11 траўня 2024, Субота, 1:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада Еўропы: Беларусь утойвае інфармацыю аб стане карупцыі ў краіне

17
Рада Еўропы: Беларусь утойвае інфармацыю аб стане карупцыі ў краіне
МАЛЮНАК: DW.COM

Антыкарупцыйны орган Рады Еўропы папярэдзіў патэнцыйных інвестараў.

Беларусь не выконвае антыкарупцыйных стандартаў і ўтойвае інфармацыю аб стане карупцыі ў краіне. Такую заяву зрабіў антыкарупцыйны орган Рады Еўропы. Патэнцыйных інвестараў і партнёраў Беларусі папярэдзілі аб неабходнасці праяўляць павышаную пільнасць пры кантактах з чыноўнікамі, піша ng.ru.

З гучнай заявай аб высокім узроўні карупцыі ў Беларусі выступіў антыкарупцыйны орган Рады Еўропы - група дзяржаў у барацьбе з карупцыяй (GRECO). Арганізацыя падкрэслівае, што вымушаныя былі пайсці на такі крок упершыню, бо ўсе звароты на гэты конт беларускі бок ігнаруе.

Напрыклад, Менск так і не пагадзіўся на публікацыю дакладу аб захаванні ў краіне антыкарупцыйных стандартаў, які штогод рыхтуе GRECO ў дачыненні да краін, якія ратыфікавалі Канвенцыю Рады Еўропы аб крымінальнай адказнасці за карупцыю.

Беларусь ужо некалькі гадоў застаецца адзінай краінай – чальцом GRECO, урад якой не дазваляе публікацыю якіх бы то ні было дакладаў гэтай арганізацыі аб сабе. У папярэднія гады GRECO публікавала толькі рэзюмэ справаздач аб Беларусі. У іх адзначалася, што антыкарупцыйныя рэкамендацыі, якія GRECO адрасавала Менску яшчэ ў 2012 годзе, выконваюцца на нездавальняючым узроўні.

Усяго такіх рэкамендацый было 24. Як падкрэсліваюць у арганізацыі, краіна выканала толькі чатыры з іх. Рэкамендацыі датычацца ўмацавання незалежнасці судоў, пракуратуры і аперацыйнай самастойнасці праваахоўных органаў. Таксама экспэрты GRECO прапануюць абмежаваць недатыкальнасць некаторых катэгорый асоб, пашырыць палажэнне аб хабарніцтве, уключыўшы паняцці «прапановы», «абяцанні», «просьбы» і «прыняцця прапановы або абяцання», ахапіць матэрыяльныя і нематэрыяльныя перавагі, а таксама выпадкі, калі хабар перадаецца не самай службовай асобе, а трэцяму баку.

«Далейшае невыкананне правілаў і нормаў GRECO кідае змрочны цень як на прыхільнасць уладаў Беларусі прафілактыцы карупцыі і барацьбы з ёй, так і на супрацоўніцтва з GRECO агулам», – гаворыцца ў заяве. Арганізацыя папярэджвае, што звярнулася да ўсіх сваіх сяброў з просьбай «прымаць пад увагу гэтую сітуацыю пры кантактах з Беларуссю». Экспэрты GRECO разлічваюць, што ціск з боку партнёраў разам з заявай антыкарупцыйнага органа Рады Еўропы падзейнічае на беларускія ўлады і яны зменяць сітуацыю.

Стан карупцыі ў свеце адсочваецца не толькі на ўзроўні Рады Еўропы. Напрыклад, свой маніторынг вядзе міжнародны рух у супрацьдзеянні карупцыі - арганізацыя Transparency International. Яе рэйтынг вымярае індэкс успрымання карупцыі ў дзяржаўным сектары 180 дзяржаў і ранжыру ў балах паводле шкалы ад 0 (сур'ёзна карумпаванае) да 100 (поўная адсутнасць карупцыі). У сваю чаргу, аўтары рэйтынгу абапіраюцца на даследаванні іншых міжнародных арганізацый – такіх як Сусветны банк, Freedom House, фонд Bertelsmann і інш. У рэйтынгу, апублікаваным у студзені гэтага года, Беларусь паводле вынікаў 2018 года апусцілася на 70-е месца з 68-га, якое займала годам раней таму. Дарэчы, Расея ў ім займае 138-е месца, Украіна-120-е, а Польшча 36-е.

Беларусь апошнім часам проста скалынаюць карупцыйныя скандалы. Акрамя практычна штодзённых затрыманняў чыноўнікаў за хабарніцтва раз-пораз выкрываюцца цэлыя карупцыйныя сеткі і схемы ў асобных галінах. Летась нашумела «справа «Ашмянскай мытні», у якой выразна была адпрацаваная сістэма аплаты за перасячэнне мяжы. У справе фігуравалі блізу 60 чалавек.

Грошай было так шмат, што ў аднаго з фігурантаў у кватэры проста пад ваннай захоўвалася 1,8 млн даляраў. У канцы мінулага і пачатку гэтага года яшчэ прадаўжаліся суды паводле не менш гучнай «справы медыкаў». Як высветлілася, чыноўнікі ад медыцыны, уключаючы галоўных лекараў некаторых лякарняў, бралі адкаты з кампаній-пастаўшчыкоў абсталявання. Фігурантамі справы сталі 33 чалавекі, а агульная сума хабараў перавысіла 350 тысяч даляраў. Карупцыйная схема выявілася нават на ўзроўні школьных сталовых. Яе пад сябе сфармаваў чыноўнік Менскага выканкама. Супрацоўнікі школьных сталовых штомесяц плацілі яму хабар за падаўжэнне кантракту. Не грэбаваў чыноўнік і прадуктамі.

У пераліку прычын масавай карупцыі, якая раз'ядае краіну, экспэрты адзначаюць, што галоўная з іх штучна створаная дзяржавай. Яны сцвярджаюць, што такая карупцыйная схема выбудаваная ў Беларусі не выпадкова - яна дазваляе мець кампрамат на кожнага чыноўніка або кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства. Дастаць яго можна ў кожны момант, што робіць людзей кіраванымі. Не выпадкова пры раскрыцці схем на мытні і ў Міністэрстве аховы здароўя сярод фігурантаў не выявілася чыноўнікаў вышэйшага рангу - міністраў і іх намеснікаў. Прытым, што маштабы раскрытых схем такія, што ўтаіць іх ад вышэйшага кіраўніцтва было амаль нерэальна, разважаюць мясцовыя назіральнікі. Пакуль «дывановае бамбаванне» ідзе вакол «вялікіх кіраўнікоў», але яны выразна разумеюць, што ў выпадку чаго пра іх таксама ўспомняць.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках