20 лiпеня 2019, Субота, 19:54
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

ІП - Лукашэнку: Мы не тарбэшнікі і мяшочнікі

15
ФОТА: ВОЛЬГА ШУКАЙЛА/TUT.BY

Прадпрымальнікі адказалі на няўдалыя выказванні дыктатара.

У Менску сёння праходзіць чарговы форум прадпрымальнікаў. Гандляры сабраліся, каб абмеркаваць праблемныя пытанні, піша tut.by.

Сярод іх - канкурэнцыя з боку «азіяцкіх» крам, якія гандлююць танным таварам (але да якасці якога ёсць нямала пытанняў у чыноўнікаў), змены ў 222-і ўказ, які набіў аскому, эксперымент у маркіроўцы абутку.

Чарговы форум прадпрымальнікаў праходзіць у Доме Масквы ў Менску, на яго з'ехаліся амаль 200 ІП з 17 гарадоў, у тым ліку з Барысава, Гомеля, Беразіно, Кобрына, Віцебска, Маладзечна, Светлагорска, Слоніма, Магілёва, Наваполацка, Берасця. На мінулым форуме - з 19 гарадоў.

Прадпрымальнікі на форум запрашалі прадстаўнікоў многіх устаноў, але прыйшоў толькі прадстаўнік Мінэканомікі. Не змаглі прыйсці ў тым ліку прадстаўнікі Нацбанку, МПЗ, Дзяржстандарту. «У нас такія крыўдлівыя чыноўнікі, - заўважыў старшыня грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. - Поўнае ігнараванне форуму з боку ўладаў».

Да прыкладу, у МАРГ спаслаліся на занятасць, але даслалі ІП адказ паводле праблемных пытанняў. Распавялі ў тым ліку аб праверках крам, у якіх нізкімі коштах прадаюць тавар з Сярэдняй Азіі. Пытанні ў правяраючых ёсць амаль да ўсіх такіх гандлёвых месцаў, у якія яны прыходзяць з маніторынгамі.

Анатоль Шумчанка зачытаў выказванне Лукашэнкі ў «Пасланні да народа і парламента». Нагадаем, Лукашэнка адзначыў, што «апошнім часам у грамадстве толькі і чуваць «малы і сярэдні бізнэс, малы і сярэдні бізнэс». «Але давайце не будзем граху таіць - да чаго часам прыводзяць нашы заклікі да развіцця малога і сярэдняга бізнэсу. Да тарбэшнікаў і мяшочнікаў, як часта ў народзе кажуць. Нам гэтая перспектыва патрэбная? Не!» - заявіў дыктатар.

«Тарбэшнікі, мяшочнікі. Нам гэтая перспектыва патрэбная? - сказаў Анатоль Шумчанка. - Калі ІП няма месца ў эканоміцы Беларусі, то тады навошта з намі гуляць у кошкі-мышкі? - Параўноўваць ІП з тарбэшнікамі і мяшочнікамі на 30-м годзе станаўлення рынкавай эканомікі - неканструктыўная рыторыка. Мы не тарбэшнікі і мяшочнікі, мы - беларускі малы бізнэс, які рабіў, робіць і будзе рабіць жыццё мільёнаў беларусаў камфортным.

На ягоную думку «ў Беларусі ідзе палітыка знішчэння прадпрымальнікаў». Пры гэтым буйны бізнэс лабіюецца, перакананы Шумчанка.

- У Менску знішчылі ўсе шапікі, а сёння іх вяртаюць з дапамогай буйнога прадпрымальніка, - заявіў Шумчанка. - Пра якія роўныя ўмовы мы гаворым, калі «алігарх» можа паставіць «Табакерку», а ІП — не можа паставіць свой шапік?

Шумчанка таксама закрануў праблему сертыфікацыі тавару, увезенага ІП з-за мяжы. «У іншых краінах кітайскі і турэцкі тавар праходзіць сертыфікацыю, а ў нас чамусьці не», - адзначыў старшыня «Перспектывы».

Са слоў Шумчанкі, многія з ІП хацелі б займацца ў перспектыве вытворчасцю, але не маюць такой магчымасці. «Але як мы будзем адкрываць вытворчасць трусоў і шкарпэтак, калі побач будзе стаяць дзяржпрадпрыемства, якое будзе атрымліваць субсідыі? - задаў пытанне Шумчанка.

Нагадаем, раней індывідуальныя прадпрымальнікі сабралі амаль 7 тысяч подпісаў пад зваротам да Лукашэнкі. Прадпрымальнікі хочуць сустрэцца з ім і абмеркаваць з ім праблемы малога бізнэсу.

Шумчанка перакананы, што «сёння няма перспектывы, якую б мы хацелі бачыць, - добрая праца і годны заробак». Ён нагадаў, што амаль палова індывідуальных прадпрымальнікаў — 46% — плануе ліквідаваць свой бізнэс цягам найбліжэйшага часу. Прычым 20% - цягам года. Больш за ўсё ахвотных «сысці» ў Менску і Менскай вобласці — 51%.

Адна з прадпрымальніц з залы пацікавілася, як усталёўваць да касавых апаратаў сродкі кантролю падатковага органа, і хто адкажа на яе пытанне, калі ў зале няма прадстаўнікоў МПЗ. Жанчына эмацыйна дадала, што «чыноўнікі жывуць у шакаладзе, для сябе стварылі ўсе ўмовы — заробкі, пенсіі».

Нагадаем, у Беларусі для юрыдычных асоб раней увялі змены ў разліках з юрыдычнымі асобамі-нерэзідэнтамі - з 1 сакавіка для іх звужаная магчымасць выкарыстоўваць наяўную валюту. У большасці выпадкаў яны могуць звяртацца толькі да безнаяўных разлікаў. Новаўвядзенні закранулі і індывідуальных прадпрымальнікаў. Але пазней гэта патрабаванне для ІП скасавалі.

Калі ўлады нічога не зменяць у працы ІП, то многія з іх закрыюцца ў найбліжэйшыя некалькі гадоў.

— Але і ліквідацыя не дапаможа. Мы не зможам свой тавар прадаць. Калі пачнём яго прадаваць, то гэта будзе парушэнне заканадаўства, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць. Гэта замкнёнае кола — адзначыў дырэктар малога прадпрыемства «Інтэрсум» Сяргей Сумараў.

- Мне незразумела, як будзе далей развівацца сітуацыя. Сёння практычна ніхто не прыйшоў ад уладаў. Няма чаго сказаць? - задаў пытанне Анатоль Шумчанка.

- Будзе шмат нязручных пытанняў, адказаў на іх няма, - удакладніў адзін з прадпрымальнікаў.

- Хай яны тады з праверкамі не прыходзяць, - удакладніў другі ІП.

- Што мы будзем рабіць далей? — пацікавіўся ў залы Шумчанка.

Паводле звестак намесніка начальніка ўправы ўдасканалення дзелавога асяроддзя дэпартамента прадпрымальніцтва Мінэканомікі Валерыя Хомчанкі, цяпер у Беларусі працуе 246 тысяч прадпрымальнікаў. Гэта на 5 тысяч больш, чым на пачатак года.

- Заяўляць, што вы заўтра пойдзеце з рынкаў, таксама не трэба, - адзначыў Валерый Хомчанка.

Пры гэтым прадстаўнік Мінэканомікі пацікавіўся ў прадпрымальнікаў, чаму ІП з рэгіёнаў, якія ўключаныя ў працоўную групу па ІП пры структуры, не прыязджаюць на пасяджэнні.

- Мне выстарчыла аднаго адзінага пасяджэння. Нічога не зрушылася за тры гады, калі стваралася група, - растлумачыў адзін з прадпрымальнікаў.

- Павінны быць не прызначэнцы, а выбраныя ў працоўную групу ў пытаннях ІП — - дадаў другі прадпрымальнік з залы.

- Нам семінары не трэба, - адзначыў Шумчанка.