеце, а тут маглі асесці», - кажуць у сельскім савеце.

Там дадаюць, што Мікалай нікому не нарабіў шкоды, быў «ціхім п'яніцам». Дапамагаў вяскоўцам з агародамі, займаўся іншымі сельскагаспадарчымі работамі.

«Ён нікога не турбаваў, ніхто на яго ў вёсцы не скардзіўся. Каб ён краў, ці буяніў, даймаў каго - такога не было. Мы казалі - рабі пашпарт, будзеш пенсію атрымліваць, але ён абяцаў, а потым нап'ецца і ўсё. Калі б не алкаголь - то не было б такіх праблем. Але мы хрысціяне, нам шкада людзей, ўсіх.

Куды яму было высяляцца, ды сярод зімы? У чыстае поле? Тым больш тут брат, у Рэчыцы брат, у Гомелі сястра ў яго. Ну пра такое не казалі, што яго вывезуць у чыстае поле. Хоць адну жанчыну пасадзілі неяк у цягнік і адправілі ў Піцер», - растлумачылі ў сельскім савеце.

«Заканадаўцы, змяняйце закон, калі ён ідзе не ад жыцця»

Праваабаронца Леанід Судаленка звяртае ўвагу, што за апошні час гэта трэці выпадак самагубства, звязаны з пагрозай высылкі з Беларусі.

У снежні 2018 з прычыны высылкі з Беларусі ўчыніў самагубства 35-гадовы жыхар Лоева (Гомельская вобласць) Сяргей Барысаў.

У студзені ў Буда-Кашалёўскім раёне таксама ўчыніў самагубства грамадзянін Расеі. Віталь жыў у Беларусі 14 гадоў, меў тут жонку і шасцярых дзяцей, працаваў на мясакамбінаце. За адміністрацыйныя правапарушэнні яму пагражала высылка. Дзеці засталіся сіротамі.

«Калі такое здараецца, трэба мяняць законы, якія дазваляюць за адно правапарушэнне высылаць чалавека, як у выпадку з украінцам Сяргеем Працэнкам. Ён мае жонку, маленькіх дзяцей, працу, станоўчыя характарыстыкі. Хто здабудзе, калі яго адправяць ва Украіну? - кажа праваабаронца Леанід Судаленка. - раскідаецца сям'я - раскідаецца ўсё.

Для мужчыны гэта вельмі стрэсавая сітуацыя. Працэнка кажа: што я, сяду на вакзале ў Чарнігаве і буду сядзець? Яму няма куды ісці ва Украіне. Ён страчвае сацыяльныя сувязі, сям'ю», - падкрэсліў праваабаронца.

Праваабаронца заклікае заканадаўцаў «не спаць у шапку».

«Калі закон ідзе не ад жыцця - то трэба змяніць закон, бо людзі, як мы бачым, не могуць самастойна справіцца з праблемай і накладваюць на сябе рукі», - дадаў Судаленка.

Пастанова наконт украінца Сяргея Працэнкі, якому пагражае высылка, будзе вынесеная 7 лютага ў Гомельскім абласным судзе.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках