4 траўня 2024, Субота, 23:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Украінскім палітыкам павінна быць сорамна за тое, што яны ціснуць руку Лукашэнку

7
Наталля Радзіна: Украінскім палітыкам павінна быць сорамна за тое, што яны ціснуць руку Лукашэнку
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА
ФОТА: РАСЦІСЛАЎ ГАРДОН/GORDONUA.COM

Трэба расследаваць кантрабандныя схемы гандлю паміж Украінай і Расеяй праз Беларусь.

Пра гэта ў інтэрв'ю ўкраінскаму выданню «Гордон» заявіла галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.

- Мы можам гадзінамі разважаць, чым скончыцца супрацьстаянне Беларусі і Расеі, і ўсё адно правільна нічога не спрагназуем. Затое дакладна можам сказаць ужо цяпер: з Лукашэнкам Беларусь у кожным выпадку нічога добрага не чакае, нават калі не будзе аншлюсу, акупацыі ці паглынання з боку РФ. Сапраўды гэтак жа, як нічога добрага не чакае Украіну, Польшчу, Літву і Латвію, якія мяжуюць з Беларуссю, пакуль Лукашэнка сядзіць там, дзе сядзіць. Таму што ён - стаўленік Расеі, марыянетка Крамля і іншым ніколі не стане.

- Наколькі, па-вашаму, Захад, асабліва пасля анэксіі Крыма і вайны на Данбасе, усведамляе рэальную пагрозу акупацыі Беларусі расейскімі «іхтамнетамі»?

- А дзе Захад быў у 1930-я гады, калі Гітлер акупаваў Аўстрыю і Чэхаславаччыну.У Захаду пазіцыя як заўсёды - лепш не лезці. Яны пачынаюць уключацца, калі ўсё ўжо адбылося, а да таго выказваюць «глыбокую заклапочанасць». У мяне на гэты конт няма ілюзій. Узброенае ўварванне Расеі ва Украіну і перамовы ў Менску пасля гэтага дапамаглі Лукашэнку легітымізавацца на Захадзе: з ізгоя і дыктатара ён ператварыўся ў цалкам свайго палітыка. І тут не апошнюю ролю, на жаль, адыгралі ўкраінскія палітыкі, і гэта ўжо не здзіўляе.

- Што вы маеце на ўвазе?

- Прэзідэнт Юшчанка ў свой час быў адвакатам дыктатара Лукашэнкі на Захадзе. Прэзідэнт Парашэнка запрасіў дыктатара Лукашэнку да сябе на інаўгурацыю, нягледзячы на тое, што беларус Міхаіл Жызнеўскі быў адным з першых забітых на Майдане.

Парашэнка або Турчынаў едуць да дыктатара Лукашэнкі і пытаюцца: «Ты ж нас папярэдзіш, калі Пуцін заплануе напасці на Украіну з тэрыторыі Беларусі?» І Лукашэнка ім адказвае: «Вядома, за дзень абавязкова папярэджу». Ну гэта ж маразм, бо Беларусь даўно пад кантролем Расеі, а Лукашэнка ніколі ў жыцці не адарвецца ад РФ!

Ва Украіне ніхто сістэмна не асвятляе сітуацыю ў Беларусі, украінцы даслоўна нічога не ведаюць, што ў нас адбываецца. Хочаце рэальна нам дапамагчы і прадухіліць пагрозу нападу яшчэ і з тэрыторыі Беларусі? Заклікайце сваіх палітыкаў больш адказна ставіцца да Беларусі, распавядайце, што там напраўду адбываецца. Украінскім палітыкам павінна быць сорамна за тое, што яны ездзяць у Беларусь і ціснуць руку Лукашэнку. Журналістам наогул варта расследаваць кантрабандныя схемы і гандаль паміж Украінай і Расеяй праз Беларусь, а таксама хто з украінскай улады і алігархаў актыўна гэта страхуе.

- Вы пра расейскія нафтапрадукты, якія завозяцца ва Украіну пад выглядам беларускіх?

- Ну вядома! Іх жа не Лукашэнка адзін прадае, а разам з Сечыным. Трэба расследаваць, хто тут, ва Украіне, узбагачаецца на гэтым неафіцыйным гандлі з краінай-агрэсарам. І адразу стане зразумела, чаму ўкраінскія тэлеканалы маўчаць на гэтую тэму. Маўчаць, таму што, магчыма, уладальнікі тэлеканалаў маюць у Беларусі бізнэс, завязаны на Лукашэнку.

Таксама неабходна падтрымаць беларускія незалежныя медыі і арганізаваць вяшчанне на тэрыторыю Беларусі ўкраінскіх тэлеканалаў і радыёстанцый, каб беларусы даведваліся пра падзеі ў вашай краіне не з расейскага тэлевізара.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках