4 траўня 2024, Субота, 12:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміста Сяргея Чалага аштрафавалі за «Чарнобыльскі шлях»

3
Эканаміста Сяргея Чалага аштрафавалі за «Чарнобыльскі шлях»
ФОТА: «НАША НІВА»

Сведкі-міліцыянты нават не змаглі правільна апазнаць эканаміста на судзе.

Вядомага эканаміста Сяргея Чалага аштрафавалі на 255 рублёў (10 базавых адзінак) за ўдзел у «Чарнобыльскім шляху» 26 красавіка. Такую пастанову вынес суд Савецкага раёну Менску 17 траўня, піша tut.by.

На Сяргея Чалага склалі пратакол на падставе ч.1 арт.23.34 КаАП. Раней ён паводле гэтага артыкула не прыцягваўся, сваю віну ў судзе эканаміст прызнаў. Падчас дачы тлумачэнняў адзначыў, што ў пратаколе няправільна паказаны ягоны маршрут: там пазначана, што Чалы разам з той калонай дайшоў да парку Дружбы народаў.

- У мяне быў крыху не такі маршрут, як пазначана ў пратаколе. Я дайшоў да «Рыгі» і пайшоў дадому, - адзначыў эканаміст.

Сведкамі ў судзе выступілі ўчастковыя інспектары Савецкага РУУС Нікіценка і Ласіцкі. Акрамя Чалага яны сярод удзельнікаў акцыі пазналі Ніну Багінская, Алену Талстую, Алега Трусава.

Ласіцкі распавёў, што 26 красавіка заступіў на ахову грамадскага парадку «ў цывільным адзенні». Ля Акадэміі навук блізу 17.30 гадзін, паводле звестак міліцыянта, сабралася з улікам журналістаў амаль 55 чалавек. Блізу 18 гадзін прысутныя «пазначылі сябе трыма сцягамі і адной таблічкай» і пачалі рухацца ў бок Сурганава.

- Пры гэтым ніхто нічога не выкрыкваў, калона проста рухалася і дайшла да парку, дзе стаіць памятны знак ахвярам Чарнобыля.

- Чалы быў ля Акадэміі навук, вы бачылі яго? - удакладніў суддзя Сяргей Шаціла.

- Так, ён быў у зялёнай куртцы і чырвонай кепцы (Так быў апрануты адзін з заяўнікаў акцыі, кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук. - Заўвага. Прымем). І ён прысутнічаў да заканчэння мерапрыемства, у парку ля памятнага знака таксама быў.

Чалы заявіў, што ён быў апрануты не так, як апісвае супрацоўнік міліцыі, і яшчэ раз адзначыў, што не дайшоў 26 красавіка да памятнага знака ахвярам Чарнобыля.

Другі сведка, інспектар Нікіценка, таксама заявіў, што Чалы ў складзе калоны дайшоў да парку Дружбы народаў.

- Хто-небудзь з супрацоўнікаў міліцыі звяртаўся да грамадзян, папярэджваў іх пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі? - удакладніў суддзя.

- Не, пры мне такога не было, - адказаў Нікіценка.

Сяргей Чалы паказаў суддзі сваю фатаграфію з акцыі, дзе відаць, што ён быў апрануты не так, як апісваюць міліцыянты, і маршрут з мапаў, усталяваных у тэлефоне, які пацвярджае, што эканаміст да парку Дружбы народаў не дайшоў.

Суддзя Шаціла адзначыў, што ў віну маршрут Чалага не залічваецца, а фота ёсць у матэрыялах справы. У выніку эканаміста аштрафавалі на 10 базавых адзінак.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках