4 траўня 2024, Субота, 12:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасля забойства міліцыянта ў Магілёве затрымалі дзясяткі цыганоў

Пасля забойства міліцыянта ў Магілёве затрымалі дзясяткі цыганоў

Цяпер пад вартай знаходзяцца амаль усе мужчыны двух раёнаў Магілёва.

16 траўня а 21.00 у раёнах Чапаеўка і Грынёва ў Магілёве міліцыя правяла рэйды ў дамах цыган.

Са слоў мясцовых жыхароў, з якімі пагутарылі журналісты «Радыё Свабода», цяпер пад вартай знаходзяцца амаль усе мужчыны. Затрыманыя нібыта звязаныя з учарашнім выкраданнем і забойствам міліцыянта.

«Мы ад міліцыі і даведаліся, што ў горадзе забілі міліцыянта», - кажа паджылая цыганка, яе сына і ўнукаў затрымалі ўчора ўвечары. Сваё імя яна баіцца называць.

У чацвер вечарам яна была ў гасцях, калі міліцыя ў масках і са зброяй ўварвалася ў дом і паклала усіх тварам у падлогу. У тым ліку жанчын.

Са слоў гэтай жанчыны і яе суседак, міліцыянты ўчора прыйшлі выключна ў дамы цыганоў у раёнах Чапаеўка і Грынёва. Частку жанчын таксама затрымалі, і яны правялі ноч у міліцыі. Потым жанчын адпусцілі, а блізу 30-40 мужчын дагэтуль застаюцца пад вартай.

«Сказалі, пакуль мы не знойдзем злачынцаў, нашы мужчыны будуць сядзець. Каб мы праз сваю цыганскую пошту шукалі тых людзей», - кажа жанчына.

Яна з дзяцінства жыве ў Магілёве і не памятае такіх маштабных аблаў на цыган.

«Хіба мы адказныя за ўсіх людзей нашай нацыянальнасці?», - кажа жанчына.

Цыганы кажуць, што з імі абыходзіліся вельмі жорстка. Аднаму мужчыну стала дрэнна ў міліцыі, і яго забралі ў шпіталь.

«Нам пагражалі, што не дадуць тут жыць спакойна», - кажа жанчына.

Чапаеўка і Грынёва - месцы пражывання цыганоў у Магілёве. Мясцовыя жыхары пацвярджаюць, што ўчора вечарам тут ездзіла шмат міліцэйскіх машын. Але невядома, каб затрымлівалі людзей іншых нацыянальнасцяў, акрамя цыганскай.

У адказ на пытанне, ці праўдзівая інфармацыя пра затрыманні цыганоў у Магілёве, прадстаўніца СК Юлія Ганчарова адказала:

«Супольна з аператыўнымі супрацоўнікамі міліцыі і экспэртамі працягваецца высвятленне абставін учыненага злачынства. Праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, дапытваюцца сведкі.

Ідуць мерапрыемствы, атрымліваем максімальна магчымую інфармацыю», - сказала Ганчарова.

Міліцыянт крымінальнага вышуку, які займаецца расследаваннем гэтай справы, на пытанне пра затрыманні цыганоў адказаў: «Мы ніякіх каментароў не даем, ёсць таямніца следства, таму без каментароў».

Атрымаць аператыўны каментар у прэс-службе УУС Магілёўскага аблвыканкама і ў Міністэрстве ўнутраных спраў пакуль не ўдалося.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках