21 лiпеня 2026, aўторак, 23:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З беларускіх аптэк знік папулярны прэпарат жалеза

2
З беларускіх аптэк знік папулярны прэпарат жалеза

Прэпарата няма ў наяўнасці ні ў адной аптэцы краіны.

З беларускіх аптэк знік папулярны прэпарат жалеза. Людзі не могуць знайсці ў аптэках «Феррэтаб комп» — сродак з жалезам і фалійнай кіслатой, які ўжываюць для лячэння і прафілактыкі жалезадэфіцытнай анеміі і схаванага дэфіцыту жалеза. У Беларусі ён адпускаецца без рэцэпту. Цяпер у Threads беларусы абмяркоўваюць, дзе знайсці лекі і чым іх можна замяніць, заўважыла выданне Hrodna.life.

«Жалезадэфіцытнікі, увага, пытанне: а куды «Феррэтаб» з Беларусі знік?» — напісала адна з карыстальніц.

Паводле даных сайта 103.by, цяпер прэпарата няма ў наяўнасці ні ў адной аптэцы Беларусі.

Пры гэтым на сайце Tabletka.by мінчанка Наталля яшчэ 16 чэрвеня цікавілася, калі «Феррэтаб комп» з’явіцца ў аптэках сталіцы. У адказ ёй паведамілі: «4-ы квартал». У Threads пад пастом беларускі нехта ўдакладніў, што прэпарат часова адсутнічае з-за перарэгістрацыі.

Аднак, згодна з Дзяржаўным рэестрам лекавых сродкаў, прэпарат «Феррэтаб» мае ў Беларусі бестэрміновую рэгістрацыю.

Магчыма, адной з прычын знікнення лекаў маглі стаць праблемы з якасцю асобных паставак. Год таму — у жніўні 2025 года — Міністэрства аховы здароўя на падставе паведамлення Дзяржфармнагляду прыняло рашэнне іззяць з абарачэння дзве канкрэтныя партыі капсул «Феррэтаб комп» аўстрыйскага вытворцы G.L. Pharma GmbH — серыі G06831 і F06988. Рэспубліканская кантрольна-аналітычная лабараторыя прызнала іх неякаснымі з-за неадпаведнасці паказчыкам колькаснага вызначэння двухвалентнага жалеза.

Некаторыя беларусы сутыкнуліся і з адсутнасцю іншых прэпаратаў жалеза. Адна з карыстальніц распавяла, што не змагла купіць у Шчучыне «Тардыферон» і цяпер збіраецца ехаць па лекі ў Гродна:

«Учора не змагла купіць «Тардыферон» у Шчучыне, давядзецца ехаць за 60 км у Гродна, там, нібыта, ёсць. Ён мне выдатна падымае ферытын і заадно якасць жыцця».

«Тардыферону» і праўда няма ў Шчучыне, як і ў Мастах або Бярозаўцы. Але ён ёсць у продажы, напрыклад, у Астраўцы, Ваўкавыску, Свіслачы, Слоніме, Гродне і Лідзе, паводле даных сайта 103.by.

Іншыя ўдзельнікі абмеркавання раяць шукаць прэпараты праз сайты аптэк і правяраць наяўнасць у розных гарадах. Адна з карыстальніц распавяла, што месяц таму знайшла «Феррэтаб» у Баранавічах, а пазней замовіла прэпарат з Расіі.

На пытанне, як замовіць лекі з Расіі, карыстальнікі адказалі, што куплялі прэпарат праз тэлеграм-чаты.

У каментарыях прапануюць некалькі альтэрнатыў «Феррэтабу». Сярод іх — ужо згаданы «Тардыферон», «Тотэма» і іншыя прэпараты жалеза.

Пры гэтым карыстальнікі адзначаюць, што прэпараты жалеза падыходзяць не ўсім аднолькава, таму самастойна змяняць прызначаны лекарам сродак не варта.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках