16 верасня 2026, Серада, 13:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі вызвалілі яшчэ 25 палітвязняў

11
У Беларусі вызвалілі яшчэ 25 палітвязняў
Вызваленыя палітвязні

(Абноўлена) Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коул апублікаваў першае фота.

У Беларусі на волю выйшлі яшчэ 25 палітвязняў.

Пра гэта спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коул паведаміў на сваёй старонцы ў Х. Ён таксама апублікаваў фота вызваленых 16 верасня палітвязняў.

«Сёння на волі 25 зняволеных! Прыхільнасць прэзідэнта Трампа да прамой дыпламатыі прыносіць вынікі. …Дзякуй нашым сябрам у Літве за падтрымку. Мы будзем і далей паляпшаць адносіны паміж ЗША і Беларуссю і працуем над вызваленнем яшчэ большай колькасці людзей у найбліжэйшай будучыні. Мы яшчэ не скончылі!», — напісаў Джон Коул.

Сярод вызваленых 16 верасня — актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алена Лазарчык.

Алене Лазарчык 51 год, яна ўдава актывіста і абаронцы Курапатаў Сяргея Мацкойця (ён памёр у 2023 годзе).

У верасні 2022 года Алену прысудзілі да 8 гадоў калоніі, яе абвінавацілі паводле артыкулаў аб абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК), стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» або ўдзеле ў ім (арт. 361-1 КК), распальванні варожасці (арт. 130 КК) і грубым парушэнні парадку (арт. 342 КК).

Пазней ёй дадалі яшчэ паўтара года калоніі паводле артыкула аб непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі (арт. 411 КК). З таго часу Алена знаходзіцца ў ІК-24 у Зарэччы, калоніі, куды накіроўваюць адбываць тэрмін жанчын, якіх асудзілі паўторна.

У Беларусі вызваляць 25 чалавек, а Злучаныя Штаты ў адказ здымуць санкцыі з двух беларускіх кампаній. Пра гэта па выніках перамоў у Мінску заявіў спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коул.

«У якасці жэста добрай волі Беларусь вызваліць 25 чалавек. Злучаныя Штаты, у сваю чаргу, здымуць санкцыі з двух беларускіх кампаній — «Лакокраска» і «Беллесбумпром», — заявіў Коул.

Перамовы амерыканскай дэлегацыі з беларускімі ўладамі праходзілі ў Мінску 15 і 16 верасня.

Спецпасланнік ЗША падкрэсліў, што бакі працягнуць працу над астатнімі пытаннямі. Паводле яго слоў, у выпадку дасягнення новых дамоўленасцяў могуць паследаваць чарговыя вызваленні людзей і далейшае зняцце амерыканскіх санкцый з беларускіх прадпрыемстваў.

«Калі ўсе пытанні будуць вырашаныя і ўзгодненыя абодвума бакамі, паследуюць дадатковыя вызваленні людзей і зняцце санкцый з беларускіх кампаній», — заявіў Коул.

Напярэдадні Джон Коул сустрэўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам. Адной з тэм перамоў было вызваленне зняволеных. Перад візітам у Беларусь спецпасланнік ЗША знаходзіўся ў Вільні, дзе абмяркоўваў з кіраўніком МЗС Літвы Кястутісам Будрысам, у тым ліку, сітуацыю з беларускімі палітвязнямі.

Раней Коул заяўляў, што разлічвае на новыя вызваленні зняволеных у Беларусі прыкладна ў сярэдзіне верасня.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках