19 красавiка 2024, Пятніца, 10:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У рывок расейскай эканомікі не паверыў ніхто

6
У рывок расейскай эканомікі не паверыў ніхто

Паскарэнне Пуціна-Арэшкіна застанецца нязбыўнай марай, мяркуюць усе эканамісты з апытання ВШЭ.

Цудоўны эканамічны «рывок», які, паводле прагнозаў урада, павінен пачацца ў 2020-х гадах і выцягнуць Расею ў топ-5 найбуйнейшых эканомік свету, застаецца хімерай у вачах пераважнай большасці эканамістаў, паведамляе finanz.ru.

Апытанне прафесійных прагназістаў, праведзенае Вышэйшай школай эканомікі ў канцы красавіка, у якім узялі ўдзел 11 расейскіх і замежных інвестбанкаў, сем аналітычных цэнтраў, два інстытуты РАН і дзве буйныя карпарацыі («Лукойл» і «КамАЗ»), паказаў, што ніхто не верыць у паскарэнне росту да тэмпаў, вышэйшых за 3% у найбліжэйшыя 6 гадоў.

З 24 удзельнікаў даследавання толькі адзін экспэрт спрагназаваў 3-адсоткавы рост, і тое - толькі пасля наступнага электаральнага цыклу, у 2025 годзе.

Згодна з кансэнсус-прагнозам, расейская эканоміка дадасць 1,3% у існым годзе, 1,7% - у наступным, а затым аж да 2024 года ўпрэцца ў планку росту 1,8-2%. У параўнанні з папярэднім аналагічным апытаннем, якое праводзілася ў лютым, чаканні экспэртаў пагоршыліся - у суме на 0,2% ВУП за 6 гадоў.

Большасць экспэртаў зыходзяць з чаканняў, што кошты нафты будуць адносна стабільныя (65-67 даляраў за барэль Urals), а рубель будзе таннець плаўна - агулам на 1 рубель за даляр кожны год. Гэта радыкальна адрозніваецца ад ацэнак Мінэканамразвіцця, на якіх пабудаваныя ўсе эканамічныя і бюджэтныя праекціроўкі на наступныя 6 гадоў.

МЭР мяркуе, што эканоміка ўжо ў 2021-м годзе паскорыцца ўдвая - да 3,1%, а да 2024-га разгоніцца да 3,3%. Гэтаму дапамогуць нацыянальныя праекты на 25 трыльёнаў рублёў, фінансаваць якія бюджэт будзе за кошт падвышэння падаткаў і эканоміі на новым пенсійным узросце.

«Прарыў», як мяркуе МЭР, адбывацьмецца ва ўмовах падзення коштаў нафты: барэль Urals, які цяпер каштуе 72 даляры, налета патаннее да 59,7 даляра, а да 2024-га будзе каштаваць толькі 53,5 даляра.

Нягледзячы на гэта, рубель, згодна з афіцыйным прагнозам, застанецца стабільным: сярэдні курс складзе 65,1 рубля за даляр сёлета і 66,2 рубля - у 2022-м.

Эканамісты сыходзяцца з МЭР толькі ў тым, што сёлета эканоміка значна замарудзіцца - ВУП дадасць толькі 1,3%, адзначае ВШЭ. Рост вышэй 3%, які абяцае ўрад, для пераважнай большасці прагназістаў «выглядае нязбыўнай марай», рэзюмуюць аўтары даследавання.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках