20 красавiка 2019, Субота, 16:24
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Заляцанне да Лукашэнкі пагражае незалежнасці Беларусі

24

Захад мае інструмент для ўплыву на дыктатара.

Надоечы Беларусь зноў стала прывабліваць увагу сусветнай супольнасці. Гэтым разам як магчымая ахвяра расейскай агрэсіі. Раптам міжнародная прэса стала згадваць Беларусь і выказваць устурбаванасць, што Крэмль цісне на кіроўны рэжым, што можа азначаць магчымы Anschluss.

Адметна, што прычынай хвалявання з'яўляецца не жахлівая сітуацыя з правамі чалавека ў краіне ў варунках дыктатуры, а лёс самой дыктатуры, якой пагражае больш небяспечны суседні тыран.

Той факт, што Лукашэнка ўжо 25 гадоў незаконна чапляецца за ўладу, і што менавіта ён стварыў усе варункі для таго, каб Крэмль у кожны момант мог паглынуць Беларусь, проста ігнаруецца. Але ж менавіта Лукашэнка падпісаў усе пагадненні аб стварэнні так званага "саюзу" з Расеяй, а затым у адпаведнасці з гэтымі пагадненнямі, як публічнымі, так і сакрэтнымі, заняўся знішчэннем беларускай ідэнтычнасці ўсімі магчымымі спосабамі. Сёння размаўляць па-беларуску ў Беларусі ў грамадскім месцы, за межамі моўных гетаў, якім рэжым дазваляе існаваць - гэта акт асабовай мужнасці.

Так, сапраўды, Крэмль пагражае незалежнасці Беларусі, нясе рэальную пагрозу існаванню Беларусі як суверэннай дзяржавы. У гэтым няма ніякіх сумневаў пасля ўварвання Расеі ў Грузію ў 2008 годзе і анэксіі грузінскіх тэрыторый, і, пагатоў, пасля расейскага ўварвання ва Украіну і анэксіі ўкраінскага Крыма.

Няма ніякіх сумневаў, што Лукашэнка - дробязны гандляр, здольны прадаць нашу незалежнасць і ўжо ніяк не здольны абараніць яе, не кажучы пра тое, каб за яе змагацца. Апошні дыктатар Еўропы добра вядомы сваёй нянавісцю да нацыянальнай ідэнтычнасці краіны, якую ён ужо столькі гадоў трымае ў закладніках. Для яго Беларусь - гэта не радзіма, якой трэба ганарыцца, а спосаб узбагачэння і задавальнення інстынктаў.

Напраўду незалежнасць Беларусі - пытанне міжнароднай бяспекі. Незалежнасць Беларусі стратэгічна занадта важная для Еўропы і свету, каб аддаваць яе на водкуп двум тыранам, Пуціну і Лукашэнку. Яе трэба абараняць міжнароднымі намаганнямі, і ніяк не шляхам абароны рэжыму, які дае тэрыторыю Беларусі, каб дагадзіць Крамлю кожны раз, калі той хоча прыстрашыць Захад, напрыклад, вялікімі вайсковымі манеўрамі накшталт "Захаду".

Дапамагчы Беларусі можна, даўшы падтрымку ўнутры краіны тым прынцыпам і вартасцям, на якіх грунтуецца дэмакратычны свет, а не рэпрэсіўны рэжым, які нясе пагрозу гэтым вартасцям.

Варта жалю тое, што Захад, відавочна, аслабіў сваю прысутнасць у Беларусі, пакінуўшы пасля сябе толькі жменьку "карысных ідыётаў" і прыручаны дыпламатычны корпус у Менску.

На вялікі жаль, засланяючыся геапалітычнымі інтарэсамі, якія нібыта патрабуюць не заўважаць дыктатуры, Захад публічна падтрымлівае Лукашэнку, тым самым павялічваючы ўразлівасць Беларусі перад агрэсіўным Крамлём.

Не так складана зразумець, што паміж незалежнасцю Беларусі і рэжымам Лукашэнкі не можа быць знака роўнасці.

Уразумеўшы гэта ды склаўшы два і два, можна зрабіць наступны крок: рэальна падтрымаць незалежнасць Беларусі. Лукашэнка сёння ўсімі сіламі супраціўляецца рэформам, што азначае для Беларусі блізкае банкруцтва, але яму вельмі патрэбныя грошы, ён слёзна просіць іх у Захаду.

Вось вам і інструмент. Не складана звязаць дапамогу Захаду з умацаваннем незалежнасці Беларусі ды выставіць адпаведныя ўмовы. А ўмовы простыя: спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі, незалежнай прэсы, грамадзянскай супольнасці і ўсіх змагароў за свабоду, якія напраўду бароняць незалежнасць Беларусі.

Так званая "мяккая бяспека" мае быць дастасаваная да ўласнай бяспекі, для таго каб унікнуць супярэчнасцяў. Парадаксальна, што NАТО, усведамляючы патэнцыйную пагрозу з тэрыторыі Беларусі, умацоўвае свой вайсковы патэнцыял на ўсходняй мяжы Еўразвязу, а тыя ж чальцы NАТО ў рамках Еўразвязу часам адмаўляюцца прызнаваць існыя пагрозы і спрабуюць заляцацца да дыктатара, які гэтыя пагрозы і стварае.

Адным са свежых прыкладаў такіх супярэчнасцяў з'яўляюцца планы Еўразвязу інвеставаць дзесьці 1 мільярд еўраў у паляпшэнне стану дарог у Беларусі, а ў той жа час некаторыя ўкраінскія крыніцы з трывогай адзначаюць, у Беларусі надоечы пабудавалі 96 км дарог у лясным запаведніку паблізу Украіны, якія могуць служыць для падвозу жаўнераў, зброі і тэхнікі да ўкраінскай мяжы.

Або возьмем нядаўняе расследаванне праекта расследаванняў арганізаванай злачыннасці і карупцыі (Organized Crime and Corruption Reporting Project (OCCRP), у якім гаворыцца, што закупленае Беларуссю электроннае абсталяванне за грошы Еўразвязу выкарыстоўваецца для ціску на апанентаў рэжыму.

Калі Лукашэнка праз сваіх эмісараў просіць грошай у заходніх сталіцах для таго, каб абараніць незалежнасць Беларусі, трэба разумець, што гэта блеф, і шчыра казаць пра гэта. Рэальную дапамогу незалежнасці Беларусі трэба даваць толькі на жорсткіх умовах абароны вартасцяў.

Калі не будзе значных інвестыцый у незалежнасць Беларусі, то пад пагрозай апынецца рэгіянальная бяспека. Калі дапамога Еўразвязу Беларусі не будзе прывязаная да вартасцяў і не будзе абумоўленая адсутнасцю рэпрэсій і павагай да правоў чалавека, то яна толькі паспрыяе ўзмацненню пагрозы з усходу.

Андрэй Саннікаў, UpNorth (Канада)

кіраўнік фонду "Еўрапейская Беларусь”

***

Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт Charter97.org наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:

Cпасылка:

https://www.paypal.com/cgi-bin/webscr?cmd=_s-xclick&hosted_button_id=WPS4NY975YGSS&source=url


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com