2 траўня 2024, Чацвер, 17:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэта не праблема Марыі Тарасенкі, а 500 тысяч «дармаедаў», якіх улада адправіла ў рэзервацыю»

6
«Гэта не праблема Марыі Тарасенкі, а 500 тысяч «дармаедаў», якіх улада адправіла ў рэзервацыю»
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА І МАРЫЯ ТАРАСЕНКА
ФОТА: PRACA-BY.INFO

Урад урываецца ў прыватнае жыццё беларусаў.

Сёння суд Чыгуначнага раёна Гомеля прыняў пастанову паводле справы хатняй гаспадыні Марыі Тарасенкі супраць «дармаедскай» камісіі. Гомелька патрабавала ад дзяржавы 1000 рублёў кампенсацыі за ўключэнне ў базу «дармаедаў». У пазове ёй адмовілі.

Па падрабязнасці сайт Charter97.org звярнуўся да вядомага юрыста незалежнага прафсаюза РЭП Леаніда Судаленкі, які прадстаўляў у судзе інтарэсы Марыі:

- Пастанова суда чарговым разам пацвярджае, што супраць дэкрэта аб «дармаедах» прававой абароны ў Беларусі проста не існуе. Калі вы памятаеце, у лютым суд адмовіў Марыі ў распачынанні справы паводле скаргі на ўключэнне «дармаедскай» камісіі яе звестак у базу з прычыны непадлегласці, тады яна надумала зайсці з другога боку - падала пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды.

Як стала вядома сёння, суддзя разважыў, што i маральная шкода гомельцы не прычыненая. Ён разважаў, што калі рукі цэлыя, ногі цэлыя, катаванняў не выкарыстоўвалася, то і маральнай шкоды няма. Наша ж пазіцыя ў іншым. Сам факт занясення Марыі Тарасенка у базу, тое, што яе назвалі «незанятай ў эканоміцы» - прычыніла і працягвае прычыняць ёй маральную шкоду.

- Як Марыя і вы мерыцеся дзейнічаць далей?

- Ужо сёння мы замовілі матывавальную частку пастановы суда. Пасля азнаямлення з ёй мы пададзім апеляцыйную скаргу ў Гомельскі абласны суд і мерымся падняць гэтую праблему да Вярхоўнага суда.

Варта выразна разумець, гэта не праблема Марыі Тарасенкі, гэта праблема 500 тысяч «дармаедаў», якіх улада адправіла ў рэзервацыю.

На мой погляд, самай галоўнай праблемай з'яўляецца адсутнасць у дэкрэце магчымасці беларуса, які патрапіў у базу «дармаедаў», абараніцца ў судзе. Дэкрэтам проста не прадугледжана тое, як грамадзянін можа абскардзіць унясенне ў базу ў судзе.

Яшчэ і Канстытуцыйны суд маўчыць. Мы хочам падняць і тое пытанне, што дэкрэт не правераны на адпаведнасць Канстытуцыі. На жаль, у нашай краіне грамадзяне пазбаўленыя прамой магчымасці звяртацца ў Канстытуцыйны суд са скаргай, таму адрасуем пытанне да суб'ектаў: ураду, Вярхоўнага суда, якія паводле Канстытуцыі надзелены правам на такі зварот. Мы будзем выкарыстоўваць усе магчымыя механізмы.

- Днямі «дармаедам» прынеслі пацяжэлыя рахункі...

- Так, ужо стала вядома, што Марыі Тарасенцы за студзень і люты пералічылі падагрэў гарачай вады паводле «дармаедскага» тарыфу. Атрымалася, што яна павінна заплаціць за гарачую ваду ў 5,3 разы больш, чым у снежні 2018 года. Яе рахунак ужо значна пацяжэў, а што будзе, калі да восені падаражэе газ і цеплазабеспячэнне для яе сям'і? Думаю, што сямейнага бюджэту катастрафічна не будзе ставаць, каб кампенсаваць аплату плацяжоў цалкам.

Відавочна, дзяржава ўрываецца ў жыццё канкрэтнай сям'і, ламаючы яе планы. Бо Марыя выразна вызначылася з роляй для сябе на найбліжэйшы час. Яна хоча быць хатняй гаспадыняй, а налічаючы «камуналку» такімі драконаўскімі тарыфамі - улада ўрываецца ў яе прыватнае жыццё.

Марыя - сябра нашага прафзвязу РЭП і мы зробім усё магчымае, будзем выкарыстоўваць усе механізмы, каб яе абараніць.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках