18 траўня 2024, Субота, 22:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Пастухоў: Дэкрэт аб «дармаедах» можа ўспыхнуць магутным полымем

30
Міхаіл Пастухоў: Дэкрэт аб «дармаедах» можа ўспыхнуць магутным полымем
МІХАІЛ ПАСТУХОЎ

Найлепшым выйсцем з сітуацыі магло б стаць скасаванне дэкрэту.

Суды «дармаедаў» не абараняюць

Жыхарка Гомеля Марыя Тарасенка, даведаўшыся аб тым, што яе ўключылі ў базу асоб, не занятых у эканоміцы, наважыла абараняць свае правы. Яе скарга на дзеянні «мясцовай надзвычайкі» ў асобе стала дзейнай камісіі ў садзейнічанні занятасці насельніцтва (далей скарочана — ПДКСЗН) поспехам не ўвянчалася. Раённы суд адмовіўся яе разглядаць, спаслаўшыся на непадведамаснасць такіх спрэчак, піша доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў для сайта «Свободные новости».

Тады Марыя падала пазоў аб кампенсацыі ёй маральнай шкоды за перанесеныя пакуты і знявагі. На дапамогу жанчыне прыйшлі юрысты Леанід Судаленка і Андрэй Стрыжак. У судзе яны спрабавалі давесці, што пазоўніца аплачвае жыллёва-камунальныя паслугі, падаткі і тым самым удзельнічае ў эканамічным жыцці краіны. Сам факт уключэння яе ў базу асоб, не занятых у эканоміцы, з'яўляецца абразлівым і прымушае апраўдвацца перад знаёмымі.

Аднак суд, выслухаўшы меркаванне прадстаўнікоў адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля, пакінуў пазоў М. Тарасенкі без задавальнення. Гэта азначае, што з яе будуць спаганяць за падагрэў вады ў пяць разоў большую плату, чым з астатніх домаўладальнікаў.

У Інтэрнэце паведамляецца яшчэ пра адзін выпадак звароту ў суд у сувязі з уключэннем у базу «не занятых у эканоміцы». Гэта ўчынак жыхара Менска Ігара Якшэвіча. Ён мяркуе, што прадстаўнікі ўлады незаконна ўрываюцца ў ягонае асабістае жыццё і выстаўляюць неабгрунтаваныя патрабаванні. Аб выраку суда пакуль не вядома, але яго можна прагназаваць.

На якой падставе?

Перш за ўсё, узнікае пытанне: на якой падставе грамадзян Беларусі раптам сталі прымушаць да працы і патрабаваць ад іх дадатковыя сумы за камунальныя паслугі?

У адказ варта паказаць, што паводле Канстытуцыі грамадзяне маюць права на працу, але не абавязаныя працаваць (арт.41). Акрамя таго, грамадзяне роўныя перад законам і не павінны зазнаваць дыскрымінацыю (арт.22). Згодна з Канстытуцыяй, не дапускаецца адвольнае абмежаванне правоў і свабод асобы (арт.23).

Гарантыяй правоў грамадзян служыць норма Канстытуцыі аб тым,што ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, не прадугледжаных Канстытуцыяй і законамі (арт.58). У тым выпадку, калі хто-небудзь са службовых і іншых асоб парушыць правы і свабоды грамадзян, то павінен несці адказнасць (ч.3 арт.59).

Наступнае пытанне, якое патрабуе тлумачэння: на якой падставе і ў сілу якіх абставін у Беларусі з'явілася нейкае падабенства «надзвычайкі» — ПДКСЗН?

З фармальнага пункту гледжання на гэтае пытанне адказаць проста: стварэнне такіх камісій было прадугледжанае спачатку дэкрэтам №3 ад 2 красавіка 2015 года, а потым дэкрэтам №1 ад 25 студзеня 2019 года. Асноўнай мэтай такіх камісій з'яўляецца садзейнічанне працаўладкаванню грамадзян. У дачыненні да грамадзян, не занятых у эканоміцы, з 1 студзеня 2019 года прапануецца ўстанавіць аплату за паслугі коштамі (тарыфамі) «якія забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на іх наданне».

З прававога пункту гледжання стварэнне камісій пад абрэвіятурай ПДКСЗН з'яўляецца незаконным. Іх склад нагадвае характар нейкага зборышча з дэпутатаў, прадстаўнікоў органаў працы, занятасці і сацыяльнай абароны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, унутраных спраў, рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў. Іх дзейнасць звязаная з уварваннем у сферу асабістага жыцця грамадзян, прымусам да працы, прычым без уліку кваліфікацыі. Праца ў гэтых камісіях адцягвае дзяржаўных службоўцаў ад іх непасрэдных абавязкаў і прымушае іх злоўжываць уладай і службовым становішчам. Усё гэта - суцэльнае парушэнне заканадаўства і правоў грамадзян.

Акрамя таго, варта звярнуць увагу на празмернае павелічэнне аплаты за паслугі ЖКГ для так званых дармаедаў. Гэта не што іншае, як валюнтарызм і дыскрымінацыя. Фактычна, мы маем справу з дзяржаўным рэкетам.

Выхад заўсёды ёсць

Прасунутыя грамадзяне ўжо дзеляцца «рэцэптамі» выратавання тых, хто трапіў «пад дэкрэт». Адзін з іх — усталёўваць «буржуйкі» або грэць ваду ў вёдрах. Іншыя раяць паехаць у разліковы цэнтр МЖКХ і праверыць правільнасць налічэння сум. Трэція прапануюць звяртацца ў суд з пазовам аб кампенсацыі залішне спагнаных сум.

Юрыст Сяргей Балыкін прапануе «здацца» на ласку ПДКСЗН або стаць рамеснікам, фермерам, самазанятым і тым самым выйсці з-пад дзеяння дэкрэта. Былы суддзя і адвакат Гары Паганяйла, дзякуючы сваім байцоўскім якасцям, кліча «дармаедаў» змагацца за свае правы, абскарджваючы дзеянні «дармаедскіх камісій» на ўсіх узроўнях, аж да Вярхоўнага суда.

На мой погляд, найлепшым выйсцем з сітуацыі магло б стаць скасаванне дэкрэта. Гэта можа зрабіць сам Лукашэнка, разумеючы, што далейшая яго рэалізацыя прывядзе да масавай незадаволенасці людзей. Пастанову можа прыняць і Канстытуцыйны суд, калі да яго звернецца адзін з упаўнаважаных на тое суб'ектаў. Найгоршым варыянтам могуць стаць народныя пратэсты.

Мне ўяўляецца, што праблему з «дармаедамі» можна параўнаць з тарфянікам, які пры павышэнні тэмпературы можа вырвацца вонкі магутным полымем на вялікай плошчы. Ва ўсякім выпадку, развязку гэтай праблемы мы можам убачыць да канца года, калі з «дармаедаў» запатрабуюць яшчэ і дадатковую аплату за газазабеспячэнне і абаграванне кватэр.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках