1 траўня 2024, Серада, 9:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жаліба: Што далей - на прадпрыемствы прызначаць «наглядчыкаў»

10
Барыс Жаліба: Што далей - на прадпрыемствы прызначаць «наглядчыкаў»
Барыс Жаліба
ФОТА: «Радыё Свабода»

Прафесар эканомікі раскрытыкаваў пастанову беларускага ўрада.

У сераду ўрад выдаў дакумент, у адпаведнасці з якім топ-чыноўнікі - намеснікі прэм'ера, кіраўнікі міністэрстваў і ўстаноў ды іхнія намеснікі - прызначаюцца прадстаўнікамі дзяржавы ў органах кіравання вялікіх прадпрыемстваў. У спісе - 70 адкрытых акцыянерных таварыстваў.

Аўтары дакумента спасылаюцца на тое, што падыход, прапісаны ў пастанове, грунтуюцца на сусветным досведзе і будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці дзейнасці арганізацый.

- Мне такі сусветны досвед не вядомы, - сказаў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба. - Сусветны досвед сведчыць аб тым, што акцыянерныя таварыствы ў развітых краінах наўрад маюць наогул нейкую дзель дзяржавы. Яны ўсе прыватныя. Але ў Беларусі мала таго, што кантрольны пакет мае дзяржава. Што яшчэ трэба? Прызначаюць хіба «наглядчыка»?

Эксперт нагадвае, што магчымая прысутнасць чыноўніка і ў тых акцыянерных таварыствах, дзе дзель дзяржавы меншая, чым кантрольны пакет.

- Задума была такая, што вылучаць сотню найбольшых акцыянерных таварыстваў, і гэты эксперымент правядуць на іх. Калі ён будзе ўдалы, то яго будуць распаўсюджваць.

Акрамя таго, адзначае Барыс Жаліба, у Беларусі ўжываўся такі досвед як «залатая акцыя», калі ў органах кіравання акцыянерных таварыстваў быў зазвычай прадстаўнік мясцовай улады.

- Валодаючы гэтай умоўнай «залатой акцыяй», ён мог накласці вета на ўсякую пастанову сходу акцыянераў, якую дзяржава прыняла б за спрэчную. Гэтая практыка крытыкавалася, бо не адпавядае духу і нормам рынкавай эканомікі. І ўрэшце, праз некалькі гадоў гэтую акцыю прыбралі. І дзякуй Богу! Выходзіць, што пастанова ўрада - ізноў крок назад. Навошта патрэбен чыноўнік на прадпрыемстве, якое і так знаходзіцца пад кантролем дзяржавы? Пагатоў чыноўнік мае свае асноўныя абавязкі.

Барыс Жаліба мяркуе, што прысутнасць топ-чыноўнікаў у кіраўніцтве прадпрыемстваў не павысіць эфектыўнасць іх працы.

- Думаю, аналітыкі ставяцца да гэтага скептычна.

Суразмоўца «Салідарнасці» мяркуе, што, можа быць, кіраўнікі прадпрыемстваў змогуць развязваць праз чыноўнікаў праблемы, якія патрабуюць разгляду на высокіх паверхах улады. На ягоную думку, гэта мае быць выняткам, а не правілам.

- Гэтая пастанова цалкам не ў духу нормаў рынкавай эканомікі, бо нашы міжнародныя крэдыторы - МВФ і Еўразійскі банк - выстаўляюць прэтэнзіі: наблізьце сваю эканоміку да стандартаў рынкавай. МВФ рэкамендаваў беларускім уладам удасканаліць карпарацыйнае кіраванне дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Гэта значыць звесці да мінімуму ўмяшанне дзяржавы ў гаспадарчую дзейнасць.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках