6 траўня 2024, панядзелак, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі разаслалі па школах інструкцыю для выяўлення «экстрэмістаў» сярод вучняў

72
У Беларусі разаслалі па школах інструкцыю для выяўлення «экстрэмістаў» сярод вучняў
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Настаўнікі павінны будуць паведамляць пра фрызуры, абутак і падцяжкі школьнікаў.

Чытачы пераслалі "Радыё Свабода" дакумент, які павінен "дапамагчы" настаўнікам выяўляць "экстрэмістаў" сярод школьнікаў.

Пасля трагедыі ў Стоўбцах школы і міліцыя зрабілі шэраг крокаў для бяспекі. У школах усталявалі турнікеты, абмежавалі для бацькоў доступ у навучальныя ўстановы, для школьнікаў - карыстанне мабільнымі тэлефонамі.

Дакумент называецца " алгарытм узаемадзеяння супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і работнікаў устаноў адукацыі, спорту, турызму, культуры і аховы здароўя Гомельскай вобласці для ранняй ідэнтыфікацыі ў моладзевым асяроддзі асоб, якія ўваходзяць у нефармальныя моладзевыя групоўкі». Ён быў зацверджаны на пасяджэнні камісіі аб справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкама.

У "алгарытме” пазначана, што “нефармальныя моладзевыя групоўкі - групоўкі, якія прапагандуюць ідэалогію тэрарызму, экстрэмізму, неафашызму, расісцкія, нацыяналістычныя і таму падобныя ідэі, у тым ліку групоўкі радыкальна настроеных футбольных фанатаў". Асобна ідзе размова аб экстрэмізме і тэрарызме са спасылкамі на адпаведныя законы.

Якія захады будзе рабіць міліцыя?

Міліцыя будзе праводзіць навучальныя семінары для работнікаў устаноў адукацыі, спорту, турызму, культуры і аховы здароўя аб тактыцы выяўлення:

- самарадыкалізаваных асоб;

- асоб, якія ўваходзяць у нефармальныя моладзевыя групоўкі;

- асоб, якія маюць дачыненне да незаконнага абарачэння зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку так званых "чорных капальнікаў”;

- асоб, якія праяўляюць цікавасць да методык вырабу выбуховых рэчываў і іншых сродкаў паразы;

- схільных да гвалту, канфліктаў ды іншых супрацьпраўных учынкаў, у тым ліку дысцыплінарных правінаў;

- інфармацыйных рэсурсаў, якія змяшчаюць методыкі вырабу выбуховых рэчываў і іншых сродкаў паразы.

Што будуць рабіць работнікі сістэм адукацыі, спорту, здароўя?

- з розных крыніц атрымліваць інфармацыю аб “падазроных” асобах і рэсурсах;

- неадкладна ў пісьмовай форме паведамляць пра гэта кіраўніку;

- прымаць захады для абмежавання доступу старонніх асоб да атрыманай інфармацыі;

- у выпадку атрымання аб'ектыўнай інфармацыі аб правапарушэнні або злачынстве неадкладна паведамляць пра гэта на лінію “102".

Як вылічыць "экстрэмістаў" і “нефармалаў" сярод падлеткаў?

Пра гэта ідзе гаворка ў дадатку да "Алгарытму”, які называецца “Атрыбутыка і сімволіка нефармальных моладзевых груповак". Настаўнікі павінны звяртаць увагу на вонкавы выгляд падлеткаў, якія могуць належаць да груповак "нацы-скінхэдаў", "скінхэдаў-антыфашыстаў" і футбольных фанатаў.

Чым адрозніваюцца "нацы-скінхэды" ад " скінхэдаў-антыфашыстаў”

Нашыўка. У "нацы-скінхэдаў" гэта можа быць свастыка, кельцкі крыж, 88, 14 або "White Power". У "скінхэдаў-антыфашыстаў" - " камуністычныя, рэвалюцыйныя сімвалы: партрэты Леніна, Чэ Гевары, Нэльсана Мандэлы, антыфашысцкія і нацысцкія эмблемы, эмблемы з назвамі сваіх арганізацый і груп левага кірунку, на якія яны арыентуюцца”.

Падцяжкам для штаноў, прычым спушчанымі. У "нацы-фашыстаў" падцяжкі могуць быць усялякага колеру, акрамя чырвонага, у іх апанентаў чырвоныя.

Стрыжка. Частка "нацы-скінхэдаў" не голіць нагала, каб не прыцягваць да сябе ўвагу. Валасы могуць быць проста коратка падстрыжаныя. Існуе меркаванне, што даўжыня валасоў па ўсёй галаве павінна быць аднолькавай.

Адзенне. Для "нацы-скінхэдаў" характэрныя футболкі з выявамі свастыкі, рун Атар, арла, 88, 14 або WP (“White Power"). Могуць насіць футболкі колеру хакі. Часта сустракаюцца вайсковыя штаны. Альтэрнатывай такім порткі служаць вузкія джынсы падкасаныя. "Ідэальным колерам джынсаў лічыцца белы або бледна-блакітны, як сімвал белай расы". "Бомбер" - лётная (або ваенная марская) куртка, традыцыйнае адзенне скінхэдаў. Куртка можа быць чорнага, зялёнага або колеру хакі. Асаблівасць яе - адсутнасць каўняра.

Абутак. Хакінгі - цяжкія зашнураваныя вайсковыя боты ці берцы. Папулярнымі з'яўляюцца боты фірмы Camelot або Grinders з 11 парамі металічных адтулін.

Шнуркі на абутку. Павінны быць такімі доўгімі, каб пасля шнуроўкі абутку іх можна было два ці тры разы абматаць вакол халявы. Скінхэды часта носяць чаравікі з белымі шнуркамі і белыя джынсы. "Белы - шырока вядомы, хоць і не агульнапрыняты сімвал скінхэдаў, які пазначае правага радыкала або расіста".

Якія прыкметы футбольнага фаната?

Эмблема. Розных футбольных клубаў і ў рознай каляровай гаме. Не выключана выкарыстанне асобнымі групамі элементаў нацысцкай сімволікі, напрыклад кельцкага крыжа, у складзе іншых знакаў.

Фрызура. Усялякая, часцей кароткая.

Адзенне. Шалік з'яўляецца галоўным атрыбутам. Шалікі аформлены ў каляровай гаме пэўнай футбольнай каманды. Як і скінхэды, носяць джынсы светла-блакітнага колеру, выкарыстоўваючы яго як асноўны колер джынсаў. У фанатаў не павінна быць падкасаных і запраўленых штаноў, характэрных для скінхэдаў. Курткі - цёмна-сіняга і чорнага колеру.

Абутак. Даволі часта сустракаюцца чаравікі "Грындэрс", радзей - красоўкі. Няма белых шнуркоў, бо яны ўспрымаюць іх як атрыбут скінхэдаў.

Напісаць каментар 72

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках